Падзяліцца:
«Патрыётаў выхоўваем разам! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.09.2022
«Патрыётаў выхоўваем разам! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

З чаго пачынаецца Радзіма?

Людзі старэйшага пакалення могуць узгадаць словы з савецкага культавага фільма «Шчыт і меч»: «...с картинки в твоём букваре», «…с той песни, что пела нам мать». Моладзь пачатку ХXI cтагоддзя можа адказаць таксама словамі папулярнай песні: «Мама, папа, ты и я это Родина моя».

Усё так, проста, дакладна, шчыра, але які глыбокі сэнс за кожным словам, кожным радком! Данесці гэты сэнс да сённяшняга пакалення, даць правільнае разуменне пачуцця грамадзянскасці – такая задача стаіць перад сучаснай сістэмай адукацыі. Бо адукацыя сёння – гэта не толькі навучанне, але і выхаванне, і развіццё асобы.

Дарэчы, выхаванне грамадзяніна сваёй Радзімы заўсёды было і ёсць прыярытэтнай задачай дзяржавы. Але час запатрабаваў сучасных падыходаў і новай сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў у адукацыйных арганізацыях. І гэта зразумела, бо роля і значэнне патрыятызму заўсёды ўзрастае ў пераломныя перыяды гісторыі, калі грамадскае развіццё патрабуе павышанага напружання сіл усяго народу, яго адзінства і згуртаванасці.

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, новыя дзяржаўныя адукацыйныя стандарты дазваляюць весці такую работу комплексна, на сістэмнай аснове, пачынаючы з дзіцячага садка і да вышэйшай навучальнай установы.

Ужо ў сярэдняй садаўскай групе уключаны новы адукацыйны кампанент «Асновы грамадзянска-патрыятычнай культуры». На занятках дзеці пазнаёмяцца з сімваламі нашай краіны, даведаюцца імёны знакамітых людзей Беларусі, атрымаюць інфармацыю пра галоўныя дзяржаўныя святы. Думаю, гэта правільна, калі з ранняга дзяцінства мы выхоўваем будучае пакаленне ў любові да сваёй краіны, на традыцыях беларускага народа.

А школа трымае эстафету: тут асаблівая ўвага надаецца выхаваўчаму патэнцыялу кожнага ўрока. Прыярытэт – грамадзянскаму, ваенна-патрыятычнаму выхаванню, каб за парог школы выходзілі не толькі адукаваныя і мэтанакіраваныя асобы, але і сапраўдныя грамадзяне краіны, адданыя яе ідэалам, сапраўдным чалавечым каштоўнасцям.

Пашырэнне сацыяльна-гуманітарнага складніка дысцыплін чакае з гэтага навучальнага года і студэнтаў. «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» будзе выкладацца для ўсіх першакурснікаў. «Філасофія» і «Сучасная палітэканомія» таксама ў раскладзе, каб будучы малады спецыяліст меў не толькі прафесіянальныя кампетэнцыі, але і быў шырокаадукаванай асобай. Чалавекам, які можа апрацоўваць і аналізаваць вялікі аб’ём інфармацыі, бо ведае законы развіцця прыроды і грамадства, прычынна-выніковыя сувязі і можа даць правільную ацэнку грамадска-палітычным падзеям. Такога маладога чалавека цяжка ўцягнуць у падазроныя групоўкі і проціпраўныя дзеянні. Падзеі двухгадовай даўнасці даказалі гэта выразна.

Так, за розумы моладзі, будучага пакалення ідзе зараз сапраўдная барацьба. І каб у ёй нашы апаненты і дэструктыўныя сілы не мелі ніякай перавагі, неабходны агульныя намаганні не толькі сістэмы адукацыі, але і іншых дзяржаўных структур, сям’і, грамадства. Мы павінны разам абараняць свядомасць нашых дзяцей, іх арыенціры і прыярытэты ад негатыву, чужых каштоўнасцей і маральных прынцыпаў.

Зразумела, усё пачынаецца з сям’і, з той песні, што пяе матуля, з сямейнага альбома, гістарычнай памяці, любові да малой радзімы. І тут вельмі важная, думаю, цесная работа сям’і і школы. Нездарма на шосты вучэбны дзень, суботу, плануецца зараз больш такіх сумесных мерапрыемстваў, як экскурсіі па знакавых мясцінах, спартыўныя спаборніцтвы, ваенна-патрыятычныя гульні, дзе разам са школьнікамі удзел прымуць іх бацькі.

Дарэчы, актыўна да грамадзянска-патрыятычнага выхавання далучыліся сілавыя структуры: міністэрствы абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях. Дастакова ўзгадаць, што падчас летніх канікулаў пад іх патранатам дзейнічала 480 ваенна-патрыятычных лагераў, дзе аздаравіліся і набылі важныя практычныя веды больш за 18 тысяч дзяцей.

Вядома, што патрыятызм не закладзены ў генах, гэта не прыродная, а сацыяльная якасць, якая фарміруецца і развіваецца. Галоўнае, каб у гэтай выхаваўчай рабоце не было фармалізму, насаджэння, а ішло ад душы настаўніка, несла простыя і правільныя сэнсы, як ва ўзгаданых радках вядомых песень.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: