Падзяліцца:
«Паралелі. Небяспечныя звычкі». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.06.2021
«Паралелі. Небяспечныя звычкі». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Чалавек, які заяўляе, што ў яго няма дрэнных звычак, хітруе! Шкоду прыносяць не толькі цыгарэты ці алкаголь. Вакол нас шмат спакус. І калі няма сілы волі, узнікае залежнасць. Пераяданне, тэхнаманія, гульнявая, тэлевізійная і інтэрнэт-залежнасць, шопінгаманія, настойлівае захапленне дыетамі і нават працагалізм. І ўсе гэтыя звычкі не такія бяскрыўдныя, як здаецца на першы погляд.

Чалавечы арганізм здольны атрымліваць задавальненне ад самых розных рэчаў, у тым ліку ад ежы. Плітка шакаладу здольная прыўнесці ў жыццё новыя фарбы. Калі падобнае стымуляванне ўваходзіць у звычку, развіваецца харчовая залежнасць. Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, амаль два мільярды жыхароў планеты (каля 30%) маюць лішнюю масу цела. У Беларусі яна ў кожнага чацвёртага. Спажыванне нездаровай ежы з высокай каларыйнасцю, адсутнасць фізічнай актыўнасці, пераяданне і стрэсы прыводзяць да ішэмічнай хваробы сэрца, высокага крывянога ціску, інсультаў і дыябету.

Амерыканка Сіндзі Джэксан з дзяцінства была незадаволена сваёй знешнасцю. З яе смяяўся бацька, не складваліся адносіны з маладым чалавекам. Дзяўчына стала шукаць шлях да дасканаласці і з пачатку захапілася дыетамі і здаровым ладам жыцця, але пазней пайшла на кардынальныя меры. Зараз Джэксан 65 гадоў. І яе ведаюць за самую вялікую колькасць пластычных аперацый – больш за паўсотні. Яе рэкорд зафіксаваны ў кнізе Гінеса. «Жывая Барбі» амаладзіла літаральна ўсё: твар, фігуру і нават валасы. Натуральнае жаданне добра выглядаць, сачыць за сабой перарасло ў небяспечную залежнасць да пастаяннага ўдасканалення свайго цела.

У сярэднім кожны чалавек прыкладна па 3 гадзіны ў дзень праводзіць перад тэлевізарам. Гэта палова нашага вольнага часу і каля 9 гадоў жыцця. Любыя іншыя формы адпачынку саступаюць свае пазіцыі, увесь час запаўняецца праглядам тэлеперадач. Калі такога чалавека на тры дні адлучыць ад тэлевізара, ён стане агрэсіўным, будзе дрэнна працаваць, пачнуцца сямейныя канфлікты.

Даследаванне паказала, што інтэрнэт-залежнасць маюць каля 10% карыстальнікаў ва ўсім свеце. Многія прызнаюць сваю праблему, дакучлівае жаданне падключыцца да інтэрнэту і няздольнасць своечасова адключыцца. Яны занадта шмат часу праводзяць у чатах і сацыяльных сетках, і гэта перашкаджае весці нармальнае жыццё.

Азартныя гульні – адна з формаў адпачынку, якая можа стаць сур'ёзнай праблемай. Так здараецца, калі захапленне набывае неадчэпны характар. Гэта не толькі наведванне казіно. Цягу выклікаюць гульнявыя аўтаматы, разнастайныя спартыўныя стаўкі. Чалавек не спыняецца ні перад чым: ён здольны ўлезці ў даўгі, прадаць дом, пайсці на злачынства. Разбураюцца сем'і, у гульнямана з’яўляюцца праблемы на працы і дэпрэсіі.

Ёсць людзі, якія адчуваюць непераадольнае жаданне нешта набываць, не звяртаючы ўвагі на неабходнасць і наступствы. Многія пакупкі потым аказваюцца непатрэбнымі, прыходзіць расчараванне, у тым ліку з-за грошай, патрачаных дарма. І хоць афіцыйна Сусветная арганізацыя аховы здароўя не ўключыла шапагалізм у спіс псіхічных расстройстваў, наяўнасць праблемы прызнаецца і лечыцца спецыяльнымі метадамі.

Тэхнаманія – гэта жаданне пастаянна абнаўляць тэлефоны, камп’ютары, тэлевізары і бытавую тэхніку, купляць самыя новыя мадэлі. Як правіла, гэта апраўдваецца новымі функцыямі, сучасным дызайнам. Гэта залежнасць таксама вядзе да дэпрэсій, зрываў, калі няма фінансавай або іншай магчымасці набыць жаданую рэч.

Праца таксама можа выклікаць залежнасць. Працаголікі не ведаюць выхадных і адпачынку. Калі няма магчымасці працаваць, яны становяцца неўраўнаважанымі, пры гэтым адмаўляюцца прызнаць сваю праблему і проста лічаць сябе працавітымі людзьмі. Асноўная розніца паміж працавітым чалавекам і працаголікам у прыярытэтах. Калі першы працуе, каб забяспечваць годны ўзровень жыцця і раскрыць свае здольнасці, то для іншых праца з’яўляецца самамэтай. Нават дома яны ўвесь час думаюць і размаўляюць пра сваю работу.

Што ж рабіць з усімі гэтымі залежнасцямі? Ісці да ўрача? Напэўна, у цяжкай сітуацыі трэба. Але можна стаць рабом іншай звычкі: сядзець у чэргах у паліклініцы, ператварыцца ў іпахондрыка і атрымаць залежнасць ад лекаў...

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: