У Паўночным паўшар'і 21 снежня надыходзіць самы кароткі светлавы дзень. У Мінску ён будзе доўжыцца 7 гадзін 23 хвіліны. Атрымліваецца, што ў гэты перыяд людзі ідуць на працу, калі яшчэ цёмна, а вяртаюцца, калі ўжо сцямнела. Аб праблеме дэфіцыту святла даўно ведаюць жыхары паўночных краін.
За доўгія зімовыя ночы і кароткія цёмныя дні адказная вось Зямлі, размешчаная пад нахілам, з-за чаго святло распаўсюджваецца неаднолькава ў розных шыротах. Стомленасць, прыгнечанасць, дрэнны настрой, частыя прастуды, цяжка ўставаць раніцай. Усё гэта сімптомы недахопу святла. Сонца восенню і зімой недастаткова актыўнае, а без ультрафіялетавага выпраменьвання немагчыма рэакцыя, якая прыводзіць да сінтэзу вітаміну D. Ён, у сваю чаргу, уздзейнічае на імунную сістэму і настрой. Людзі, якія скардзяцца на стомленасць і восеньскую дэпрэсію, часцей за ўсё на самай справе пакутуюць ад недахопу вітаміну D.
2 снежня расійскі Мурманск пагрузіўся ў палярную ноч, якая доўжыцца 40 дзён — па 10 студзеня ўключна. Штогод з надыходам палярнай ночы ў дзіцячых садках Мурманска са згоды бацькоў дашкольнікам даюць рыбін тлушч са смакавымі дабаўкамі. Для дзяцей школьнага ўзросту ў гэты перыяд ўводзіцца ашчадны рэжым. Урокі пачынаюцца пазней, а іх працягласць скарочана.
Пасля заканчэння палярнай ночы ў Мурманску традыцыйна праходзіць акцыя “першы світанак”. Яна адбываецца на сопцы Сонечная горка, адкуль у бясхмарнае надвор'е можна ўбачыць першыя прамяні сонца. Сустрэча праходзіць пад песню “Прамень сонца залатога” з савецкага мультфільма “Брэменскія музыкі”.
Яшчэ ў старажытнай літаратуры скандынаваў называлі змрочнымі. Паўночныя гарады пад шэрым небам са змрочнымі людзьмі... Усё гэта, вядома, міф, перабольшанне. Тут экстрэмальны кантраст перыядаў года. Улетку дзень ніколі не канчаецца, а птушкі спяваюць круглыя суткі. Зімой два месяцы цёмна, сонца не падымаецца над гарызонтам.
Даследаванне паказала, што стаўленне да зімы вельмі адрозніваецца ў жыхароў Паўднёвай і Паўночнай Нарвегіі. Самымі пазітыўнымі аказаліся жыхары Запаляр'я. Зімовая дэпрэсія сярод іх – рэдкасць. Навукоўцы вывучалі гэты феномен і, верагодна, знайшлі адказ на пытанне, чаму мясцовым жыхарам добра і ў цемры. Нават у перыяд палярнай зімы людзі шмат бываюць на паветры, і ім пры гэтым камфортна. Тут успрымаюць зіму як асаблівы час года, калі можна рабіць тое, што не атрымліваецца ў іншыя сезоны. Напрыклад, зімой больш часу праводзяць з блізкімі, з прыемнымі людзьмі.
Жыхары не думаюць, што гэта цёмны і дэпрэсіўны перыяд, а ўспрымаюць яго як прыгожую пару года, поўную магчымасцей стварыць сабе свята. Рытм жыцця запавольваецца, у кафэ і рэстаранах раздаюць цёплыя пледы, паўсюль шмат свечак і адкрытага агню, што стварае атмасферу ўтульнасці. А яшчэ трэба памятаць: “не бывае дрэннага надвор’я, бывае дрэннае адзенне”. Ні цемра, ні мароз не перашкаджаюць адправіцца на прагулку, у пешы ці лыжны паход. Нарвежцы проста апранаюцца троху цяплей, а дзеці гуляюць на вуліцы нават у халодны і цёмны час. Даследаванне паказала таксама, што людзі, якія пазітыўна ставяцца да зімы, у цэлым больш задаволены жыццём і здольныя спраўляцца з цяжкімі задачамі.
Як бы ні любілі на поўначы Нарвегіі зіму, сонца ўсё роўна вельмі чакаюць. Калі святло пачынае вяртацца, у гарады прыходзіць святочны настрой. Жыхары ядуць “сонечныя булачкі” і святкуюць вяртанне сонца. Дзяцей адпускаюць на канікулы, а на рабоце людзі збіраюцца ля вокнаў, каб разам сустракаць першыя прамяні сонца над гарызонтам.
Што ж зрабіць, каб атрымліваць прыемныя эмоцыі ад прыходу зімы? Нарвежцы лічаць, што адчуваць сябе зімой крыху больш сонным – гэта нармальна, бо людзі больш спяць, калі цёмна. У гэты перыяд можна атрымаць асалоду ад спакою, пачытаць добрую кнігу, схадзіць у госці. І абавязкова шмат бываць на вуліцы, дыхаць свежым марозным паветрам і радавацца, калі вяртаешся ў цяпло.