Падзяліцца:
«Паралелі. Лепшыя краіны для дзяцей». Радыёблог Дмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.04.2022
«Паралелі. Лепшыя краіны для дзяцей». Радыёблог Дмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Міжнародная арганізацыя «Выратуем дзяцей» на працягу шэрага гадоў складала глабальны рэйтынг краін, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей. У даследаванні, якое паспелі правесці яшчэ да пандэміі каранавіруса, Беларусь заняла вельмі высокае 25-е месца сярод 179 краін свету і першае ў СНД. У рэйтынгу ўлічваюцца эканамічныя паказчыкі, узровень адукацыі, сацыяльнай абароны і, вядома, дасягненні сістэмы аховы здароўя. Несумненна, прымалася пад увагу зніжэнне дзіцячай смяротнасці. Гэты паказчык у Беларусі самы нізкі ў Садружнасці і супастаўны з найбольш развітымі краінамі свету: Германіяй, Даніяй і Аўстраліяй. Важную ролю адыгрывае сістэма дапамог, праграма «Сямейны капітал», права бацькоў на працяглы адпачынак па доглядзе дзіцяці, забяспечанасць дашкольнымі ўстановамі, льготы для шматдзетных і садзейнічанне ў вырашэнні жыллёвай праблемы.

Цяпер вектар сямейнай палітыкі ў Беларусі накіраваны на захаванне асяроддзя, спрыяльнага для сем’яў. Важна стварыць умовы, каб бацькі маглі гарманічна сумяшчаць прафесійныя і сямейныя абавязкі, каб і жанчыны, і мужчыны ў роўнай ступені ўдзельнічалі ў выхаванні і доглядзе дзяцей, а маладыя людзі рыхтаваліся да сямейнага жыцця і адказнага бацькоўства.

На думку складальнікаў міжнароднага рэйтынгу, найбольш паспяховая краіна для нараджэння дзіцяці – Фінляндыя. У пачатку ХХ стагоддзя з 1000 нованароджаных там паміралі 65. Голад, дэфіцыт, беспрацоўе, інфляцыя, хваробы – такой была Фінляндыя ў той час. Спрабуючы выправіць сітуацыю, улады ў 1937 годзе прынялі закон аб падтрымцы будучых маці. Цяжарныя маглі выбраць альбо грошы (прыкладна трэць зарплаты за месяц), альбо набор рэчаў для немаўляці ў спецыяльнай скрынцы. Бедным сем’ям такія падарункі вельмі дапамагалі: рэчы і сродкі гігіены, якія клалі ў такія скрынкі, малазабяспечаным былі не па кішэні. А самі кардонныя скрынкі потым станавіліся калыскамі. Гэта традыцыя захавалася да нашых дзён.

Напаўненне скрынкі з гадамі мяняецца. У 2022-м фінскія мамы знойдуць у ёй 43 прадметы, сярод якіх адзенне, спальны мяшок, коўдра, пялёнкі, ручнік, гігіенічныя сродкі, дзіцячая кніга і цацка. Зараз імкнуцца выкарыстоўваць як мага больш экалагічных матэрыялаў, якія паддаюцца перапрацоўцы. З-за гэтага, напрыклад, аднаразовыя пялёнкі замянілі на шматразовыя. Раней у набор клалі дзіцячыя бутэлечкі, але пасля адмовіліся ад іх, каб папулярызаваць грудное выкормліванне. Зараз абсалютная большасць бацькоў у Фінляндыі аддае перавагу такім наборам замест грашовай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці ў памеры 140 еўра. Адна з прычын у тым, што рэчы ў скрынцы, на думку бацькоў, каштуюць больш.

У 2013 годзе ўрад Фінляндыі даслаў у падарунак брытанскаму прынцу Уільяму і яго жонцы такую скрынку для іх першынца. Натуральна, на незвычайны прэзент звярнула ўвагу прэса. І пра фінскую скрынку даведаўся ўвесь свет. Традыцыю сталі пераймаць у іншых краінах. Такія падарункі пачалі ўручаць у Вялікабрытаніі, Індыі, Сінгапуры, некаторых амерыканскіх штатах. У скрынцы, якую сталі выдаваць у Маскве, больш 40 прадметаў: адзенне і іншыя карысныя рэчы. Асноўная мэта, якую ставілі распаўсюджвальнікі аналага фінскай скрынкі ў Паўднёвай Афрыцы – пераканаць жанчын наведваць урача на ранніх стадыях цяжарнасці. І гэта ім удалося, бо прыкметна знізілася смяротнасць пры родах у жанчын з ВІЧ-інфекцыяй – дасягненне, асабліва важнае для Афрыкі.

У дзясятцы самых паспяховых краін для нараджэння дзіцяці размясцілася Іспанія. Аднак уражвальныя паказчыкі хаваюць вялікую фінансавую нагрузку, якую нясуць сем’і. Эксперты паспрабавалі падлічыць, колькі сродкаў неабходна, каб вырасціць дзіця ў гэтай краіне. Аналітыкі зыходзілі з таго, што толькі да 22–23 гадоў іспанцы паспяваюць атрымаць адукацыю і пачынаюць самастойна зарабляць грошы. Мяркуецца, што да гэтага моманту іх павінны забяспечваць бацькі. Такім чынам, за 22–23 гады яны патрацяць на дзіця каля 300 тысяч еўра. Сюды ўваходзяць усе выдаткі: прадукты, медыцына, адукацыя, вольны час. Толькі ў першы год жыцця на дзіця неабходна 10610 еўра.

Матэрыяльны дастатак, дапамогі і падарункі ад дзяржавы, добрая медыцына – усё гэта неабходна. Але, акрамя эканамічных стымулаў і сацыяльнай падтрымкі, кожнаму дзіцяці патрэбна шчаслівая сям’я, дом, ахутаны любоўю, цёплыя чалавечыя адносіны, якія не купіш за грошы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: