Падзяліцца:
«Паралелі. Энергетычны крызіс у Еўропе». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.07.2022
«Паралелі. Энергетычны крызіс у Еўропе». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

У гэтым месяцы прыродны газ у Еўропе зноў даражэў, яго кошт перавышаў 1900 долараў за тысячу кубічных метраў упершыню з сакавіка. Чакаецца, што наступны год таксама будзе вельмі цяжкім для Еўропы. І хутчэй за ўсё гэтыя праблемы пяройдуць ў 2024-ты. Пра што гаворыцца ў матэрыяле Bloomberg.

Дэфіцыт газу можа справакаваць «бітву за размеркаванне» паліва сярод еўрапейскіх краін. Пра гэта паведамляе газета Die Welt. Ёсць асцярогі, што ўнутры ЕС паўстануць сур’ёзныя канфлікты, як у 2015 і 2016 гадах, калі быў крызіс з бежанцамі і спрэчкі аб іх размеркаванні.

Краінам таксама прыйдзецца канкурыраваць з азіяцкімі пакупнікамі, каб забяспечыць бесперабойнасць паставак у патрэбных аб’ёмах. Традыцыйна Азія пачынае актыўны імпарт летам. Аднак трэйдары пакуль устрымліваюцца ад закупак. Яны не гатовыя плаціць па анамальна высокіх цэнах, як Еўропа. Але вымушаны будуць гэта рабіць зімой, лічаць эксперты.

Еўрапейскія краіны актыўна шукаюць альтэрнатыўныя крыніцы паставак газу, каб знізіць імпарт з Расіі. У прыватнасці, пошукі варыянтаў цяпер вядуцца ў Афрыцы. Большасць афрыканскіх краін практычна ўвесь здабыты газ адпраўляе ў Еўропу. Аднак ЕС хоча яшчэ больш. Італія ў красавіку заключыла новыя здзелкі з Анголай і Конга, а Германія плануе дамовіцца аб пастаўках з Сенегала. І гэта нягледзячы на тое, што Еўропа не заахвочвае выкарыстанне газу і іншых выкапнёвых відаў паліва для дасягнення глабальных мэт у галіне клімату.

Газ доўгі час выклікаў спрэчкі з пункту гледжання клімату: ён чысцей, чым іншыя віды паліва, але забруджвае навакольнае асяроддзе вугляродам. Таксама адбываюцца ўцечкі метану, які выклікае парніковы эфект. Цяпер пазіцыя Еўропы ў дачыненні да прыроднага газу змянілася. А Германія, Аўстрыя і Нідэрланды разглядаюць выкарыстанне нават вугалю.

Разам з тым, Еўрапарламент усё ж зацвердзіў новыя меры барацьбы з пацяпленнем клімату. Што азначае яшчэ большае павышэнне расходаў на ацяпленне дамоў і падаражанне бензіну. Гэта звязана з тым, што сістэма гандлю квотамі на эмісію парніковых газаў у Еўропе распаўсюдзіцца на будаўніцтва і транспарт. Прыватнае жыллё таксама акажацца пад дзеяннем новага закона. Фактычна будзе ўведзены «падатак на трубу» як на дымавую, так і на выхлапную. Мяркуецца, што ўладальнікі дамоў і кватэр з недастаткова «зялёнымі» сістэмамі ацяплення павінны будуць за гэта даплачваць. Што тычыцца аўтамабільнага паліва, то яго кошт могуць павялічыць, каб заахвоціць аўтамабілістаў купіць электрамабіль або перасесці на веласіпед. Неабходнасць купляць дазволы на выкіды шкодных газаў адчувальна паўплывае на ўзровень даходаў. Будаўніцтва, ацяпленне дамоў і паліва для аўтамабіляў непазбежна стануць яшчэ даражэй, што можа выклікаць сацыяльныя хваляванні.

У Германіі прызналі, што высокія цэны на газ і электрычнасць застануцца надоўга. Тым не менш, абмяркоўваць перспектывы атамнай энергетыкі пакуль не гатовы. Эксплуатацыя АЭС у Германіі завяршаецца сёлета. Аднаўленне іх працы можа быць расцэнена як пройгрыш у вырашэнні экалагічнага парадку.

Раней кіраўнік Мінэканомікі ФРГ заявіў у тым ліку аб больш актыўным выкарыстанні вугальнай генерацыі. Гэта азначае павелічэнне колькасці вугальных электрастанцый на пераходны перыяд. Што таксама вельмі няпростае рашэнне з пункту гледжання барацьбы са змяненнем клімату.

The Financial Times ацэньвае, што эканоміка Германіі апынулася ў горшым энергетычным крызісе з 70-х гадоў. Рост цэн на газ прымушае прадпрыемствы і муніцыпалітэты зніжаць тэмпературу гарачай вады, ацяплення, магутнасць вулічнага асвятлення і закрываць басейны. Шэраг арэндадаўцаў пачалі скарачаць падачу гарачай вады ў кватэры з-за высокіх цэн на газ і электрычнасць. Калі ж Германія адмовіцца ад расійскага газу, гэта выклікае беспрэцэдэнтны шок для эканомікі, супастаўны па маштабах з адначасовым крахам банка Lehman Brothers і надыходам пандэміі COVID-19.

Курс долара да сусветных валют застаецца на рэкордным з 2002 года ўзроўні. Еўра набліжаецца да парытэту з амерыканскай валютай, у той час як інвестары ацэньваюць рызыкі, якія нясе энергетычны крызіс. Чакаецца паскарэнне інфляцыі, што, у сваю чаргу, правакуе еўрапейскі Цэнтрабанк рэзка павысіць працэнтныя стаўкі. Такой жа палітыкі прытрымліваецца і Федэральны рэзерв ЗША. А рэзкае павышэнне працэнтнай стаўкі можа прывесці да рэцэсіі эканомікі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: