Падзяліцца:
«Паралелі. Персанальны падыход да правільнага харчавання». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 08.11.2022
«Паралелі. Персанальны падыход да правільнага харчавання». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага

Беларусь па праве лічыцца адной з вядучых еўрапейскіх сельскагаспадарчых дзяржаў. Нашу прадукцыю ведаюць больш як у 100 краінах свету. Яна канкурэнтная на сусветных рынках, яе цэняць за высокую якасць і смак. Зараз выбар прадуктаў сапраўды вялікі, як ніколі. Разам з тым, вытворцы, вучоныя, рэстаратары, медыкі ўздымаюць іншую тэму – сфарміраваць культуру харчавання. Правільна складаць рацыён, адрозніваць карысныя прадукты ад нездаровых, прызнаемся, навучыліся не ўсё.

Для сучаснага чалавека велізарная праблема – недахоп часу. Гэта адбіваецца і на харчаванні. Фастфуд эканоміць час, але не прыносіць карысць здароўю. У перакладзе з англійскай фастфуд – ежа хуткага прыгатавання, якую звычайна гатуюць з высокакаларыйных прадуктаў простым і хуткім спосабам – смажаць на патэльні або ў фрыцюры. З-за гэтага нават дыетычны прадукт становіцца шкодным.

Фактычна любы бутэрброд – гэта фастфуд. Але звычайна пад такое вызначэнне падпадаюць піца, гамбургеры і чызбургеры, смажаная бульба, шаўрма, чабурэкі, пюрэ хуткага прыгатавання, чыпсы і сухарыкі. Першыя гамбургеры з’явіліся ў ЗША сто гадоў таму і каштавалі пяць цэнтаў. Менавіта нізкая цана прыцягнула масавага пакупніка, і гэта ежа стала неверагодна папулярнай у Амерыцы. Людзі сталі задумвацца, у чым жа падвох, калі гамбургер так мала каштуе. Тады гандляры дадумаліся плаціць спецыяльна нанятым людзям, якія ў белых халатах, пад выглядам урачоў, наведвалі закусачныя. Сумненні адпалі, і папулярнасць такіх забягалавак пабіла ўсе магчымыя рэкорды.

Акрамя таго, гэта індустрыя прымушае людзей з’ядаць больш, чым трэба. Рэстараны хуткага харчавання даўно выкарыстоўваюць такі фокус: падаюць ежу, якую не трэба доўга пражоўваць. Такім чынам, людзі менш насычаюцца і больш з’ядаюць. Вучоныя высветлілі, што значна складаней адмовіцца, калі вам прапануюць штосьці напрамую. І калі супрацоўнікі рэстаранаў прапануюць узяць яшчэ нешта, дзевяць з дзесяці наведвальнікаў згаджаюцца. Не забываем таксама, што ў стравах хуткага прыгатавання шмат солі і харчовых стымулятараў, створаных хімічным спосабам. Інакш такая ежа будзе здавацца нясмачнай.

Стагоддзі таму, калі фарміраваліся нацыянальныя кухні народаў свету, людзі мелі няяснае ўяўленне пра карысную і здаровую ежу. За нямецкай кухняй замацавалася рэпутацыя цяжкай, тлустай і занадта каларыйнай. Баварскія сасіскі і сардэлькі, смажаная ў фрыцюры грудзінка, традыцыйны густы суп, здольны замяніць абед з дзвюх страў. У Чэхіі папулярнае меню са свіной рулькі і знакамітага піва дапаўняюць тлустае мяса і соўсы, сала, хлеб, бульба, а таксама бліны, сасіскі і халадзец.

Да нашай кухні таксама ёсць заўвагі. Адзначаюць вялікую колькасць страў з бульбы, тое, што дранікі падаюць разам з тлустымі малочнымі і мяснымі прадуктамі. Але варта падкрэсліць, што бульбы ўжо не ядуць у нас столькі, як раней. Выбраць правільныя прадукты – гэта таксама навука, якую многія з нас толькі пачынаюць асвойваць.

У Беларусі дзейнічае Міжведамасны савет па праблемах харчавання пры Нацыянальнай акадэміі навук. Ён выпрацоўвае стратэгіі, вызначае прыярытэтныя напрамкі і рэкамендацыі па пытаннях паўнавартаснага і бяспечнага харчавання. На пасяджэннях савета неаднаразова ўздымаліся праблемы харчовай бяспекі, якасці прадуктаў, прадстаўленых у гандлёвых сетках. Чарговае пасяджэнне на гэтым тыдні будзе прысвечана тэме персаналізаванага харчавання.

Гэта адзін з самых актуальных трэндаў апошніх гадоў. На аснове даных пра здароўе, звычкі, лад жыцця канкрэтнага чалавека можна скласці персанальныя рэкамендацыі па прадуктах, якія можна альбо нельга ўжываць, каб з вялікай верагоднасцю прадухіліць развіццё сур'ёзных захворванняў.

Аднак праблема складаецца ў тым, што харчовая індустрыя ва ўсім свеце пакуль нацэлена на рашэнне маштабных задач, каб большасць прадуктаў харчавання былі даступнымі. Індывідуальны рацыён можна скласці толькі на ўласнай кухні. Для ўкаранення персаніфікаванага падыходу спатрэбіцца перабудова ўсёй галіны. Чакаецца, што да 2035 года персаналізаванае і спецыялізаванае харчаванне зойме сур'ёзную долю сусветнага рынку і яго аб'ём ўзрасце з 90 да 350 мільярдаў долараў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: