Маладым людзям, якія нарадзіліся ў XXI стагоддзі, складана растлумачыць, як іх бацькі абыходзіліся без інтэрнэту, смартфонаў і камп’ютараў. Сапраўды шмат чыталі кніг, якія выдаваліся мільённымі тыражамі. Хадзілі ў бібліятэкі, выпісвалі па некалькі газет. Тэлеканалаў было ўсяго два-тры. Праграму перадач на тыдзень уважліва праглядалі. Каб не прапусціць любімую перадачу, час эфіру абводзілі кружочкам. Радыё было добрым сябрам практычна ў кожным доме, яго нават ніколі не выключалі.
Зараз іншы час, і лідарства захопліваюць новыя медыя. Інтэрнэт стаў адной з асноўных крыніц атрымання навін і прасторай для зносін. Ім карыстаюцца 60% насельніцтва свету. У Беларусі гэты паказчык значна вышэйшы – больш за 85%. А 71% насельніцтва выходзіць у сетку штодня.
Усё больш людзей атрымліваюць інфармацыю праз сацыяльныя сеткі і мэсанджары. У свеце больш за 4 мільярды іх карыстальнікаў. Кожны чалавек цяпер праводзіць на гэтых платформах у сярэднім 2 гадзіны 25 хвілін у дзень! І беларусы не выключэнне. У нашай краіне значная доля трафіку прыходзіцца на сацыяльныя медыя. Найбольш папулярны мэсанджар у беларусаў Viber, яго выбіраюць 87% карыстальнікаў, Telegram маюць 56%, WhatsApp – 46. Самая масавая сацыяльная сетка – «УКантакце», яна мае 3,8 мільёна карыстальнікаў у Беларусі, на другім месцы Instagram – 3,2 мільёна, на трэцім месцы – «Аднакласнікі» з 2,8 мільёна. Facebook мае ў нашай краіне 750 тысяч карыстальнікаў.
Беларусы маюць доступ да розных медыярэсурсаў. У Міністэрстве інфармацыі зарэгістравана больш за 1600 друкаваных і 261 тэлерадыёвяшчальнае СМІ. Абсалютная большасць з іх (1275) – недзяржаўныя. Таксама ў нас распаўсюджваюцца каля трох тысяч замежных СМІ, большасць – рускамоўныя. Але даступнасць інтэрнэту вывела глабальную сетку ў разрад вядучых крыніц інфармацыі.
Інтэрнэт адкрывае хуткі доступ да навін, і любы з нас можа аператыўна падзяліцца імі з сябрамі або падпісчыкамі. Мы добра разумеем, што інфармацыя ў сетцы розная. Нярэдка можна сустрэць неправераныя, а часам наўмысна скажоныя звесткі, якія прынята называць «фэйкамі».
У розных краінах свету задумваюцца, як абараніць людзей ад інфармацыі, якая нясе шкоду. У Германіі ў 2017 годзе прыняты закон «Аб абароне правоў карыстальнікаў сацыяльных сетак». Ён абавязвае сеткі, у якіх больш за два мільёны карыстальнікаў у ФРГ, на працягу 24 гадзін з моманту атрымання скаргі выдаляць пасты, што змяшчаюць заклікі да нянавісці і лжывую інфармацыю. Сёлета Еўрапейскі парламент прыняў закон, які патрабуе ад інтэрнэт-кампаній выдаляць або адключаць доступ да кантэнту, пазначанага як тэрарыстычны на працягу гадзіны пасля паведамлення нацыянальных улад.
У Беларусі сур’ёзным крокам у абароне інфармацыйнай прасторы стаў шэраг навацый у заканадаўстве па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі. Многія змены накіраваны на рэгуляванне праваадносін у інтэрнэт-прасторы. У прыватнасці, пашыраны пералік асоб, якія не маюць права выступаць у якасці заснавальнікаў СМІ. Гэта тычыцца ў тым ліку і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, у дачыненні да якіх прынятыя рашэнні аб абмежаванні доступу. Таксама ўстаноўлены шэраг забарон на стварэнне і працу СМІ з замежным удзелам. Пашыраны пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена як у СМІ, так і на інтэрнэт-рэсурсах. У гэты пералік, у прыватнасці, уваходзіць: недакладная інфармацыя; інфармацыя, накіраваная на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або змяшчае заклікі да такой дзейнасці; іншая інфармацыя, распаўсюджванне якой здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Істотна зменены падыход да прававога статусу журналіста СМІ. Так, у мэтах недапушчэння распаўсюджвання «фэйкавых» навін, забаронена выкарыстанне правоў журналіста СМІ для фальсіфікацыі інфармацыі, а таксама распаўсюджвання недакладнай інфармацыі пад выглядам дакладных звестак.
Уведзена магчымасць пазбаўлення акрэдытацыі журналіста СМІ, калі ім было ўчынена наўмыснае супрацьпраўнае дзеянне падчас прафесійнай дзейнасці. Міністэрства інфармацыі, разам з судом, валодае паўнамоцтвамі па прыняцці рашэння аб спыненні выпуску СМІ (напрыклад, у выпадку вынясення двух і больш пісьмовых папярэджанняў). Замацоўваецца магчымасць абмежавання доступу да копіі інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога раней быў абмежаваны.
Але многае залежыць ад канкрэтнага карыстальніка інтэрнэту. Кожны чалавек сам павінен вырашыць, якой інфармацыі давяраць, якія матэрыялы лічыць праўдзівымі, а якія «фэйкавымі».