Падзяліцца:
«Паралелі. Справа на ўсё жыццё». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.08.2021
«Паралелі. Справа на ўсё жыццё». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

У Беларусі завяршаецца ўступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сярод самых папулярных спецыяльнасцей прадказальна называюць «міжнародныя адносіны», «правазнаўства» і нечакана «фізічную культуру». У Белдзяржуніверсітэце вялікую цікавасць выклікалі «дызайн» і «медыцынская экалогія», у БНТУ – «праграмнае забеспячэнне», «архітэктура» і «транспартная лагістыка».

Выбраць справу жыцця – складаная задача. Многія хочуць атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць, якая дасць магчымасць добра зарабляць і будаваць паспяховую кар’еру. А яшчэ праца павінна быць любімай і цікавай.

У Расіі палова выпускнікоў школ нацэлена на паступленне ва ўніверсітэты. Моладзь актыўна абмяркоўвае ў сацыяльных сетках на каго пайсці вучыцца, каб стаць запатрабаваным на рынку працы. Вось некалькі ідэй. «Грамадска-палітычная экспертыза і кансалтынг». «Кіраванне разумнымі гарадамі». «Лічбавая гуманітарыстыка» – новая спецыяльнасць на стыку гуманітарных і камп’ютарных навук. Гэта гісторыкі, філолагі, літаратуразнаўцы з навыкамі праграміравання, якія самі могуць ствараць сайты.

У аналітыкаў расійскага партала па пошуку працы іншае меркаванне. Яны сцвярджаюць, што цяпер празмерна псіхолагаў, дызайнераў, юрыстаў і дэфіцыт інжынераў, урачоў і аграномаў. 8 з 10 выпускнікоў вну, якія атрымалі дыпломы аб гуманітарнай адукацыі, сёння не могуць уладкавацца па спецыяльнасці.

Цікава, што ў Расіі сёлета ўзрасла колькасць абітурыентаў, якія паступаюць па выніках алімпіяд, з-за чаго на некаторых факультэтах конкурс дасягнуў амаль тысячы чалавек на адно бюджэтнае месца! Вось канкрэтны прыклад. У Паўночна-Заходнім дзяржаўным медыцынскім універсітэце імя Мечнікава на спецыяльнасць «педыятрыя» 949 чалавек на месца. Аказалася, што на бюджэт у першую чаргу прайшлі мэтавікі і льготнікі, у тым ліку пераможцы алімпіяд. У выніку засталося ўсяго два месцы на бясплатнае навучанне.

Вну Германіі прапануюць каля 19000 навучальных праграм. Нягледзячы на такі вялікі выбар ёсць фаварыты сярод спецыяльнасцей. Прагматычныя нямецкія абітурыенты часцей за ўсё выбіраюць «эканоміку прадпрыемства». Ужо многія гады яна лідзіруе ў спісе самых папулярных спецыяльнасцей як сярод жанчын, так і мужчын. З такім дыпломам высокія шанцы знайсці працу з добрай зарплатай. Каля 79% выпускнікоў знаходзяць месца з першай спробы. Медыцына таксама па праве лічыцца папулярным выбарам. У тройцы прэстыжных спецыяльнасцей сярод юнакоў – «машынабудаванне». Традыцыйна карыстаюцца павагай у Германіі інфарматыка, юрыспрудэнцыя, электратэхніка і педагогіка.

Кітайская Народная Рэспубліка валодае магутнай эканомікай, якая мае патрэбу ў вопытных кваліфікаваных кадрах. Самыя спрыяльныя сектары для працаўладкавання – страхаванне, электронная камерцыя, нерухомасць, будаўніцтва і адукацыя. Дэфіцыт у кадрах адчувае сфера фінансаў, менеджменту, турызму, тэлекамунікацый і фармацэўтыкі. Часта патрабуюцца перакладчыкі, настаўнікі англійскай або рускай мовы. А самыя высокааплатныя прафесіі ў Кітаі – распрацоўшчык праграмнага забеспячэння, пілот паветранага транспарту, іпатэчны брокер, фінансавы аналітык і спецыяліст па продажы нерухомасці.

На падставе даных рэсурсаў па пошуку працы самыя высокааплатныя прафесіі ў Злучаных Штатах звязаны з медыцынай. Гэта анестэзіёлаг, хірург і стаматолаг. Таксама на лідзіруючых пазіцыях па зарплаце інфармацыйныя тэхналогіі, авіяцыя і менеджмент. Аднак вакансій у гэтых галінах вельмі мала. А самыя запатрабаваныя прафесіі ў ЗША – нізкааплатныя. Лягчэй знайсці працу ў гандлі, гасцінічна-рэстаранным бізнесе, сацыяльных службах. Вялікі попыт на офісных работнікаў – людзей у гальштуках, але не вельмі дарагіх касцюмах. Гэта звычайныя юрысты, спецыялісты па продажах, сеткавыя адміністратары, сакратары.

У Злучаных Штатах кар’ера залежыць ад узроўню падрыхтоўкі і жадання развівацца. Напрыклад, дыплом урача не гарантуе высокую зарплату, калі няма вопыту і кваліфікацыі. І наадварот, менш даходная галіна здольная прыносіць вялікія грошы тым, хто дабіўся поспеху ў прафесіі. Напэўна, гэта справядліва для любой краіны. Сучасны рынак працы мяняецца, запатрабаванымі становяцца таксама прафесіі, якім не вучаць у вну.

Дарэчы, і ў Беларусі часам па рабочых прафесіях выпускнікі каледжаў зарабляюць больш, чым выпускнікі ўніверсітэтаў. А ўступная кампанія на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі яшчэ працягваецца. Наперадзе тыдзень, каб падаць дакументы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: