Уявіце сабе дзіўную сітуацыю: вы вярнуліся з адпачынку і не можаце трапіць дадому, таму што ў вашай кватэры жывуць чужыя людзі, якія змянілі замкі і не пускаюць на парог. На жаль, гэта стала рэальнасцю для некаторых краін, дзе на фоне пандэміі набірае абароты сквотынг — самавольнае засяленне ў чужое жыллё.
Гэта стала магчымым з-за асаблівасцей мясцовага заканадаўства. Выселіць захопнікаў можна толькі праз суд, а ён у некаторых выпадках апраўдвае такія дзеянні: лічыцца, што любы чалавек мае права на жыллё. Такая праблема ў Еўропе існавала і раней, але цяпер яна стала больш турбаваць уладальнікаў нерухомасці, якія з-за закрытых межаў і іншых каранавірусных абмежаванняў вымушаны пакідаць свае дамы і кватэры без нагляду. Пасля таго, як шэраг краін Еўропы аслабілі каранцін і знялі абмежаванні на перамяшчэнні, уладальнікі нерухомасці сталі вяртацца на міжземнаморскія курорты. Некаторыя з іх былі шакіраваны — жыллё аказалася занята бяздомнымі.
Праблема сквотынгу актуальная для Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Кіпра, Францыі і іншых краін. Засяляюцца ў чужыя дамы і кватэры нярэдка цэлымі сем’ямі. Захопнікі, як правіла, выхадцы з афрыканскіх краін і Усходняй Еўропы. Часта гэта мігранты, якія не хочуць жыць у сацыяльным жыллі, а самавольна займаюць больш камфортнае. Сярод захопнікаў не толькі замежнікі і маргіналы. Нярэдка гэта прадстаўнікі сярэдняга класа, якія не здолелі выплаціць крэдыт па іпатэцы. Яны застаюцца жыць у закладным жыллі, уносяць плату за камуналку. Многія так жывуць гадамі, перабіраюцца з адной кватэры ў іншую. Такіх гісторый было шмат пасля крызісу 2008 года і цяпер, падчас каранціну, зноў назіраецца ўсплёск самавольных засяленняў. Для такіх людзей – гэта крок адчаю.
Іспанскія «акупас» або захопнікі чужога жылля – страшны сон уладальніка нерухомасці. Асабліва, калі гэта яго адзінае жыллё. Можна ўварвацца ва ўласны дом сілай, але такі метад прывядзе ў паліцэйскі ўчастак самога ўласніка. Паліцыя таксама не мае права ўвайсці ў занятае кімсьці памяшканне. Нават калі ўладальнік прад’явіць усе неабходныя дакументы, яму не дазволяць забраць рэчы, калі «госць» не аддасць іх па сваім жаданні. Даходзіць да смешнага. Уласнік жылля выклікае паліцэйскіх, якія звоняць у кватэру. Калі за дзвярыма чуюць гукі людзей або жывёл, значыць, там хтосьці жыве і гэта дастатковая падстава, каб не ўваходзіць. Няшчаснага ўласніка накіроўваюць у суд.
Калі жыллё ў Іспаніі захоплена, на яго вызваленне патрабуецца нямала сродкаў і часу. Так, выдаткі на адвакатаў, натарыусаў, спецыялістаў па замках складуць каля 30 тысяч еўра. А сам працэс высялення можа зацягнуцца на два гады. Судовы прыстаў апавяшчае сквотараў аб даце і месцы слухання. Суддзя выносіць рашэнне аб высяленні і выплаце гаспадару кампенсацыі за пражыванне. Пасля таго ёсць 15 дзён на абскарджанне. Па заканчэнні гэтага тэрміну прыстаў абавязкова павінен уручыць ордэр на высяленне. З моманту яго атрымання ў захопнікаў ёсць два месяцы, каб пакінуць памяшканне. Калі за гэты час яны не вызваляць дом, прыйдзецца звярнуцца да судовага прыстава па дазвол на выкарыстанне грамадскіх сіл. Пасля гэтага ён звяжацца з паліцэйскім участкам для працэдуры высялення, а таксама слесарам для адкрыцця і замены дзвярных замкоў.
Праблему пагаршае тое, што захоп дамоў і кватэр стаў злачынным бізнесам. Усё часцей прымяняецца метад, калі «акупас», захапіўшы кватэру, самі тэлефануюць у паліцыю і паведамляюць, што знаходзяцца там ужо некалькі дзён, што робіць немагчымым тэрміновае высяленне без рашэння суда. Мафія выкарыстоўвае маламаёмасныя сем’і з маленькімі дзецьмі. Часта ім нават плацяць, каб нейкі час жылі ў чужой кватэры. Выгнаць сям’ю з непаўналетнімі законныя ўладальнікі і паліцыя могуць толькі з дапамогай сацыяльных службаў. Па такой прычыне высяленне адмяняецца, а за гэты час у кватэру трапляюць новыя шматдзетныя «госці», часцей за ўсё мігранты з Паўночнай Афрыкі.
Домаўладальнікі сталі сапраўднымі ахвярамі сітуацыі. Прычым паліцыя з-за дзіўных законаў не можа аказаць дапамогу. У некаторых іспанскіх гарадах мясцовыя жыхары былі вымушаны аб’яднацца, каб выгнаць бяздомных і гастарбайтараў з захопленых дамоў.
Самавольнае засяленне – біч усёй Еўропы. У апошні час захопліваюць не толькі жылыя квадратныя метры, але і офісы, у якіх, па сутнасці, ёсць усе ўмовы – пліта, канапа, халадзільнік, нават душавыя.
У адрозненне ад Іспаніі ў іншых еўрапейскіх краінах улады дзейнічаюць у дачыненні да захопнікаў чужой уласнасці больш рашуча. У Лондане група сквотараў самавольна засялілася ў асабняк расійскага мільянера. Гэта быў пяціпавярховы дом у адным з самых дарагіх раёнаў брытанскай сталіцы за 15 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Там размясціліся каля 30 бяздомных, многія з якіх раней начавалі на вакзале. Зрэшты, пратрымаліся сквотары нядоўга, іх выселілі па рашэнні суда.
У Францыі пенсіянеры з Ліёна даведаліся, што іх дом у правінцыі заняла сям’я мігрантаў з дзецьмі. Суд устаў на бок гаспадароў, аднак яго рашэнне наўрад ці ўзрадавала. Пасля трох месяцаў цяжб пара змагла вярнуць свой другі дом, але той быў у жахлівым стане. За незаконнае засяленне ў чужы дом сквотары атрымалі восем месяцаў умоўна.