Пастановай Савета Міністраў зацверджана Праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва Беларусі на 2022–2025 гады. Яе мэта – фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці на аснове адзіных каштоўнасцей, выхаванне гонару за ўласную краіну, яе гісторыю і культуру, дасягненні ў эканоміцы, навуцы і спорце, гатоўнасці да абароны незалежнасці Беларусі. Праграма прадугледжвае выкананне комплексу задач па духоўна-маральным, гісторыка-культурным, грамадзянскім, ваенна-патрыятычным выхаванні.
Адказваюць за рэалізацыю праграмы розныя ведамствы, але вядучая роля адводзіцца сістэме адукацыі. Любоў да Радзімы неабходна закладваць з самага ранняга ўзросту. Таму ва ўстановах адукацыі рэалізуюцца праекты, разлічаныя на ўсе этапы фарміравання асобы. У кожнай школьнай бібліятэцы ёсць літаратура па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Дапаможнік «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь» уручаецца кожнаму школьніку разам з пашпартам. Яшчэ адно выданне «Гонар за Беларусь» распавядае аб дасягненнях краіны ў перыяд незалежнасці.
Год гістарычнай памяці актывізаваў такі накірунак, як ваенна-патрыятычнае выхаванне. Выкарыстоўваецца вопыт, які быў напрацаваны ў савецкі час. У Беларусі захавалася сістэма кадэцкай адукацыі, зараз у кожнай вобласці і ў Мінску ёсць кадэцкае вучылішча. Таксама развіваецца сістэма профільных ваенна-патрыятычных класаў. У Беларусі больш за 300 пошукавых атрадаў, якія створаны на базе ўстаноў адукацыі. У большасці школ маюцца свае музеі. 200 з іх ваенна-гістарычнага профілю. Практычна ва ўсіх астатніх ёсць экспазіцыя, прысвечаная ваеннай гісторыі Беларусі. Таксама на базе школ, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ствараюцца патрыятычныя клубы.
Яшчэ адным дасягненнем сістэмы адукацыі называюць увядзенне ў школах пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Як правіла, яе займаюць людзі, знаёмыя з ваеннай службай, якія асабістым прыкладам здольныя сфарміраваць пазітыўнае стаўленне да арміі і якасці, што патрэбныя абаронцу Айчыны.
Практыка распрацоўкі такіх дакументаў, як праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва, не новая. Ёсць не толькі свой вопыт, але і міжнародны, такія праграмы прымаліся і ў нашых суседзяў, і ў далёкіх краінах.
У свой час Міністэрствам адукацыі Францыі было прынята рашэнне ўвесці на пастаяннай аснове ў пачатковых класах урокі патрыятычнага выхавання. Юныя французы да шасці гадоў павінны разумець змест гімна «Марсельеза», распазнаваць сцяг краіны і ведаць, што галоўным нацыянальным святам з'яўляецца Дзень узяцця Бастыліі. У восем гадоў школьнікі павінны ведаць на памяць гімн, усе афіцыйныя сімвалы Францыі. Да дзесяці гадоў разумець значэнне нацыянальнага дэвізу «Свабода. Роўнасць. Братэрства», умець расказаць гісторыю французскага трыкалора.
На ўсіх этапах школьнага навучання праводзяцца заняткі, мэта якіх – прывіць дзецям любоў да Радзімы, растлумачыць змест паняццяў, замацаваных у Канстытуцыі. Настаўнікі гуманітарных прадметаў абмяркоўваюць розныя аспекты грамадскага жыцця краіны, яе сацыяльнага ладу. На занятках даецца ўяўленне пра армію і нацыянальную бяспеку. Асаблівая ўвага ў школе надаецца захаванню нацыянальнай культуры і традыцый. Патрыятызм заўсёды быў неад'емнай часткай менталітэту грамадзян Францыі. Таму такія ўрокі ў першую чаргу важныя для дзяцей, якія нарадзіліся ў сем'ях мігрантаў.
Сёння Кітай – найбуйнейшая ў свеце краіна па аб'ёмах прамысловасці, лідар па маштабах вытворчасці электраэнергіі, працягласці высакахуткаснай чыгункі, на першым месцы па вытворчасці збожжавых і мяса. У Кітаі патрыятычнае выхаванне моладзі цесна звязана з эканамічнымі поспехамі краіны. Пра гэта расказваюць яшчэ ў дзіцячым садку, каб з ранняга ўзросту даць уяўленне аб краіне, выхаваць пачуццё нацыянальнай ідэнтычнасці і адзінства, навучыць паважаць і выконваць закон, разумець канстытуцыйныя правы і абавязкі.
У большасці як дзяржаўных, так і прыватных школ ЗША цырымонія ўзняцця сцяга краіны і вымаўленне клятвы на вернасць сцягу праходзіць штодня.
У Аўстраліі цырымоніі ўздыму нацыянальнага сцяга ў школах праводзяцца ў дні дзяржаўных святаў. Акрамя таго, школы па жаданні могуць уздымаць сцяг у пачатку кожнага навучальнага дня.
У многіх школах Індыі заняткі пачынаюцца з лінейкі, выканання нацыянальнага гімна і чытання прысягі на вернасць краіне.
У дзяржаўных школах Турцыі цырымонія ўзняцця сцяга і выканання нацыянальнага гімна прадугледжана на пачатку і ў канцы навучальнага тыдня.
А ў школах Узбекістана перад заняткамі вучні спяваюць гімн, а на перапынках гучаць вершы і песні пра Радзіму.