Падзяліцца:
«Паралелі. Вада даражэй за нафту». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.06.2022
«Паралелі. Вада даражэй за нафту». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Кажуць, што без вады чалавек можа пражыць толькі трое сутак. Гэта той рэсурс, які нічым не заменіш, і ў свеце яго становіцца ўсё менш. Вады на планеце – 360 мільёнаў квадратных кіламетраў, пры гэтым чалавек можа выкарыстоўваць менш за 3% гэтага аб’ёму. У рэках і азёрах знаходзіцца 0,1% усіх запасаў пітной і мінеральнай вады, каля 2% – у ледніках. Яна становіцца ўсё больш каштоўным прадуктам і па цане паступова апераджае іншыя карысныя рэсурсы. На змену вуглевадародам у энергетыцы прыходзяць дзясяткі іншых крыніц, а прэснай вадзе альтэрнатывы няма.

Падземныя воды лічацца найважнейшым прыродным рэсурсам Беларусі. Запасы ў шмат разоў перавышаюць сучасныя аб’ёмы спажывання. У цэлым у нашай краіне больш за 650 радовішчаў прэсных і мінеральных вод. І гэта толькі 15% ад усіх патэнцыяльных запасаў. Падземныя воды добра абаронены ад тэхнагеннага забруджвання. Дзякуючы чаму здольныя доўгі час захоўваць якасць.

Адзіная прыродная праблема – павышанае ўтрыманне жалеза і, нярэдка, марганцу. Максімальнае ўтрыманне гэтых хімічных элементаў характэрна для зоны Палесся. Як правіла, выкарыстанне такіх вод у сістэмах водазабеспячэння і для бутылявання магчыма толькі пасля адпаведнай падрыхтоўкі. Дарэчы, такая ж праблема назіраецца і ў іншых краінах: Расіі, Швецыі, Фінляндыі, Германіі.

Многія жыхары Беларусі адчуваюць дэфіцыт у вітамінах і мікраэлементах. Для папаўнення такімі рэчывамі з вялікім поспехам могуць выкарыстоўвацца мінеральныя воды айчыннай вытворчасці. Як паказаў аналіз, беларуская мінералка змяшчае важныя кампаненты на ўзроўні сутачных патрэб чалавека. Па сваім складзе яна не саступае дарагім замежным брэндам. У прыватнасці, па якасных паказчыках мінералкі беларускіх вытворцаў могуць скласці годную канкурэнцыю аналагам расійскай вытворчасці і заняць нішу на ёмістым рынку суседняй краіны.

Шэраг свідравін даюць ваду, якая можа быць рэкамендавана ў якасці лячэбна-сталовай. Яе ўжываюць пры многіх захворваннях. Па мінеральным саставе беларускія воды падзяляюцца на некалькі класаў: гідракарбанатныя, сульфатныя, хларыдныя, складаныя. У некаторых ёсць біялагічна актыўныя кампаненты, якія павышаюць іх каштоўнасць: серавадарод, бром, ёд, фтор.

Прадаваць бутыляваную ваду выгадна. Ёсць вядомыя маркі, якія каштуюць даражэй за нафту! Сусветныя продажы вымяраюцца сотнямі мільярдаў долараў. Сярэднестатыстычны еўрапеец, у залежнасці ад краіны пражывання і, вядома ж, клімату, спажывае ад 100 да 300 літраў бутыляванай вады за год. Нават у багатых краінах ЕС каля 50 мільёнаў чалавек маюць абмежаваны доступ да чыстай пітной вады. Урбанізацыя мае негатыўныя наступствы: камунальныя сеткі пракладвалі даўно, вада з-пад крана не самая чыстая. Таму і расце попыт на бутыляваную.

Цікава, што ў сабекошце бутэлькі сама вада можа складаць толькі некалькі працэнтаў. Асноўныя выдаткі звязаны з вытворчасцю і ўпакоўкай. Таксама вялікія расходы на лагістыку, транспарт, маркетынг, рэкламу, гандаль. Неабходна гарантаваць якасць і бяспеку. А яшчэ атрымаць прыбытак. У выніку вада ў бутэльцы можа каштаваць вельмі дорага.

Італія ўваходзіць у лік краін-лідараў па спажыванні мінеральнай вады ў бутэльках. Паводле ацэнак, кожны жыхар выпівае больш за 200 літраў за год. Як і на іншых харчовых прадуктах, на бутэльцы, шкляной або пластыкавай, ёсць этыкетка, дзе паведамляюцца характарыстыкі, метады захоўвання, а таксама дата, да якой пажадана спажыць прадукт. Атрымліваецца, што вада мае тэрмін прыдатнасці? Італьянскі закон дае адказ на гэта пытанне: мінеральная вада не мае такога тэрміну, яго мае бутэлька. Гэта перыяд, на працягу якога ўпакоўка лічыцца бяспечнай для чалавека і дазваляе захаваць хіміка-фізічныя і смакавыя характарыстыкі прадукту. Таму мінеральную ваду пажадана спажыць на працягу трох гадоў, калі яна разліта ў шкло, або на працягу 1–2 гадоў, калі бутэлька пластыкавая.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: