Падзяліцца:
«Паралелі. Захапленне на ўсе часы». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.09.2021
«Паралелі. Захапленне на ўсе часы». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага  

Чытанне – гэта неверагоднае вынаходніцтва. Кнігі вучаць нас быць лепшымі, узвышаюць духоўна, клічуць да светлага, даюць крылы і веды. Тое, што аднойчы надрукавана, становіцца агульным здабыткам на ўсе часы. Гэта і біяграфія нашага пакалення, і галасы далёкіх продкаў, мудрасць, што дайшла да нас праз стагоддзі і якую мы перададзім нашчадкам. Чытанне дазваляе атрымліваць новую інфармацыю ў камфортным тэмпе. Каб адправіцца ў нязведаныя месцы, нават не трэба ўставаць з канапы.

Неверагодна, але да XVIII стагоддзя любоў да чытання лічылася хваробай і нават апісвалася ў медыцынскіх даведніках. Да той жа эпохі адносіцца і з’яўленне крыўдных мянушак для людзей, захопленых чытаннем – «кніжны чарвяк», або «кніжны пацук». Толькі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Варшаве з’явілася першая ў Еўропе агульнадаступная бібліятэка. Кніжная калекцыя была ўнікальнай, аднак яе лёс трагічны. У 1794 годзе пасля няўдачы паўстання Тадэвуша Касцюшкі бібліятэка стала ваенным трафеем, кнігі адправілі ў Пецярбург, але многія з іх былі страчаны. У тыя часы чыталі, у асноўным, газеты, календары і рэлігійную літаратуру. Аднак вельмі хутка стаўленне грамадства да кніг стала мяняцца. Аматараў чытання станавілася ўсё больш, а ў 1899 годзе заснавана першае ў Еўропе Таварыства кнігалюбаў. Нават у гады Другой сусветнай вайны любоў да кнігі не згасала. У газетах тых гадоў часта сустракаліся аповеды пра тое, як воіны ратавалі з агню бібліятэчныя скарбы, перадавалі людзям асобнікі старадаўніх і каштоўных кніг.

У 50-я гады мінулага стагоддзя ў Савецкім Саюзе здарыўся сапраўдны чытацкі бум. Гэта было нечакана, бо некалькі дзесяцігоддзяў таму толькі пятая частка насельніцтва краіны лічылася пісьменнай. Тады ж правялі міжнароднае даследаванне, якое паказала, што жыхары Краіны Саветаў трацяць на чытанне кніг, газет і часопісаў 11 гадзін у тыдзень. Гэта амаль удвая больш, чым англічане, амерыканцы, французы ці нехта яшчэ. Так і ўзнік знакаміты выраз «СССР – самая чытаючая краіна ў свеце».

У другой палове 90-х гадоў па ўсім свеце сталі з’яўляцца грамадскія кніжныя шафы. У людных месцах любы чалавек мог узяць з кніжнай паліцы ў карыстанне або абмяняць адну ці некалькі кніг. А ХХІ стагоддзе прынесла яшчэ адну моду – буккросінг. Кнігу можна пакінуць у любым грамадскім месцы – у кафэ, тэатры, цягніку, метро, атэлі ці проста на лаўцы ў парку. Так кніжка знойдзе новага чытача, які праз пэўны час, калі захоча, можа перадаць яе іншаму.

Але многія краіны сутыкнуліся з адной і той жа праблемай: людзі адвыкаюць ад чытання. Тыражы кніг і газет сталі скарачацца, у чытання як важнай формы вольнага часу з’явілася шмат канкурэнтаў. Нават сталі задавацца пытаннем: ці выжыве кніга ў лічбавую эру?

Нечакана сцвярджальны адказ дала пандэмія. Продажы кніг зноў сталі расці. Напрыклад, у Іспаніі, па прагнозах аналітыкаў, да канца года кніжны гандаль можа дадаць 23 %. Гэта вельмі шмат, улічваючы адваротную тэндэнцыю апошняга часу. Эксперты задумаліся: чаму людзі зноў сталі купляць кнігі? І патлумачылі выбухны рост продажаў вымушаным хатнім зняволеннем, калі кнігі сталі альтэрнатыўнай формай вольнага часу ва ўмовах татальнай лічбавізацыі. Акрамя таго, пісьменнікі не сядзяць склаўшы рукі, з’явілася шмат цікавых кніжных навінак.

А як жа званне «самых чытаючых у свеце»? Каму яно належыць сёння? Беларусы па-ранейшаму любяць чытаць і, напэўна, разам з жыхарамі постсавецкай прасторы застаюцца ў першай дзясятцы. А самай спрыяльнай для чытаня краінай стаў Кітай. І не толькі таму, што ён самы густанаселены. Амаль 80 % кітайцаў паведамілі, што чытаюць кнігі кожны тыдзень. Вынікі Усекітайскага апытання паказваюць, што вялікай папулярнасцю карыстаецца чытанне на электронных прыладах. Зараз тры чвэрці людзей маюць доступ да інфармацыйнага кантэнту праз лічбавыя каналы.

А яшчэ ў Кітаі нібыта распрацавалі тэхніку «квантавага чытання», якая дазваляе прачытаць кнігу аб’ёмам у 100 тысяч слоў за 5 хвілін. Распрацоўшчыкі нават аб’явілі набор дзяцей у групы па навучанні гэтай тэхніцы. Кітайскія СМІ папярэдзілі: майстры «квантавага чытання» – ашуканцы, да іх нельга падпускаць дзяцей і давяраць ім грошы. І які сэнс у суперхуткім чытанні? Задавальненне падазронае, як і карысць.

«Знесеныя ветрам», «Алхімік», «Уладар пярсцёнкаў», “Гары Потэр», «Дон Кіхот», «Маленькі прынц»... Што аб’ядноўвае гэтыя кнігі? Канешне, іх папулярнасць. Тыражы складаюць дзясяткі і нават сотні мільёнаў экзэмпляраў. Гэтыя творы ўзначальваюць спіс самых чытаемых у свеце. А на першай пазіцыі самых папулярных кніг штогод застаецца Біблія. Гэта першая кніга, якая надрукавана на станку больш за пяць стагоддзяў таму. З тых часоў Біблію пераклалі амаль на 2 з паловай тысячы моў, а агульны тыраж перавысіў 6 мільярдаў экземпляраў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: