Жыхарка Оршы атрымала ў сацыяльнай сетцы паведамленне са старонкі сваёй знаёмай. Тая распавяла, што вядомы банк нібыта праводзіць акцыю сярод пенсіянераў і раздае па 150 рублёў. Атрымаць падарунак проста – трэба толькі даслаць рэквізіты банкаўскай карты. Пенсіянерка некаторы час сумнявалася, ці варта перадаваць інфармацыю знаёмай. Аднак грошы былі патрэбныя, таму адправіла ўсе даныя банкаўскай карты. Затым пайшла ў бліжэйшы банкамат, каб паглядзець, ці залічаны грошы. Як расказалі ва ўпраўленні ўнутраных спраў, натуральна, на рахунку абяцаных грошай не аказалася, як і больш за 400 рублёў зберажэнняў. Жанчына адразу звярнулася ў банк, дзе ёй растлумачылі, што ніякіх акцый не праводзіць і яна стала ахвярай махляроў.
Каб засцерагчы сябе ад падобных крадзяжоў, ніколі і ні ў якім разе нельга перадаваць рэквізіты сваіх банкаўскіх карт, паролі, пашпартныя і іншыя асабістыя даныя. Ні ў якім разе нельга перасылаць гэту інфармацыю праз сацыяльныя сеткі.
Міністэрства ўнутраных спраў нагадвае, што ў апошнія гады шырокую папулярнасць атрымалі смс-рассылкі або электронныя лісты з паведамленнямі аб выйгрышы аўтамабіля альбо іншых каштоўных прызоў. Для атрымання “выйгрышу” зламыснікі звычайна просяць перавесці на электронныя рахункі пэўную суму грошай, матывуючы гэта неабходнасцю выплаты падаткаў, мытных пошлін, транспартных выдаткаў. Пасля атрымання грошай яны перастаюць выходзіць на сувязь альбо просяць перавесці дадатковыя сумы на афармленне выйгрышу.
Засцерагчы сябе ад падобных зламыснікаў вельмі проста. Перш за ўсё неабходна быць разважлівым. Задумайцеся, ці прымалі вы ўдзел у розыгрышы прызоў? Ці знаёма вам арганізацыя, якая накіравала апавяшчэнне аб выйгрышы? Адкуль арганізатарам акцыі вядомы вашы кантактныя даныя? Калі вы не можаце адказаць хаця б на адно з гэтых пытанняў, трэба праігнараваць прапанову. Любая просьба перавесці грошы для атрымання выйгрышу павінна насцярожыць. Мэта падобных сайтаў – падмануць максімальную колькасць людзей за кароткі тэрмін.
На жаль, з’явіліся людзі, якія ў сваіх злачынных мэтах сталі выкарыстоўваць сітуацыю з каронавірусам у свеце. У Арменіі для падману аферысты ўжываюць выпрабаваныя метады. Даволі папулярным стаў гандаль фэйкавымі маскамі і рэспіратарамі. Заказчыкі плацяць, але тавар не атрымліваюць. Фірмы-аднадзёнкі імгненна знікаюць, і страты, натуральна, нясуць людзі, якія пажадалі купіць гэтыя маскі. Найбольш актыўнымі сталі ашуканцы, якія нібыта спецыялізуюцца на аказанні дапамогі пацярпелым ад інфекцыі. Аферысты ў сацыяльных сетках размяшчаюць аб’явы аб зборы ахвяраванняў, публікуюць нумар банкаўскага рахунку і просяць пералічыць грошы.
Ажыятаж вакол віруса прывёў да з’яўлення новых спосабаў махлярства ва Украіне. Галоўны прадмет спекуляцыі – медыцынскія маскі і сродкі дэзінфекцыі. Такая ж схема, як у Арменіі. У інтэрнэце прапануюць купіць іх, аднак, адпраўка тавараў па поўнай перадаплаце. У выніку пакупнік не атрымлівае свой заказ і губляе грошы.
Таксама аферысты прапануюць праз інтэрнэт заказаць набор лекаў “Стоп-каронавірус”. Ашуканцы сцвярджаюць, што ў такой аптэчцы ёсць усё, што неабходна для лячэння і прафілактыкі. На масавыя заказы скідка. Ашуканцы таксама “распрацавалі” ўласную вакцыну супраць віруса. Як паведамляецца, прышчэпка абыдзецца ўкраінцам прыкладна ў 100 долараў. У апісанні тавару ўказана, што “распрацавана гэта проціяддзе ў Ізраілі лепшымі спецыялістамі сваёй справы”.
У сетцы ўкраінцам прапануюць набыць прафілактычныя сродкі, якія павінны зберагчы ад любога віруса. У лепшым выпадку даверлівым пакупнікам высылаюць лекавы сродак, які ў медыцыне выкарыстоўваюць для прафілактыкі прастуды. Але прадаўцы пераконваюць і запэўніваюць, што іх “прэпараты” вельмі дзейсныя і пасля прыёму можна нібыта ехаць у любую краіну і не баяцца інфекцыі.
Дарэчы, пра новыя схемы падману папярэджвае сваіх кліентаў адзін з беларускіх банкаў: “Зламыснікі імітуюць афіцыйную рассылку на мабільны тэлефон і паведамляюць аб аднабаковым рашэнні банка пералічыць працэнты па дэпазіце ў Фонд барацьбы з каронавірусам у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў. Зразумела, ніякай пастановы Саўміна аб пералічэнні працэнтаў у якія-небудзь фонды не існуе”.
І яшчэ некалькі парад, як бяспечна рабіць пакупкі ў інтэрнэце. Карыстацца карткай мае права толькі асоба, чыё імя, прозвішча і подпіс пазначаны на ёй. Паслуга “СМС-апавяшчэнне” дапамагае кантраляваць аперацыі па карце. Адзіная арганізацыя, якая зможа праінфармаваць аб стане рахунку – гэта банк, які абслугоўвае карту. Сур’ёзныя інтэрнэт-крамы не будуць прасіць вас пералічыць грошы на віртуальны кашалёк або рахунак мабільнага тэлефона. Старайцеся рабіць аперацыі на інтэрнэт-сайтах гандлёвых кропак, якія выкарыстоўваюць абароненае злучэнне. Пры запаўненні формы заказу на інтэрнэт-сайце захавайце і раздрукуйце web-старонку. Рабіце пакупкі толькі са свайго камп’ютара. Нікому не паведамляйце даныя для доступу ў асабісты кабінет інтэрнэт-банкінгу. Калі спасылак на супольнасці банка ў сацыяльных сетках няма на афіцыйным сайце, не выкарыстоўвайце гэтыя супольнасці.