Падзяліцца:
«Паралелі. Кіберзлачынцы атакуюць пенсіянераў». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.01.2021
«Паралелі. Кіберзлачынцы атакуюць пенсіянераў». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Чым больш становіцца абанентаў сотавай сувязі, трымальнікаў банкаўскіх картак, карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт, тым больш учыняецца злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Гэта не здагадка, а рэальнасць, пацверджаная статыстыкай. Пераважную большасць кіберзлачынстваў складаюць крадзяжы грошай шляхам завалодання рэквізітамі банкаўскіх картак. Толькі ў Мінску за мінулы год распачата 7,5 тысяч спраў па артыкуле 212 Крымінальнага кодэксу (крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, спалучаны з несанкцыянаваным доступам да камп’ютарнай інфармацыі). А яшчэ два гады таму такіх злачынстваў было менш за паўтары тысячы.

У шэрагу выпадкаў зламыснікі завалодвалі рэквізітамі банкаўскіх карт з дапамогай фішынгавых старонак, якія імітуюць гандлёвую пляцоўку Kufar. Праз розныя мэсанджары з прадаўцамі вялася перапіска. Пацярпелым прапаноўвалі перайсці па спасылцы на падробленую старонку, вельмі падобную на старонку пляцоўкі Kufar. Потым людзі ўводзілі рэквізіты сваёй банкаўскай карты, куды ім абяцалі перавесці перадаплату. Аднак прадаўцы грошай не атрымлівалі, наадварот, сродкі спісвалі з іх картак. Вось тыповы прыклад. Мінчанін размясціў аб’яву аб продажы мікрахвалевай печы. Патэнцыяльны пакупнік праз месенджар даслаў падробленую спасылку. Замест папаўнення балансу, прадавец страціў амаль тысячу рублёў.

Акрамя гэтага, у зводках працягваюць фігураваць крымінальныя справы, узбуджаныя па факце крадзяжу грашовых сродкаў ілжэсупрацоўнікамі банкаў. Зламыснікі звоняць пацярпелым на мабільныя тэлефоны, прадстаўляюцца работнікамі розных банкаў і пад надуманымі падставамі выманьваюць рэквізіты банкаўскіх карт і пашпартныя даныя. Так, 50-гадоваму мінчаніну паступіў званок з невядомага нумара, дзяўчына прадставілася работніцай банка і патлумачыла, што па рахунку кліента ажыццяўляюцца несанкцыянаваныя аперацыі. Каб адмяніць іх, неабходна паведаміць даныя карты. Усю неабходную інфармацыю пацярпелы расказаў, а пасля з яго рахунку выкралі больш за тысячу рублёў. Аналагічная сітуацыя адбылася з 66-гадовай мінчанкай. Пасля званка лжэсупрацоўніка банкаўскай установы яна страціла больш за 10 тысяч рублёў.

Толькі ў жыхароў Маладзечанскага раёна за мінулы год кібермахляры выкралі 280 тысяч рублёў. Асабліва асцярожным трэба быць, калі прыходзіць паведамленне або званок з невядомага нумара ў Viber. У якасці фатаграфіі можа стаяць лагатып банка. Падобныя злачынствы ўчыняюцца кожны дзень і ў новым годзе. 35-гадоваму жыхару Маладзечна ў Viber паступіў званок нібыта з Беларусбанка. Мужчына паведаміў рэквізіты дзвюх банкаўскіх карт. Улоў ашуканцаў склаў больш за 2 з паловай тысячы. Па такой жа схеме злачынцы ўкралі амаль 3 тысячы ў пенсіянеркі. Вядома, не абышлося без перакананняў і псіхалагічных прыёмаў.

Крычаўскі раённы аддзел Следчага камітэта расследуе крымінальную справу па факце завалодання грашовымі сродкамі ашуканскім шляхам у буйным памеры. Гаворка ідзе пра 6 з паловай тысяч долараў. 56-гадовая жыхарка Крычава ў сацыяльнай сетцы пазнаёмілася з мужчынам, які прадставіўся генералам арміі ЗША. Месяц паміж імі ішла перапіска, мужчына абяцаў ажаніцца і пераехаць у Беларусь. Але каб пераправіць рэчы, папрасіў беларуску зрабіць грашовы перавод на імя двух грамадзян Турэцкай Рэспублікі! Спачатку пацярпелая перавяла 1,5 тысячы долараў. Пасля гэтага пазычыла ў знаёмага 5 тысяч долараў, якія таксама перавяла за мяжу. І толькі пасля гэтага западозрыла падман і звярнулася ў праваахоўныя органы. А тым часам так званы генерал арміі працягвае весці перапіску з пацярпелай, запэўнівае, што абавязкова пераедзе ў Беларусь. Але для гэтага трэба ўсяго толькі пералічыць яшчэ паўтары тысячы долараў.

Праваахоўнікі пераканаўча просяць не давяраць незнаёмцам, якія пад рознымі падставамі ўваходзяць у давер, выманьваюць персанальныя даныя або грошы. Пры выкарыстанні гандлёвай пляцоўкі Kufar рабіць усе дзеянні выключна на самой платформе. Не пераходзіць па спасылках, якія высылаюць невядомыя суразмоўцы. Нікому нельга даваць нумар банкаўскай карты, тэрмін яе дзеяння, трохзначны код з адваротнага боку карты і пароль ад інтэрнэт-банкінгу. Памятаць, што ні пры якіх абставінах супрацоўнікі банкаў не будуць тэлефанаваць кліентам для ўдакладнення асабістых звестак. Пра гэта трэба расказаць сваякам і знаёмым, асабліва пажылым людзям.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: