Падзяліцца:
«Паралелі. Газавы крызіс у Еўропе». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.10.2021
«Паралелі. Газавы крызіс у Еўропе». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Цана на газ у Еўропе абнаўляе гістарычныя рэкорды. 28 верасня яна ўпершыню пераадолела псіхалагічны бар'ер у 1000 долараў за тысячу кубаметраў. На таргах 29 верасня дасягнула 1040 долараў, 30 верасня замацавалася на ўзроўні 1178. А ў першы дзень кастрычніка практычна ўзяла планку ў 1200 долараў за тысячу кубічных метраў. Адначасова з газам даражэе нафта. Так, на мінулым тыдні цана нафты Brent упершыню з 2018 года перавысіла 80 долараў за бараль.

Прычын некалькі. Першая – надвор’е. Апошнія гады зімы былі вельмі мяккія, спажыванне газу для ацяплення зніжалася, шмат ішло размоў пра глабальнае пацяпленне. У такіх умовах вытворцы сталі зніжаць здабычу і менш інвесціраваць у распрацоўку новых радовішчаў. У прыватнасці, у апошнія гады скарацілі здабычу такія буйныя ігракі, як Нарвегія і Алжыр. Але мінулая зіма ўсё змяніла: анамальныя маразы прывялі да рэзкага попыту на паліва, што прымусіла многія краіны амаль спустошыць рэзервы ў газасховішчах.

Адыграў сваю ролю каранавірус. Чаканні глабальнай рэцэсіі таксама не спрыялі росту ўкладанняў у разведку і здабычу. Аднак рэальнасць апынулася нашмат лепш за прагнозы: сусветная эканоміка ўжо летам мінулага года пачала хутка аднаўляцца, да чаго вытворцы сыравіны былі не гатовы. Гэта тычыцца не толькі нафтагазавага сектара: у свеце растуць цэны на сталь, медзь і алюміній.

У выйгрышы апынуліся тыя, хто заключыў доўгатэрміновыя кантракты, яны па-ранейшаму атрымліваюць тысячу кубаметраў газу па цане крыху вышэй за 200 доллараў. Астатнія бяруць газ на рынку па новай цане больш за 1000 долараў. Якой бы высокай не была цана, газ прыходзіцца купляць, паколькі запоўненасць еўрапейскіх падземных газасховішчаў складае цяпер каля 30% ад сярэдняга ўзроўню за апошнія гады.

Цана для Беларусі на расійскі прыродны газ на 2022 год захаваецца на ўзроўні гэтага года: 128 з паловай долараў за тысячу кубаметраў, у той час як на еўрапейскім рынку яна зараз вышэй амаль у 10 разоў. Пры гэтым да 1 снежня 2023 года будзе падпісаны дакумент па стварэнні аб’яднанага рынку газу ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, краіны ЕАЭС зараз распрацоўваюць пакет дакументаў па стварэнні агульных рынкаў электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў. Як гэта адаб’ецца на тарыфах на энерганосьбіты ў краінах саюза? У Еўразійскай эканамічнай камісіі лічаць, што гэта павысіць даступнасць энергарэсурсаў і для насельніцтва, і для суб'ектаў гаспадарання. Нагадаем, агульныя рынкі павінны запрацаваць да 1 студзеня 2025 года. Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС ужо зацвердзілі канцэпцыі і праграмы іх фарміравання. Па ўсіх трох рынках запланавана выкарыстанне механізмаў біржавога гандлю, што забяспечыць празрыстасць цэнаўтварэння.

Тым часам у Вялікабрытаніі назіраўся ажыятажны попыт на бензін. Ад аўтазаправак ўздоўж дарог працягнуліся велізарныя чэргі з машын. Чэргаў не было толькі там, дзе бензін скончыўся. Гэтыя цяжкасці патлумачылі недахопам вадзецеляў бензавозаў. Урад нават пагадзіўся запрасіць на працу вадзіцеляў з Еўропы і прывёў армію ў стан павышанай гатоўнасці, каб справіцца з паліўным крызісам. Мяркуецца, што ў выпадку неабходнасці ваенныя вадзіцелі перасядуць за руль бензавозаў і будуць развозіць паліва па аўтазапраўках. Таксама брытанскі ўрад вярнуўся да ідэі будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі, каб знізіць залежнасць ад паставак электраэнергіі. Зараз у краіне дзейнічае 15 рэактараў, на долю якіх прыпадае каля 17% у энергетычным балансе Злучанага каралеўства.

Дэфіцыт газу ў Еўропе можа выклікаць рост цэн і перабоі з харчаваннем. Пачалі расці рахункі за святло і газ, некаторыя краіны таксама сутыкнуліся з недахопам угнаенняў. Аптовыя цэны на прыродны газ выраслі да рэкордных значэнняў у Вялікабрытаніі, Францыі, Іспаніі, Германіі, Італіі. Жыхары Германіі, якія ацяпляюць жыллё газам, рыхтуюцца да рэзкага росту цэн на энерганосьбіты. Эксперты папярэджваюць, што набліжаецца самая дарагая зіма за ўсе часы. Многія камунальныя прадпрыемствы павысілі тарыфы, паколькі газ у Еўропе зараз дарагі, а запасы ў сховішчах памяншаюцца.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: