Падзяліцца:
«Паралелі. Ведаць і шанаваць мову свайго народа». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.02.2021
«Паралелі. Ведаць і шанаваць мову свайго народа». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

«Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. Роднае словагэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю», – так казаў народны паэт Беларусі Якуб Колас, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы і новай беларускай літаратуры.

Увесь апошні тыдзень у Беларусі праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Гэта свята заснавана рашэннем ЮНЕСКА, яго галоўная мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымка нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. ЮНЕСКА заклікае краіны свету, у мэтах дасягнення ўстойлівага развіцця, забяспечыць доступ да навучання як на роднай, так і на іншых мовах. Менавіта праз авалоданне першай або роднай мовай набываюцца асноўныя навыкі, мовы карэнных народаў з’яўляюцца носьбітамі культуры, каштоўнасцей і традыцыйных ведаў.

Зараз у розных краінах людзі гавораць на шасці тысячах моў, і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Гэта значыць, што тры тысячы моў маюць надзвычай абмежаваны ўжытак, яны рызыкуюць у бліжэйшы час страціць сваіх апошніх носьбітаў.

Кожная мова мае сваю складаную сістэму гукаў, значэнняў і граматычных правілаў. Вядома, на некаторых мовах размаўляюць толькі мясцовыя жыхары, іншыя ж мовы маюць больш шырокае распаўсюджванне ў свеце. Адны з’яўляюцца пісьмовымі, іншыя – не; у розных мовах выкарыстоўваюцца свае сістэмы напісання, і кожнай мове ўласцівыя свае жэсты і рухі цела, што адлюстроўвае, у сваю чаргу, культурныя нормы. Разам з тым, кожная мова – унікальная жывая спадчына, якую варта берагчы.

Зараз людзі розных народнасцей, краін і кантынентаў карыстаюцца адной і той жа тэхнікай, п’юць тыя ж лекі, ездзяць на машынах аднолькавых марак, глядзяць адны і тыя ж тэлепраграмы. Далучэнне да выгод цывілізацыі вядзе да страты нацыянальнай спецыфікі. Тым больш важна ў такой сітуацыі захаваць сваю мову і развіваць мастацкую культуру, якая ўвасабляе ў вобразах традыцыі і рысы нацыянальнага характару.

Самая значная па колькасці носьбітаў – кітайская мова. На ёй размаўляюць паўтара мільярда чалавек. У тым ліку больш за 20 мільёнаў – за межамі Кітая. Але ёсць такія, уплыў якіх распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Безумоўны лідар – англійская. Яна служыць галоўнай мовай зносін у Паўночнай Амерыцы, на Брытанскіх астравах, у Аўстраліі і Новай Зеландыі. А яшчэ цэлы мільярд зямлян ведае англійскую таму, што гэта глабальная мова бізнесу і навукі. Англійская – адна з афіцыйных моў у 60 краінах. У Еўропе амаль 300 мільёнаў чалавек здольныя на ёй гаварыць. Дарэчы, людзей, якія валодаюць дзвюма мовамі, называюць білінгвамі. Да іх адносіцца большасць жыхароў зямлі, у тым ліку і беларусы, якія маюць дзве дзяржаўныя мовы. Тыя, хто ведае тры мовы, – палілінгвы, а больш за тры – паліглоты. Ёсць краіны, дзе валоданне некалькімі мовамі – норма. Напрыклад, Швейцарыя з яе чатырма дзяржаўнымі мовамі.

На фоне моўнай глабалізацыі ўсё больш краін прымаюць меры, каб умацаваць прэстыж сваёй нацыянальнай мовы ў свеце. У якасці прыкладу можна прывесці краіны з багатай культурнай спадчынай – Германію, Францыю, Расію. А што робім мы для захавання і развіцця нашай роднай мовы? У Нацыянальнай акадэміі навук, дзе праходзіў Тыдзень роднай мовы, адзначылі, што ў Год народнага адзінства важна звярнуць увагу на функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у якіх павінна выкарыстоўвацца дзяржаўная мова краіны і тытульнай нацыі.

Паводле перапісу насельніцтва, беларуская мова – родная для большасці жыхароў краіны. Гэта адзначылі 61,2 працэнта нашых суайчыннікаў. Сотні тысяч чалавек называюць роднай або ведаюць беларускую мову ў Расіі, Украіне, Польшчы. А ўсяго за межамі нашай краіны пражывае па розных падліках да 3 з паловай мільёнаў этнічных беларусаў. У замежных краінах дзейнічае больш за 200 зарэгістраваных арганізацый беларускай дыяспары. У многіх еўрапейскіх краіных можна вывучаць нашу мову ў школах і ўніверсітэтах. Выкладаюць яе, выпускаюць друкаваныя выданні альбо маюць беларускія бібліятэкі і ў больш далёкіх краінах: ЗША, Канадзе, Аргенціне. А найбольшыя магчымасці дае сёння інтэрнет. Так, Беларускае радыё слухаюць на ўсіх кантынентах, што пацвярджае і чытацкая пошта, і статыстыка наведвання нашага сайта.

Мова – неад’емная частка нашага жыцця, самабытнасці, складу думак і паводзін. Можна ведаць шмат моў, але самая важная – мова нашага дзяцінства, на якой гавораць у сям’і, на якой упершыню чалавек пазнае навакольны свет. І гэты здабытак мы павінны перадаць наступным пакаленням.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: