Кожны год першая палова лета – хвалюючая пара для дзясяткаў тысяч абітурыентаў і іх шматлікіх груп падтрымкі: бацькоў, сваякоў, сяброў, настаўнікаў. Сёлета на цэнтралізаванае тэсціраванне ў Беларусі зарэгістраваліся больш за 62 тысячы чалавек. Атрымаць максімальны вынік удаецца нямногім. Ужо вядома, што 100 балаў па беларускай мове набралі 40 абітурыентаў, па рускай – 65, па грамадазнаўстве – 19, а па матэматыцы – 26. Цана памылкі высокая. З добрымі баламі можна выбіраць самыя прэстыжныя спецыяльнасці. Але бываюць сітуацыі, калі для дасягнення мары абітурыентам не хапае ўсяго бала.
Лічыце, што стаць студэнтам складана? Значыць, вы яшчэ не паступалі ў кітайскі ўніверсітэт. 54-гадовы жыхар КНР здае экзамены практычна кожны год, як скончыў школу ў 1988-м. Гэта ўжо 26-я яго няўдалая спроба. Выпрабаванні ў Кітаі вельмі складаныя і называюцца “гаокао”. Іспыт лічыцца настолькі сур’ёзным, што вызначае ўсё далейшае жыццё чалавека. Правал практычна гарантуе пажыццёвую працу на нізкіх пасадах. Напружанне абітурыентаў настолькі вялікае, што на экзаменацыйных пунктах заўсёды дзяжураць урачы. Калі ж малады чалавек паспяхова праходзіць іспыт, разам з ім радуюцца і родныя, і суседзі. У кітайскіх сацыяльных сетках зараз абмяркоўваюць выпадак, калі гаспадар дома вызваліў свайго кватаранта ад арэнднай платы на чатыры гады! Такі шчодры падарунак дастаўся жыхару за тое, што яго сын паспяхова здаў экзамен. Дарэчы, у краіне зрабілі больш жорсткімі правілы здачы гаокао. За спісванне або жульніцтва з дапамогай мабільных прылад абітурыент можа атрымаць турэмны тэрмін да сямі гадоў.
У Германіі выразныя правілы паступлення. Для гэтага неабходны дыплом, які выдаецца па выніках вучобы ў школе. Каб атрымаць яго, важна вытрымаць экзамены па чатырох асноўных прадметах. Калі дыплом на руках, здаваць дадатковыя экзамены ў вну не трэба. Не ўсе нямецкія ўніверсітэты задаволены такой сістэмай паступлення. Некаторыя лічаць, што адзіны дыплом не адлюстроўвае ўзровень ведаў, і просяць зацвердзіць асобныя экзамены. І найбольш прэстыжныя навучальныя ўстановы ўвялі ўласныя іспыты.
У Расіі ў 2001 годзе ў некаторых рэгіёнах упершыню праведзены адзіны дзяржаўны экзамен. Пасля ён стаў абавязковым на ўсёй тэрыторыі краіны. Гэта адначасова выпускны экзамен са школы і ўступны ў вну. З моманту ўвядзення спрэчкі аб мэтазгоднасці іспыту не сціхаюць. Вельмі часта вучні атрымліваюць адзнакі ніжэйшыя за тыя, што ім звычайна выстаўлялі ў школе на ўроках. Акрамя таго, навучанне ў старшых класах зводзіцца да падрыхтоўкі да адзінага іспыту, а гэта перашкаджае атрымліваць глыбокія веды. Іншыя лічаць, што адзіны экзамен стварае роўныя магчымасці. Напрыклад, падрыхтаваныя абітурыенты з правінцыі могуць паступіць у сталічныя вну.
Для французскіх студэнтаў самы важны экзамен на ступень бакалаўра. Гэта аналаг расійскага адзінага іспыту. Поспех забяспечвае гарантаванае паступленне ва ўсе ўніверсітэты краіны. Застанецца толькі напісаць заяву аб жаданні вучыцца.
У Ізраілі для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову неабходна здаць псіхаметрычны ўступны іспыт. Ён уяўляе сабой тэсты па трох накірунках: слоўнае мысленне, колькаснае мысленне (ацэньвае матэматычныя здольнасці) і англійскую мову.
А ў ЗША няма адзіных патрабаванняў да абітурыентаў, як і планавага прыёму i выпуску спецыялістаў. Кожная вну набірае студэнтаў па сваім меркаванні. Адны ўніверсітэты шляхам конкурсных экзаменаў, іншыя праводзяць гутарку, а ў трэція патрэбны толькі дыплом аб атрыманні сярэдняй адукацыі. Важную ролю пры паступленні адыгрываюць ускосныя фактары: удзел у школьных алімпіядах, спаборніцтвах і фестывалях. Вельмі часта амерыканцы падаюць дакументы ў некалькі ўніверсітэтаў, а пасля выбіраюць той, што найбольш падыходзіць.
Адукацыя на Кубе для грамадзян гэтай краіны бясплатная. Усе навучальныя ўстановы на 100 % фінансуюцца з бюджэту краіны. Паступіць у вну можа любы жадаючы, калі здасць гісторыю Кубы, экзамен па матэматыцы, іспанскай мове. Аднак з-за каранціну ў сакавіку мінулага года школы і ўніверсітэты былі закрыты. Цяпер на змену звычайнай адукацыі прыйшлі тэлеўрокі, заняткі са студэнтамі з дапамогай інфармацыйных тэхналогій і анлайн-мерапрыемствы.
Паступіць і атрымаць адукацыю – палова справы. Яшчэ трэба знайсці працу па спецыяльнасці. У многіх краінах не ведаюць што такое гарантаванае першае працоўнае месца. Кожны чацвёрты выпускнік іспанскіх вну сядзіць без працы. Іспанія – адна з трох краін ЕС, дзе цяжэй за ўсё знайсці працу тым, хто толькі што скончыў універсітэт. Паводле апошніх даных, апублікаваных Еўрастатам, узровень занятасці сярод скончыўшых вучобу ва ўніверсітэце на працягу апошніх трох гадоў, складае 76 %. Горш сітуацыя толькі ў Грэцыі, дзе працаўладкавацца могуць толькі 61 % выпускнікоў, і ў Італіі 64 %.
Застаецца пажадаць абітурыентам паспяхова здаць уступныя экзамены. Не памыліцца з выбарам спецыяльнасці, атрымаць прафесію і працу, аб якой марыце.