Падзяліцца:
«Паралелі. Вайна ці мір?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 25.08.2021
«Паралелі. Вайна ці мір?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Зараз ва ўсім свеце сочаць за сітуацыяй у Афганістане. Гэта дзяржава ўжо дзясяткі гадоў застаецца «гарачай кропкай» планеты. Вайна разбурыла краіну і не дае афганцам часу яе аднавіць. ЗША ўвялі свае сілы ў Афганістан у кастрычніку 2001 года. Выдаткі на аперацыю, толькі па афіцыйных даных, набліжаюцца да трыльёна долараў. У асноўным гэта расходы на ваеннае ўмяшанне, яшчэ некалькі дзясяткаў мільярдаў выдаткавана на праекты па аднаўленні краіны. Акрамя таго, амерыканская кантрольная арганізацыя прызнавала, што каля 15 мільярдаў страчаны з-за махлярства, растрат і злоўжыванняў. Аналіз паказвае, што афіцыйныя лічбы кошту вайны ў Афганістане моцна заніжаныя. Калі дадаць выдаткі на ваенныя пенсіі і медыцынскую дапамогу ветэранам, расходы іншых міністэрстваў на ваенныя патрэбы, працэнты па ваенных пазыках, то з улікам гэтага кошт вайны набліжаецца да двух трыльёнаў долараў.

На жаль, Афганістан – толькі адзін з многіх рэгіёнаў свету, дзе ў ХХІ стагоддзі працягваюцца ўзброеныя канфлікты. Нягледзячы на ўсе заклікі да міру на планеце не спыняюцца войны рознай ступені інтэнсіўнасці. Зараз канфлікты працягваюцца амаль на ўсіх кантынентах. Пачынаючы з кровапралітных грамадзянскіх войнаў у Афрыцы і заканчваючы беспарадкамі ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Лацінскай Амерыцы. Даследчыкі налічваюць дзясяткі сучасных войнаў, але часам гэта лічба даходзіць амаль да сотні. Па даных ААН, за апошнія 20 гадоў колькасць бежанцаў падвоілася. Кожны 97-ы чалавек у свеце з’яўляецца вымушаным перасяленцам.

Уся гісторыя чалавецтва – гэта пераважна гісторыя войнаў і ўзброеных канфліктаў. Вучоныя падлічылі, што за мінулыя 50 стагоддзяў народы перажылі больш за 14500 вялікіх і малых войнаў. За ўсе гады існавання чалавецтва толькі 292 гады былі абсалютна мірнымі. ХХ стагоддзе спарадзіла сусветныя вайны. У першай з іх удзельнічала амаль 40 дзяржаў, у другой – больш за 60. Пасля Другой сусветнай на працягу 40 гадоў было развязана 260 войнаў (па 6-7 у год), а ў XXI стагоддзі – больш за 150.

Войны заўсёды суправаджалі развіццё нашай цывілізацыі. Былі шматлікія дынастычныя і рэлігійныя войны. Немалаважную ролю ў развязванні войнаў ігралі эканоміка і фінансы. Адным з фактараў войнаў мінулага стагоддзя сталі нацыянальна-вызваленчыя і рэвалюцыйныя рухі. Многія войны вяліся з-за падзелу сфер уплыву і тэрыторый. Зараз з’яўляюцца новыя прычыны. Усё часцей аналітыкі, калі кажуць пра будучыя сур’ёзныя канфлікты, маюць на ўвазе сутыкненні не краін і народаў, а цывілізацый. Гэта сітуацыя, калі адна цывілізацыя або дзяржавы, якія прадстаўляюць яе, ставіць мэту гвалтоўнымі сродкамі знішчыць іншую, выцесніць культуру і лад жыцця, насадзіць замест іх свае. У будучыні галоўнай прычынай канфліктаў у свеце можа стаць барацьба за крыніцы сыравіны і выжыванне на планеце.

Пераважная большасць канфліктаў разгортваецца ў бедных і слабых краінах. Аднак развітыя дзяржавы таксама ўцягнуты ў гэтую спіраль гвалту: яны пастаўляюць зброю і тэхніку, аказваюць інфармацыйную падтрымку, уводзяць кааліцыйныя войскі. Характар вайны мяняюць новыя тэхналогіі. На тэрыторыі Сірыі баевікі некалькі гадоў паспяхова выкарыстоўвалі дроны, якія можна купіць у любым магазіне тэхнікі. Менавіта з беспілотнікаў скідалі ўзрыўчатку на танкі. Зараз расце роля кібервайны і кіберразведкі. Ваенныя ведамствы многіх краін ужо афіцыйна прыраўнялі кібератакі да традыцыйных ваенных дзеянняў і заявілі аб сваім праве рэагаваць на іх як на акт агрэсіі. Гібрыдны характар сучасных ваенна-палітычных канфліктаў праяўляецца ў камбінацыі розных тактык. Акрамя ўзброеных сіл і спецыяльных службаў, выкарыстоўваецца інфармацыйнае ўздзеянне, кібератакі ў спалучэнні з эканамічным ціскам.

Сумарна ў дзвюх сусветных войнах ХХ стагоддзя загінулі больш за 100 мільёнаў чалавек. Здавалася б, гэта ўрок, які нельга забыць. Але рэальнасць такая, што пакуль існуюць дзяржавы, захоўваюцца вострыя палітычныя, эканамічныя, міжнацыянальныя супярэчнасці, якія не заўсёды ўдаецца ўрэгуляваць мірным шляхам. Таму чалавецтву ад войнаў пакуль не ўдаецца пазбавіцца.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: