Мінскі трактарны завод адзначае 75-гадовы юбілей. Для нас гэта больш, чым буйное прадпрыемства. Знакаміты таварны знак «BELARUS» не толькі вялікая камерцыйная каштоўнасць, а і паўнапраўны сімвал нашай краіны.
Першай прадукцыяй у 1946 годзе стаў пускавы рухавік, а вытворчасць трактароў пачыналася з гусенічных машын. Выпуск трактароў на пнеўматычных шынах стартаваў на заводзе ў 1953-ым, што вызначыла далейшую спецыялізацыю. У 1958 годзе Мінскі трактарны завод выпусціў ужо стотысячны трактар.
Пасля вайны краіна мела патрэбу ў добрай тэхніцы, каб аднавіць сельскую гаспадарку. Акрамя таго, у 50–60-х гадах вялося асваенне цаліны. Дапамагаў у гэтай няпростай працы колавы трактар МТЗ-50. Ён сходзіў з канвеера з пачатку 60-х. Гэта мадэль была часткай цэлага сямейства тэхнікі, спраектаванага інжынерамі прадпрыемства. Выкарыстоўвалі МТЗ-50 як для перавозкі розных грузаў, так і для працы ў полі. Зборка ажыццяўлялася да сярэдзіны 80-х. За ўвесь час завод выпусціў каля мільёна 300 тысяч адзінак.
Трактар МТЗ-50 намаляваны на в’етнамскай банкноце ў 200 донгаў. Гэтыя грошы выпушчаны ў 1987 годзе. У гады правядзення праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі В’етнам атрымаў беларускія трактары, якія вельмі добра сябе зарэкамендавалі. Такім чынам, яны сталі для гэтай краіны ўвасабленнем прагрэсу ў аграрнай сферы. Менавіта таму вырашана выкарыстаць малюнак беларускага трактара на в’етнамскіх грошах.
У складаныя 90-я гады кан’юнктура сусветнага рынку была неспрыяльнай для вытворцаў тэхнікі, продажы скарачаліся. Але МТЗ захаваў свае пазіцыі сярод самых буйных экспарцёраў трактароў як на рынках краін СНД, так і на буйнейшых сусветных рынках. На мяжы стагоддзяў вялікая частка ўсіх трактароў, вырабленых краінамі СНД, выпускалася на нашым заводзе. Асвойваючы замежныя рынкі, МТЗ першым правёў поўную сертыфікацыю на адпаведнасць стандартам Еўрасаюза.
У савецкі час МТЗ быў узнагароджаны ордэнам Леніна і ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. У незалежнай Беларусі яго прадстаўнікі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі. Трактар «BELARUS» прызнаваўся лепшым таварам у нашай краіне. У 2009 годзе завод атрымаў медаль Міжнароднай спецыялізаванай выставы ў Гановеры. За ўсю гісторыю вытворца з краін СНД упершыню быў удастоены такой высокай узнагароды. Дэлегацыя МТЗ прывозіла залатыя медалі Міжнароднай спецыялізаванай выставы сельгастэхнікі ў Маскве. Не менш важнай узнагародай быў прыз сялянскіх сімпатый.
Яшчэ некалькі цікавых фактаў аб легендарным прадпрыемстве. Сёння завод, на якім працуюць больш за 16 тысяч чалавек, ператварыўся ў адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ва ўсім свеце. На МТЗ выпускаюць не толькі трактары. Арганізавана вытворчасць альтэрнатыўнай тэхнікі: камунальных, лесараспрацоўваючых і пагрузачных машын, а таксама транспарту для шахт. МТЗ-холдынг уключае 10 прадпрыемстваў па ўсёй краіне. Акрамя МТЗ, яшчэ Мінскі завод шасцерняў, прадпрыемствы ў Бабруйску, Віцебску, Смаргоні, Лепелі, Мазыры, Оршы, Хойніках і Нароўлі.
Сёння заказчыкам прапануюцца больш за сто мадэляў трактароў, больш чым у двухстах зборачных варыянтах для ўсіх кліматычных і эксплуатацыйных умоў. На ўсе мадэлі атрыманы міжнародныя сертыфікаты. МТЗ не толькі распрацоўвае, вырабляе і экспартуе тэхніку і запасныя часткі. Прадпрыемства арганізуе на ліцэнзійнай аснове вытворчасць за мяжой, аказвае сервіснае абслугоўванне, праводзіць навучанне па эксплуатацыі сваёй тэхнікі.
Канкурэнтаздольнасць прадукцыі МТЗ праверана доўгім прадстаўніцтвам на рынках развітых краін. Трактары «BELARUS» выбіраюць за іх надзейнасць, прастату ў кіраванні, даступнае тэхнічнае абслугоўванне і ўмераныя цэны.
Беларускія трактары ўмеюць танцаваць. У свой дзень нараджэння, а таксама падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прадпрыемства здзіўляе мінчан і гасцей горада яркімі танцамі тэхнікі пад самыя розныя музычныя кампазіцыі — ад «Танца маленькіх лебедзяў» да знакамітай песні «Касіў Ясь канюшыну». Трактарны балет абяцаюць паказаць і на свяце ў гонар 75-годдзя МТЗ.
Трактарабудаўнікі працягваюць здзіўляць. Telegram-канал МТЗ апублікаваў відэа з трактарам-беспілотнікам у полі. Гэта макетны ўзор аўтаномнага трактара «BELARUS», які, магчыма, стане пачаткам новай эпохі для славутага прадпрыемства.