Падзяліцца:
«Паралелі. Лічбавая граматнасць». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.05.2021
«Паралелі. Лічбавая граматнасць». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

За пяць гадоў колькасць камп’ютарных злачынстваў у Беларусі павялічылася ў дзесяць разоў! Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў звязваюць гэта з імклівым развіццём лічбавых тэхналогій, электронных паслуг, а таксама адсутнасцю ў большасці людзей базавых навыкаў абароны асабістай інфармацыі і разумення метадаў кібермахляроў. Каб навучыць людзей даваць адпор камп’ютарным злодзеям, МУС праводзіць гэтымі днямі дэкаду кібербяспекі. Вельмі важна ведаць, якія спосабы падману выкарыстоўваюць кіберзлачынцы і як ім процідзейнічаць, як абараніць асабістую інфармацыю, персанальныя даныя і такім чынам захаваць свае грошы і маёмасць.

Так званы фішынг – гэта падробленыя паведамленні-спасылкі, якія прыходзяць на электронную пошту, праз СМС або мэссанджары. Калі проста адкрыць і прачытаць паведамленне, то нічога страшнага не здарыцца. Але як толькі вы пяройдзеце па заражанай спасылцы або паведаміце персанальную інфармацыю, ашуканцы атрымаюць доступ да вашага камп’ютара або тэлефона, змогуць захапіць вашы старонкі ў сацыяльных сетках, скрасці рэквізіты банкаўскіх карт. Таму важнае правіла: пераходзіць па спасылках з падазроных пісем і СМС нельга!

Вішынг – гэта прыём, калі ашуканцы выведваюць лагіны і паролі праз званок па тэлефоне, а потым здымаюць з карты грошы. Калі невядомы просіць трохзназны CVV-код на адваротным баку банкаўскай карты, ён стопрацэнтна збіраецца спустошыць ваш рахунак. У такой сытуацыі раяць адразу скончыць размову!

Шматфактарная (двухэтапная) аўтэнтыфікацыя – гэта дадатковая абарона. Тое ж самае, што другі замок на дзвярах, ключ ад якога знаходзіцца ў іншай звязцы. Калі яе ўключыць праз настройкі тэлефона, то дадатак будзе прасіць не адзін пароль, а два ці нават больш. Уваход у акаўнт стане даўжэй, але зараз гэта самая надзейная абарона. У міліцыі запэўніваюць, што яна зберажэ ад 99 працэнтаў атак махляроў.

Фальшывы сайт – гэта інтэрнэт-старонка, якую цяжка адрозніць ад сапраўднай. Вось толькі звесткі, якія вы ўводзіце, ідуць у рукі ашуканцаў. Візуальна заўважыць падмену складана, але ёсць характэрныя маркеры: замочак злева ад адраснага радка незамкнёны або ёсць надпіс “не абаронена”; электронны адрас несапраўдны ці літары ў ім пераблытаны. Таму неабходна ўважліва вывучыць адрасны радок сайта, які вы адкрываеце.

Яшчэ адна небяспека – аддалены доступ. Ашуканцы просяць усталяваць дадатак і з дапамогай яго атрымліваюць доступ да чужога гаджэта. Яны змогуць убачыць і запісаць усе лагіны, паролі, коды, якія вы ўводзіце ў сацыяльных сетках і інтэрнэт-банкінгу. Такім чынам, трэба рашуча адмовіцца на прапанову незнаёмцаў усталяваць які-небудзь дадатак.

Калі карыстаецеся Viber, устанавіце ахову ад лішніх званкоў. Гэта можна зрабіць праз укладку “Настройкі”. У такім выпадку ўсе невядомыя кантакты, сярод якіх могуць быць ашуканцы, не змогуць вам тэлефанаваць праз мэсанджар.

І яшчэ пра паролі! Не выкарыстоўвайце адзін і той жа на ўсіх сервісах, для кожнага павінен быць унікальны. Коды неабходна мяняць кожныя тры месяцы. Рабіце іх складанымі: мінімум восем сімвалаў, літары павінны быць малыя і вялікія, чаргавацца з лічбамі.

З кіберзлачыннасцю звязаны людзі розных узростаў і прафесій. Сярод іх нямала адукаваных, кемлівых, якія ўмеюць пераконваць. Інакш як растлумачыць факт, што яны падманваюць нават падкаваных у лічбавым плане людзей? Знайсці махляроў і вярнуць скрадзеныя грошы няпроста. Тым не менш, ёсць удалыя прыклады.

Па дапамогу ў міліцыю звярнулася мінчанка: з яе карты скралі каля дзвюх тысяч долараў. Праваахоўнікі пацягнулі за нітачку і выйшлі на шматлікія сляды аферыстаў, якія з дапамогай мэсанджараў вымантачылі ў розных людзей амаль паўтара мільёна рублёў. Ашуканцы прадстаўляліся супрацоўнікамі банка, выведвалі даныя карт або прасілі ўстанавіць дадатак для дыстанцыйнага кіравання рахункам. На вуду трапілі больш за 100 чалавек. Следства яшчэ ідзе, таму верагодна, пацярпелых будзе значна больш. Групу зламыснікаў вылічылі. У склад крымінальнай ячэйкі ўваходзілі больш за 20 чалавек: грамадзяне Беларусі, Таджыкістана і Грузіі. Выкрадзеныя сродкі дзялілі і трацілі на забавы і на дарагія тэлефоны. Калі даведаліся, што схему раскрылі, некаторыя спрабавалі схавацца ў Расіі. Але ўсе яны затрыманы і адкажуць перад законам.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: