Сціплы букецік жоўтых дзьмухаўцоў асабліва кранальна глядзеўся сярод вянкоў, чырвоных гвадзікоў і цюльпанаў. Прыемна было бачыць, што маленькія героі вялікай вайны не забытыя, пра іх подзвіг памятаюць і аддаюць даніну павагі, як і ўсім, хто прынёс мірны май на нашу зямлю…
Гэты нядаўні малюнак з натуры ўзгадаўся сёння не выпадкова. 19 мая – дзень піянерыі, як гаварылі раней, а сёння – Дзень піянерскай дружбы. Як працяг лепшых традыцый, слаўных старонак з гісторыі піянерскага руху, сярод якіх – і подзвігі піянераў-герояў, такіх, як Марат Казей, чый помнік у скверыку яго імя насупраць Вялікага тэатра Беларусі. Да якога нясуць кветкі і дзе прымаюць у піянеры, дзе гучыць традыцыйны горн і гучнае «Заўсёды гатоў!»
Але сёння вялікая сям’я беларускіх піянераў большасць сваіх святочных актыўнасцей праводзіць анлайн у сваёй групе «ВКонтакте», іх ладзяць мясцовыя саветы Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. На Гродзешчыне, напрыклад, гэта – анлайн-квэст «Дружная піянерская IQ-пракачка», на Гомешчыне – інфармацыйны марафон, а школьнікаў Магілёўскага рэгіёна чакаюць анлайн-экскурсіі па піянерскіх пакоях. Віцебская абласная арганізацыя падрыхтавала тэматычны фотаконкурс і анлайн-праект пра сваіх лідараў, а Пінскі раённы савет праводзіць віртуальную эстафету «Піянерскія іскры», падчас якой будуць запісвацца тэматычныя відэаролікі.
На Міншчыне Дзень піянерскай дружбы аб’яднае сяброў у праекце “Робім дабро разам” і інтэр-актыўным флэшмобе “Спяваем разам” – гэта сумеснае выкананне гімна піянерскай арганізацыі. Цэнтральны савет арганізацыі правядзе фінальную гульню “Па слядах Перамогі”, якая збярэ ў анлайн-квэсце пераможцаў абласных і мінскага гарадскога этапаў. Запланаваны час і на віртуальную сустрэчу ў Instagram з расійскімі сябрамі. А заключным акордам святкавання стане стварэнне віртуальнага альбома піянерскага сяброўства.
Як бачна толькі па назвах гэтых мерапрыемстваў, сённяшнія піянеры – актыўныя, крэатыўныя, цікаўныя хлопчыкі і дзяўчынікі, сучасныя школьнікі, якія крочаць у нагу з часам, шукаюць новыя, нестандартныя формы сваёй работы, ладзяць шмат цікавых і карысных спраў. Менавіта такіх і аб’ядноўвае Беларуская піянерская арганізацыя – адна з самых масавых дзіцячых. Яна была створана 13 верасня 1990 года на Х Рэспубліканскім злёце і за аснову сваёй дзейнасці ўзяла лепшыя традыцыі савецкай піянерыі, дадаўшы наватарскія, сучасныя падыходы выхавання юнага пакалення – без так званай “абязалаўкі”, аўтарытарызму, нівеліроўкі асобы. І ўпор робіцца на добраахвотную, нефармальную работу на прынцыпах супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння дзяцей і дарослых. А сённяшні піянерскі гальштук увабараў традыцыйны чырвоны колер, дадаўшы – зялёны, як на Дзяржаўным сцягу краіны.
Цікавы факт: зараз піянерскія арганізацыі існуюць у 8 краінах, сярод якіх Расія, Кітай, Малдова, Куба. Наогул, дзіцячы і маладзёжны рух развіты па ўсім свеце, гэта – скаўтынг, харцарства, асацыяцыі дзяўчынак-гайдаў, не гаворачы ўжо пра розныя аб’яднанні па інтарэсах. У нашай краіне, напрыклад, актыўна дзейнічаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, Ліга добраахвотнай працы моладзі, Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных і іншыя. Яны садзейнічаюць развіццю юнага і маладога пакалення, іх фізічнаму, інтелектуальнаму, духоўнаму патэнцыялу, дапамагаюць знайсці сяброў, аднадумцаў.
Але галоўнае, на мой погляд, – яны дапамагаюць юнакам і падлеткам знайсці сябе ў сучасным вірлівым свеце. На жаль, сёння актыўна культывіруецца індывідуалізм, на п’едыстал ставіцца чалавечае «эга». Апалагеты такіх ідэй забываюць, што чалавек – істота сацыяльная, што, як раней, так і зараз выжыць паасобку немагчыма. Бо кожны рэалізуе свае імкненні, здольнасці і таленты ў грамадскім асяродку, і чым раней атрымае дзіця неабходныя сацыяльныя ўменні і навыкі супольнага жыцця, тым лягчэй яму будзе крочыць па гэтым жыцці.
Дарэчы, у статуце беларускай піянерскай арганізацыі пазначана мэта – садзейнічанне сацыялізацыі асобы дзяцяці, “дамапагчы кожнаму піянеру стаць грамадзянінам, сваімі справамі і ўчынкамі прыносіць карысць сабе, сям’і, Радзіме”. Высакародная мэта, якая рэалізуецца праз цікавыя праекты, акцыі, сустрэчы, “цімураўскія справы”, піянерскія маршруты. Дастаткова ўзгадаць патрыятычную акцыю “Беларусь памятае”. Актывісты віншавалі ветэранаў, здымалі фота і відэа, дзе яны выконвалі песні і чыталі вершы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, расказвалі пра подзвігі сваіх родных, дзяліліся сваімі эмоцыямі ў інтэрнэце.
Далучыліся і да акцыі “Дзякуй медыкам”. Асабіста мяне ўразілі эмацыянальныя выступленні дзяўчынак СШ-20 горада Баранавічы: колькі ў іх цёплых, разумных слоў, непадробных эмоцый, шчырага супяражывання!
Сёння – Дзень піянерскай дружбы. Добрая назва, якая аб’ядноўвае, абавязвае і дае нам, дарослым, надзею, што маладое пакаленне беларусаў будзе жыць па законах дабра і справядлівасці. Я так думаю. А вы?