Падзяліцца:
«Паралелі. Падарожжы па сваёй краіне». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.06.2022
«Паралелі. Падарожжы па сваёй краіне». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

З-за пандэміі турыстычная галіна ва ўсім свеце пераарыентавалася на ўнутраны рынак. Цікавасць беларусаў да паездак па сваёй краіне таксама вырасла. Цяпер многія задаюць пытанні: дзе і як адпачыць у Беларусі, куды паехаць і што паглядзець?

Адказ прапануе сайт Нацыянальнага агенцтва па турызме. Праграма дазваляе самастойна пабудаваць маршрут, прапануе месцы для харчавання і адпачынку. Прадстаўлены розныя віды турызму: актыўны, спартыўны, гісторыка-культурны, гастранамічны, агратурызм, санаторнае лячэнне. Таксама арганізацыя штогод распрацоўвае новыя турмаршруты, абнаўляе ранейшыя, стварае тэксты для экскурсаводаў.

Акрамя таго, з гэтага года запушчаны пілотны праект па субсідзіраванні школьных паездак. Раз у паўгода старшакласнікі могуць наведаць розныя месцы Беларусі. Такія паездкі дапамогуць школьнікам пазнаць сваю краіну, пакажуць, чым можна ганарыцца. Для вучняў гэтыя паездкі будуць бясплатнымі, для настаўнікаў запланаваны дадатковыя аплатныя працоўныя гадзіны.

У Беларусі ствараюцца турыстычныя кластары. Гэта аб’яднанні розных мясцовых аб’ектаў пад агульным брэндам. Адзін з самых першых – «Валожынскія гасцінцы». Туды ўваходзіць каля 20 вытворцаў: сядзібы, рамеснікі, фермеры, мясцовыя музеі і Налібоцкая пушча. Кластар «Вялесаў шлях» у Глыбоцкім раёне аб’яднаў і сядзібы, і фермерскія гаспадаркі. Кластар «Наваколле» у Брэсцкай вобласці сабраў разам вытворцаў крафтавых прадуктаў, сядзібы, мясцовы тэатр.

На пачатак года колькасць аграсядзіб у краіне дасягнула амаль 3,2 тыс. І ўвесь час з’яўляюцца новыя. Набіраюць папулярнасць праграмы, звязаныя са здаровым ладам жыцця, веласпортам, байдаркамі, ёгай. Гараджанам падабаюцца майстар-класы па зборы траў, грыбоў, хлебапячэнні, вырабе натуральнай касметыкі. Разам з аграсядзібамі наведваюць гістарычныя комплексы, памятныя мясціны, звязаныя з ваеннай тэматыкай.

Эксперты адзначаюць, што цяпер у Беларусі фарміруецца новая карпаратыўная культура выязнога актыўнага адпачынку. Гэта калектыўныя паездкі на выхадныя не толькі з экскурсійнымі мэтамі, але і для актыўнага спартыўна-спаборніцкага адпачынку. Яшчэ адна фішка Беларусі – прамысловы турызм. Унікальныя маршруты распрацавалі БЕЛАЗ, МТЗ, шклозавод «Нёман».

Кітай – самы буйны ў свеце рынак для замежнага турызму. Аднак пасля пачатку пандэміі кітайцы перасталі ездзіць за мяжу, а замежныя турысты перасталі ездзіць у Кітай. Сёлета ўнутраны турызм павінен аднавіцца да 70% ад узроўню 2019 года. Паводле ацэнак Кітайскай акадэміі турызму, колькасць паездак і даходы сур’ёзна павялічацца. Сёлета кітайцы зробяць амаль 4 мільярды паездак па сваёй краіне, а даходы ад унутранага турызму дасягнуць 600 мільярдаў долараў.

Ад 90 да 95% грамадзян Італіі сёлета правядуць адпачынак на радзіме, з такой ацэнкай выступілі эксперты гасцінічных асацыяцый. Рост колькасці падарожжаў ўнутры краіны абумоўлены не толькі эканамічнымі прычынамі. За два гады эпідэміі каранавіруса італьянцы зноў адкрылі для сябе сваю краіну і хочуць пазнаць яе яшчэ лепш.

Жаданне падарожнічаць і адпачываць у нямецкіх турыстаў мацней, чым эканамічныя праблемы, аднак яны ўсё ж уносяць свае карэктывы. Пераважная большасць немцаў плануюць адправіцца ў адпачынак, але кожны пяты прызнае, што далёкія паездкі зараз не па кішэні. Многія аддадуць перавагу гэтым летам ўнутранаму турызму. У дакавідныя часы з усіх браніраванняў ў нямецкіх гасцініцах 84% прыходзілася на жыхароў Германіі. Зараз гэта лічба вырасла яшчэ больш – да 94%.

Францыю можна лічыць чэмпіёнам свету па мясцовых падарожжах. Яшчэ задоўга да пандэміі 88% турпаездак здзяйсняліся французамі ўнутры краіны. Школьнікі вывучаюць гісторыю сваёй радзімы, плаваючы па мясцовых рэках. А дарослыя не так часта выязджаюць за мяжу, у параўнанні з іншымі еўрапейцамі.

Амерыканцы таксама выбіраюць адпачынак у роднай краіне. Пры гэтым спажыўцы шукаюць аўтэнтычныя ўражанні, пазбягаючы папулярных славутасцей і турыстычных пастак з завышанымі цэнамі, доўгімі чэргамі і вялікай колькасцю людзей. Дзве трэці падарожнікаў кажуць, што галоўнай мэтай іх адпачынку з’яўляецца знаёмства з новымі і незвычайнымі рэчамі. І падкрэсліваюць, што менавіта людзі, з якімі яны падарожнічаюць, робяць уражанні незабыўнымі.

Такім чынам, размовы аб заняпадзе турыстычнай галіны ў чарговы раз аказаліся заўчаснымі. Адбылася толькі яе трансфармацыя. У сферу падарожжаў канчаткова ўвайшоў трэнд на паездкі па сваім або суседнім рэгіёне. Гэта зусім асаблівы стыль падарожжаў, калі не стаіць задача за тыдзень аб’ехаць некалькі гарадоў ці нават краін, а колькасць уражанняў замяняецца якасцю.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: