Колькасць ахвяр каранавіруса ў свеце набліжаецца да 3 мільёнаў. Злучаныя Штаты Амерыкі на першым месцы, там больш за 560 тысяч памерлых. Як адзначылі амерыканскія журналісты, гэта больш, чым загінула сумарна грамадзян ЗША падчас Першай і Другой сусветных войнаў, а таксама вайны ў В’етнаме. Страты сусветнай эканомікі ад пандэміі COVID-19 вымяраюцца трыльёнамі долараў і больш чым у два разы перавысілі шкоду, нанесеную сусветным эканамічным крызісам 2008 года. Пандэмія аказвае ўплыў на ўсе сферы жыцця. Аднак ёсць наступствы, якія пакуль цяжка ацаніць, але яны могуць сур’ёзна адбівацца ў доўгатэрміновай перспектыве.
Пандэмія, эканамічны крызіс і песімізм выклікалі рэзкі спад нараджальнасці ва ўсім свеце, што дорага абыйдзецца чалавецтву. Насуперак чаканням, лакдаўны і каранціны, якія вымусілі сем’і ў розных краінах праводзіць разам нашмат больш часу, чым раней, не павысілі, а, наадварот, рэзка скарацілі нараджальнасць. Гэта датычыцца і Азіі, і заклапочанай старэннем насельніцтва Еўропы. Прычынай падзення нараджальнасці лічаць не толькі сацыяльную дыстанцыю, медыцынскія маскі, абмежаванне кантактаў. Праблема звязана з няўпэўненасцю сем’яў у шчаслівай будучыні і з сумненнямі, што пандэмія ў хуткім часе завершыцца.
Спад нараджальнасці адзначаецца па меры паступлення статыстычных даных за мінулы год практычна ва ўсіх краінах і рэгіёнах свету. Францыя перажывае самы нізкі ўзровень нараджальнасці з часоў Другой сусветнай вайны. У Італіі нараджальнасць зменшылася больш чым на 20%. У Латвіі яна штомесяц зніжаецца з ліпеня: летась у другім паўгоддзі нарадзілася на 11% менш дзяцей. Улады Кітая, самай населенай краіны свету, паведамляюць пра 15-працэнтнае скарачэнне колькасці рэгістрацый нованароджаных. На катастрафічны спад агульнага каэфіцыента фертыльнасці, гэта значыць колькасці дзяцей на адну жанчыну рэпрадуктыўнага ўзросту, указваюць Сінгапур, Тайвань, Японія і Паўднёвая Карэя, дзе гэты паказчык заўсёды быў вышэй, чым у Еўропе.
На думку экспертаў, якіх цытуе агенцтва Bloomberg, ранейшыя прагнозы адносна пачатку глабальнага працэсу зніжэння колькасці насельніцтва планеты прыкладна ў 2060 годзе можна выкінуць у сметнік. Пандэмія сур’ёзна наблізіла гэты момант. Летась і сёлета не з’явіліся на свет мільёны дзяцей. Адпаведна праз пару дзесяцігоддзяў будзе менш людзей працаздольнага ўзросту, якія плацяць падаткі і робяць адлічэнні ў пенсійныя фонды. Такім чынам, актуальная для Еўропы праблема старэння насельніцтва і недахопу сродкаў для забеспячэння пенсіянераў, набудзе яшчэ большую вастрыню.
Год таму ў ЗША праводзілі даследаванне сярод жанчын. Ужо тады кожная трэцяя з апытаных хацела адкласці нараджэнне дзіцяці або мець менш дзяцей з-за пандэміі. Інстытут Брукінгса падлічыў, што ў выніку пандэміі сёлета ў ЗША народзяцца на 300 тысяч немаўлят менш, чым у мінулым годзе.
Пасля ўвядзення каранціну на тэрыторыі Іспаніі спецыялісты таксама прагназавалі бэбі-бум. Такім дзецям нават далі назву «каранабумеры». Аднак, вынік атрымаўся зваротны – назіраецца значнае падзенне нараджальнасці. У Цэнтры дэмаграфічных даследаванняў Іспаніі мяркуюць, што ўзровень нараджальнасці ў бліжэйшы час можа знізіцца настолькі, што на адну жанчыну дзетароднага ўзросту будзе прыходзіцца не больш за адно дзіця.
Даследаванні настрояў насельніцтва ў розных краінах Захаду паказваюць, што да паловы жанчын, якія планавалі нарадзіць дзіця, адмовіліся ад гэтага намеру з-за няўпэўненасці ў дабрабыце сям’і і новай падсвядомай звычкі трымаць сацыяльную дыстанцыю. І гэта на фоне беспрацоўя, штодзённых паведамленняў пра новыя выпадкі захворвання і смерці, пра перапоўненыя бальніцы і недахоп вакцын.
Хоць з пачаткам пандэміі зніжэнне нараджальнасці ў Францыі было непазбежным, дэмаграфічны спад у краіне нельга тлумачыць выключна гэтай акалічнасцю, адзначае ў інтэрв’ю Le Figaro дэмограф Жэрар-Франсуа Дзюмон. Спецыяліст упэўнены, што рэзкае скарачэнне колькасці нараджэнняў стала вынікам планамернага знішчэння палітыкі падтрымкі сем’яў. Пры гэтым вырашыць праблему з дапамогай мігрантаў не атрымаецца. Паводле яго слоў, Еўропа перажывае «дэмаграфічную зіму», бо ўзровень нараджальнасці на кантыненце недастатковы для забеспячэння простай змены пакаленняў. Пачынаючы з 2012 года ў Еўрапейскім саюзе штогод колькасць смерцяў перавышае колькасць нараджэнняў. Калі параўнаць узровень нараджальнасці ў еўрапейскіх краінах і адрозненні ў сямейнай палітыцы, вынік відавочны: краіны са слабай сямейнай палітыкай маюць самыя нізкія паказчыкі нараджальнасці, а там, дзе сямейная палітыка больш рашучая, паказчыкі самыя высокія.
Французскі дэмограф упэўнены, што геапалітычныя наступствы спаду нараджальнасці для Еўропы ўжо відавочныя. Пандэмія абыходзіцца велізарнымі стратамі, але яе адтэрмінаваныя негатыўныя наступствы могуць аказацца не менш балючымі.