Падзяліцца:
«Патрыётамі не нараджаюца, патрыётамі становяцца! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.07.2022
«Патрыётамі не нараджаюца, патрыётамі становяцца! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Часам можна чуць, што быць патрыётам зараз модна. Упэўнена, што гаварыць так і думаць катэгарычна няправільна! Іначай можна скаціцца да так званага «кваснага патрыятызму». Такі іранічны выраз прымянялі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя да ўра-патрыётаў, якія гучна на словах усхвалялі ўсё айчыннае, але нічога на справе не рабілі для развіцця сваёй краіны і народа.

Наогул, што такое патрыятызм? Вялікі беларускі энцыклапедычны слоўнік тлумачыць: «…гэта маральна-палітычны прынцып, сацыяльнае пачуццё, сэнс якого – любоў да сваёй Айчыны, адданасць ёй, гонар за яе здзяйсненні, імкненне абараняць інтарэсы роднай зямлі». Адкуль відавочна, што патрыёт – гэта той чалавек, які любіць сваю Бацькаўшчыну, адданы свайму народу, гатовы на подзвіг у імя інтарэсаў Радзімы.

У тым жа слоўніку адзначаецца, што патрыятызм – «…адна з неад’емных уласцівасцей менталітэту, традыцый, асноватворная каштоўнасць беларускай нацыі». І гэта сапраўды так! Патрыётамі сваёй краіны, Беларусі, лічаць сябе больш за 86% грамадзян і амаль 91% ганарацца, што яны – менавіта грамадзяне Беларусі. Такі вынік нядаўняга сацыялагічнага апытання, якое правёў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі.

Апытанне мае назву «Меркаванне аб патрыятычных каштоўнасцях». Тэма вельмі важная і актуальная зараз, у геапалітычных умовах. Калі зноў паўстала пытанне аб суверэнітэце краіны, захаванні гістарычнай праўды і абароне нацыянальных каштоўнасцей. А еднасць нацыі, патрыятызм грамадзян – адны з неабходных умоў незалежнасці краіны.

Што ж значыць быць патрыётам для беларусаў? Для большасці апытаных – гэта жыць і працаваць у Беларусі, паважаць дзяржаўную сімволіку і гісторыю краіны, любіць беларускую мову і культуру, а таксама быць гатовым у складаны час абараняць яе.

Дарэчы, навукоўцы вызначаюць патрыятызм, як адзін са складнікаў цэлага комплексу светапоглядных ідэй і каштоўнасцей. На яго фарміраванне і праявы ўплывае некалькі фактараў. На першым месцы сям’я. І з гэтым згодныя 58% апытаных. Сапраўды, грамадзяніна і патрыёта неабходна выхоўваць з дзяцінства. Менавіта бацькі павінны зацікавіць дзіця гісторыяй свайго роду, малой радзімы, навучыць ганарыцца Бацькаўшчынай, яе героямі, вядомымі землякамі, паказаць прыгажосць роднага краю, яго знакавыя мясціны.

А сярод інстытутаў, якія забяспечваюць фарміраванне патрыятызму, беларусы назвалі ўстановы адукацыі – 39,7%. Гэта асэнсаванне важнае з некалькіх бакоў. Па-першае, сям’я, дзяржава і грамадства працягваюць разам фарміраваць асобу, прывіваць галоўныя чалавечыя якасці, духоўныя і маральныя каштоўнасці. Па-другое, дзякуючы адукацыйнаму асяроддзю, дзяржава мае магчымасць праводзіць інфармацыйную і асветніцкую работу.

Недаацэнка такой справы, і ў цэлым патрыятызму, як найважнейшага складніка грамадскай свядомасці, можа прывесці да паслаблення асноў грамадства і дзяржавы. Дастаткова ўзгадаць падзеі апошніх гадоў, у прыватнасці, 2020-га.

Таму, як кажуць, работа над памылкамі зроблена – вызначана прыярытэтнасць патрыятычнага выхавання ў агульнай сістэме выхавання грамадзян Беларусі, яно стала састаўной часткай адукацыйна-выхаваўчага працэсу. Прынята і рэалізуецца Праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва, у школах уведзены ўрокі ваенна-патрыятычнага накірунку, ва ўсіх вышэйшых навучальных установах будзе выкладацца дысцыпліна «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».

Але патрыятызм – гэта не толькі веданне адпаведнай інфармацыі і высокія словы, гэта, перш за ўсё – рэальныя ўчынкі, справы на карысць краіны, месца, дзе нарадзіўся і жывеш. Прыкладаў такога праяўлення патрыятычнай свядомасці зараз шмат. Дастакова узгадаць аўтапрабегі самага маладога грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі», інфармацыйна-асветніцкую акцыю «Дарогамі мужнасці і стойкасці», праекты «Поезд Памяці», «Беларусь памятае!», «Героі маёй сям’і», актыўнае адраджэнне ваенна-патрыятычных клубаў і летніх лагераў.

Вечары памяці, гістарычныя экскурсіі, сутрэчы з ветэранамі вайны, краязнаўчая работа – не пералічыць мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці, якія праходзяць ва ўсіх рэгіёнах краіны. І што прыемна, актыўнічае маладое пакаленне. Нездарма на пытанне сацыялагічнага даследавання «Ці ганарыцеся вы тым, што з’яўляецеся грамадзянінам Беларусі» станоўча адказалі амаль 97% апытаных маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў.

Так што сучасны патрыятычны рух у нашай краіне – усвядомлены, глыбока асэнсаваны. Ён не залежыць ад моды, кан’юнктуры, як мяркуюць некаторыя, а ідзе з глыбіні душы і шчырых парываў. Нездарма наш Дзяржаўны гімн пачынаецца сакральнымі словамі:

Мы, беларусы – мірныя людзі,

Сэрцам адданыя роднай зямлі…

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: