Падзяліцца:
«Паралелі. «Гульні» з часам». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.10.2021
«Паралелі. «Гульні» з часам». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

У 1784 годзе вядомы амерыканскі палітык Бенджамін Франклін знаходзіўся ў Парыжы і пажартаваў: «Калі перавесці стрэлкі гадзінніка наперад, то можна выкарыстоўваць светлы час дня для працы, па вечарах не запальваць свечак, а дзяржава можа зэканоміць круглую суму!»

Нечакана гэту прапанову многія ўспрынялі ўсур’ёз. У свой час самым вялікім прыхільнікам ідэі акзаўся будучы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль, але і яму не адразу ўдалося ажыццявіць падобную рэформу. Упершыню гэта адбылося ў 1916 годзе.

Як паказвае гісторыя, рашэнне аб пераходзе на летні і зімовы час у розных краінах не раз прымалася і адмянялася. У еўрапейскіх краінах у гады эканамічнага ўздыму пра пераход на летні час ніхто не казаў. Але пасля нафтавага крызісу 1973 года зноў успомнілі аб магчымасці эканоміць рэсурсы з дапамогай павелічэння светлавога дня. Першай на гэта пайшла Францыя, а ў 80-х гадах мінулага стагоддзя перавод стаў рэальнасцю на ўсім кантыненце.

У Беларусі сезонны перавод часу дзейнічаў з 1981 па 1989 год. Затым ненадоўга ён быў адменены, а ў 1991 годзе зноў адноўлены. Пасля гэтага яшчэ 20 гадоў мы пераводзілі час наперад і назад двойчы ў год. І, нарэшце, у 2011-ым гісторыя з пераходам у Беларусі скончылася. А ў 2014-ым Расія перайшла на новы парадак вылічэння часу. І зараз беларускі час супадае з маскоўскім, паколькі розніца ў гадзіну знікла.

У Еўрасаюзе дзейнічае адзінае правіла пераходу на зімовы і летні час, стрэлкі гадзіннікаў пераводзяцца ў апошнюю нядзелю сакавіка на гадзіну наперад і ў апошнюю нядзелю кастрычніка – на гадзіну назад. У 2019-м Еўрапарламент прагаласаваў за адмену штогадовага пераходу на зімовы і летні час з 2021 года. У грамадскіх кансультацыях прынялі ўдзел некалькі мільёнаў еўрапейцаў, 84% выказаліся супраць змены часу. Першапачаткова пераход на летні час быў уведзены для зніжэння энергаспажывання. Але аналіз у шэрагу краін паказаў, што эканомія мінімальная. Летні час таксама не аказаў значнага ўплыву на сельскую гаспадарку, транспарт або турызм.

Меркавалася, што краіны-члены ЕС павінны вызначыць, якога часу – летняга ці зімовага – яны ў доўгатэрміновай перспектыве будуць прытрымлівацца на сваёй тэрыторыі. Апошні перавод планаваўся ў сакавіку сёлета. Але дамовіцца па гэтым пытанні не ўдалося. Набліжаецца канец кастрычніка, дата, калі заканчваецца перыяд летняга часу, а многія краіны зноў рыхтуюцца пераводзіць стрэлкі. Сярод іх суседняя Украіна, з якой зімой розніца ў часе будзе складаць адну гадзіну.

Зімовы і летні час у Чэшскай Рэспубліцы па-ранейшаму будзе мяняцца, як і раней. Урад краіны ўжо зацвердзіў графік на 5 гадоў наперад. Нягледзячы на меркаванне жыхароў, традыцыйны пераход на зімовы час адбудзецца 31 кастрычніка і ў Германіі. Яшчэ ў лютым Інстытут вывучэння грамадскай думкі правёў апытанне жыхароў адносна пераходу на зімовы час. Вынікі паказалі, што 72% немцаў катэгарычна супраць. 24% лічаць такую «гульню» з часам небяспечнай для здароўя. 85% рэспандэнтаў узгадалі пра парушэнні звыклага біялагічнага рытму і стомленасць.

З пункта гледжання медыцыны дэпрэсіўны стан у перыяд пераводу часу з’яўляецца следствам збою ўнутранага ладу. Пры змене рытмаў арганізму даводзіцца наладжваць іх па-новаму. У залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей у адных пабочныя сімптомы праходзяць праз некалькі дзён. Але ёсць выпадкі, калі адаптыўны перыяд працягваецца дастаткова доўга і суправаджаецца дрэнным самаадчуваннем.

Зараз дзясяткі краін працягваюць эксперыменты з часам. Дзесьці сістэма здаецца вельмі заблытанай. Напрыклад, у Мексіцы сто гадоў таму былі створаны дзве часавыя зоны. Цяпер іх чатыры. Некаторыя мексіканскія штаты жывуць па адным часе з суседнімі амерыканскімі. Адны тэрыторыі краіны пераходзяць на летні час, іншыя не. Падобна на тое, што адзіная пазіцыя ў свеце па гэтым пытанні будзе выпрацавана яшчэ вельмі няхутка.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: