Падзяліцца:
«Паралелі. Як зарабіць большую пенсію?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.02.2021
«Паралелі. Як зарабіць большую пенсію?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Кожны дзясяты жыхар нашай планеты – пенсіянер па ўзросце. Да 2070 года, па даных ААН, такіх людзей будзе 20 працэнтаў. У сувязі з ростам працягласці жыцця дзяржавы свету шукаюць дадатковыя рэсурсы для падтрымкі пажылых людзей, аналізуюць плюсы і недахопы пенсіённых сістэм у розных краінах.

Пенсіённае забеспячэнне з’явілася адносна нядаўна. Першай увяла сістэму дзяржаўных пенсій для людзей, старэйшых за 70 гадоў, Германская імперыя ў 1889-м. Гэта былі невялікія грошы, а дажывалі ў той час да такога ўзросту нямногія. Аднак гэта здымала сацыяльную напружанасць і стала прыкладам для іншых краін. У Даніі пенсіённую сістэму заснавалі ў 1891 годзе, у Вялікабрытаніі – ў 1908-м, у Францыі – у 1910-м. У Расіі пенсіі пачалі ўводзіць яшчэ пры Пятры І, аднак усеагульная пенсіённая сістэма з’явілася, як і ў большасці краін, толькі ў дваццатым стагоддзі. У кожнай краіне сістэма ўладкавана па-свойму. У адных большую частку нагрузкі бярэ на сябе дзяржава, а ў іншых улады стымулююць грамадзян самастойна адкладаць сабе на старасць.

Пенсіённы ўзрост у Вялікабрытаніі складае 65 гадоў для жанчын і мужчын. Але яго павышэнне ўжо запланавана – да 67 гадоў да 2028 года і да 68 гадоў да 2035-га. Хоць ёсць прапановы павысіць яго да 70 і нават 75 гадоў! Большая частка брытанцаў робіць назапашванні ў прыватных фондах, каб атрымаць прыбаўку да дзяржаўнай пенсіі.

У ЗША складаная сістэма пенсіённага забеспячэння. Дзяржава выплачвае ўтрыманне грамадзянам, што дасягнулі пэўнага ўзросту, памеры залежаць ад штата і льгот, на якія можа прэтэндаваць чалавек. Таксама ў ЗША моцна развітыя прыватныя пенсіённыя фонды, а многія карпарацыі маюць уласныя праграмы для супрацоўнікаў.

Нідэрланды рэгулярна займаюць першыя месцы ў рэйтынгах лепшых пенсіённых сістэм. Пенсія складаецца з некалькіх частак: фіксаваная дзяржаўная выплата, прафесійная і асабістыя назапашванні. Нацыянальная асаблівасць у тым, што адзінокія людзі атрымліваюць большыя выплаты ад дзяржавы, чым шлюбныя пары. Гэта тлумачыцца тым, што адзінокім няма з кім падзяліць расходы на базавыя патрэбы.

Ёсць меркаванне, быццам бы ў Кітаі не плацяць пенсій. Сапраўды, яшчэ гадоў дваццаць таму кітайцам у старасці даводзілася разлічваць выключна на сваіх дзяцей. Але зараз пенсіённая сістэма працуе, праўда яна пачала фарміравацца параўнальна нядаўна. Найбольш распаўсюджаная пенсія ўтвараецца з адлічэнняў ад заробку. Работнік пералічвае ў фонд 8 працэнтаў, а яшчэ 20 – яго наймальнік. Акрамя таго, кожны чалавек можа адкрыць свой накапляльны рахунак. Ёсць і іншыя дадатковыя механізмы фінансавання пенсій, напрыклад, праз Нацыянальны фонд сацыяльнага забеспячэння. Іншы від выплат атрымліваюць чыноўнікі, ім даплачвае дзяржава. Сяляне, якія не маюць даходу, а таксама беспрацоўныя гарадскія жыхары забяспечваюцца мінімальным утрыманнем ад дзяржавы. Старэнне насельніцтва Кітая адбываецца хутчэй, чым растуць пенсіённыя фонды. Чакаецца, што ў 2050 годзе армія непрацуючых грамадзян старэйшых за 60 гадоў складзе 335 мільёнаў чалавек.

У Беларусі пенсіённы ўзрост для мужчын цяпер складае 62 гады і 6 месяцаў, для жанчын 57 гадоў і 6 месяцаў. У праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшыя пяць гадоў гаворыцца аб неабходнасці фарміравання эфектыўнай шматузроўневай пенсіённай сістэмы, што будзе спрыяць павышэнню яе ўстойлівасці. Пры захаванні асноўнай ролі дзяржавы атрымаюць развіццё карпаратыўныя пенсіённыя праграмы наймальнікаў, прафесійнае пенсіённае страхаванне работнікаў, прыватныя зберажэнні шляхам добраахвотнага накапляльнага страхавання. Суадносіны сярэдняга памеру дзяржаўнай пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы работнікаў будзе падтрымлівацца на ўзроўні не менш за 40 працэнтаў.

Якім чынам можна павялічыць памер сваёй пенсіі? Самы відавочны адказ: даўжэй працаваць, таму што пенсія залежыць ад стажу. Больш зарабляць, гэта таксама забяспечыць прыбаўку да пенсіі. Можна пры дасягненні пенсіённага ўзросту працягваць працаваць і плаціць узносы, не афармляючы пенсію. Такім чынам, памер адкладзенай выплаты вырасце істотна. І, нарэшце, страхаванне дадатковай пенсіі. У Беларусі такі механізм ахоплівае толькі 4 працэнты работнікаў, але вопыт іншых краін паказвае, што за ім будучыня.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: