Тэрмін «новая нармальнасць» атрымаў шырокае распаўсюджванне пасля фінансавага крызісу 2007-2008 гадоў і ў асноўным выкарыстоўваўся для апісання сацыяльна-эканамічных наступстваў глабальнай рэцэсіі. Пандэмія напоўніла гэты выраз новым сэнсам. Пра многія рэчы, якія мы лічылі неад’емнай часткай жыцця, прыйшлося забыць. Па-новаму зірнулі на ролю лічбавізацыі і магчымасці, якія яна адкрывае для працы, вучобы і вольнага часу. Людзі вымушаны прыстасоўвацца да сітуацыі, дзе сацыяльнае дыстанцыраванне і самаізаляцыя сталі «новай нармальнасцю».
Пераход у віртуальнасць быў імклівым – сустрэчы замяніла відэасувязь. Папулярнасць чатаў і групавых відэазванкоў павялічылася шматразова. Людзі ў розных краінах сталі адзначаць нараджэнне дзяцей, навагоднія святы, вяселлі ў віртуальнай прасторы, а таксама праводзіць сустрэчы з роднымі, сябрамі і калегамі анлайн.
Аддаленая праца стала адным з асноўных выклікаў. За лічаныя дні многія працоўныя сустрэчы і камунікацыя перамясціліся ў анлайн. У пачатку пандэміі мы ўсе спадзяваліся, што гэта на кароткі час, і што для працы будзе дастаткова тэлефонных канферэнцый. Але затым стала зразумела, што «новая нармальнасць» прыйшла надоўга і трэба мяняць звычкі.
Напрыклад, у Расіі за год да пандэміі дыстанцыйныя супрацоўнікі былі ў штаце кожнай чацвёртай кампаніі, прычым аддалены фармат працы быў больш характэрны для малога бізнэсу або буйных міжнародных ІТ-кампаній. Цяпер аддаленая праца перастае быць чымсьці несур’ёзным. Чакаецца распаўсюджванне такой практыкі ў многіх кампаніях, а значыць гэта форма занятасці стане звычайнай з’явай, сучасным стандартам.
Нават такая консерватыўная сфера, як адукацыя, для якой важна сацыяльнае ўзаемадзеянне, вымушана перабудоўвацца. У многіх краінах школы і ўніверсітэты спынілі працу, а ў некаторых – застаюцца закрытымі да гэтага часу. Педагогі аказаліся адной з самых уразлівых прафесій, паколькі яны пазбавіліся магчымасці працаваць з навучэнцамі асабіста. Каб вырашыць праблему, мільёны настаўнікаў і выкладчыкаў па ўсім свеце пачалі весці заняткі з дапамогай відэазванкоў і зрабілі групавыя чаты асноўным каналам узаемадзеяння.
Пандэмія спрыяла развіццю тэлемедыцыны ва ўсім свеце. Попыт на дыстанцыйныя кансультацыі вырас імгненна. І гэта тычыцца не толькі прыватных клінік. Ва ўсім свеце тэлемедыцына паступова становіцца запатрабаванай і нават абавязковай паслугай. Многія страхавыя кампаніі ўключаюць тэлемедыцынскія паслугі ў свае прапановы.
Феномен «новая нармальнасць» звязаны і з пэўнымі пагрозамі. Так, эканамічныя наступствы пандэміі выклікалі актывізацыю фінансавых махляроў. Акрамя таго, звужаецца асабістая свабода ў сувязі з укараненнем лічбавага кантролю. Так, некаторыя краіны сталі ўжываць высокатэхналагічнае сачэнне для таго, каб пераканацца, што людзі, якіх абавязалі выконваць каранцін, заставаліся дома. Напрыклад, у Ганконгу ўвялі «каранцінны бранзалет», у Паўднёвай Карэі адсочвалі па геалакацыі ў тэлефоне. Алгарытм штучнага інтэлекту відэакамер распазнае твар, нават калі чалавек выкарыстоўвае акуляры, вусы ці бараду. Распрацоўваюцца сістэмы распазнання людзей па голасе і руху цела.
Асабліва змянілася жыццё людзей, чыя праца была звязана з паездкамі. Цяпер многае даводзіцца рабіць анлайн. Апытанне кампаній у ЗША, Еўропе і Азіі паказвае, што 84 % з іх плануюць менш траціць на камандзіроўкі пасля пандэміі. Паводле звестак Сусветнай асацыяцыі дзелавых паездак, да 2024 года выдаткі на карпаратыўныя паездкі могуць знізіцца на 200 мільярдаў долараў. Прыводзяць аргумент: пандэмія паказала, што анлайн-сустрэчы дазваляюць больш эфектыўна выкарыстоўваць час і фінансавыя рэсурсы. Складаныя тэхналогіі дазваляюць рабіць аддалена тое, аб чым раней нават не падазравалі.
Відэаканферэнцыі, аддаленая праца, магчымасць кіраваць працэсамі з дапамогай дадаткаў і мабільнага тэлефона прынеслі эканомію часу і фінансаў. Многія кампаніі ацанілі гэтыя тэхналогіі і ўжо не хочуць вяртацца да старога парадку. Гэта значыць, што свет не будзе ранейшым. Усё ідзе да таго, што «новая нармальнасць» стане неад’емнай часткай нашага жыцця.