Падзяліцца:
«Піянерскія традыцыі працягваюцца! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.05.2022
«Піянерскія традыцыі працягваюцца! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Піянерскі салют і піянерскі гальштук, цімураўскі рух і злёт дружыны, гучны горн, важаты, акцябраты, гульня «Зарніца», звонкае «Заўсёды гатоў!» гэта працяг лепшых традыцый векавога піянерскага руху. Яго сённяшнія удзельнікі – актыўныя, крэатыўныя, цікаўныя хлопчыкі і дзяўчынкі, сучасныя школьнікі, якія крочаць у нагу з часам, шукаюць новыя, нестандартныя формы сваёй работы, робяць шмат цікавых і карысных спраў.

Менавіта такіх і аб’ядноўвае Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, самая масавая з дзіцячых. Яна, узгадаем, створана 13 верасня 1990 года на Х Рэспубліканскім злёце піянераў і за аснову сваёй дзейнасці ўзяла лепшыя традыцыі савецкай піянерыі, дадаўшы наватарскія, сучасныя падыходы выхавання юнага пакалення, без так званай «абязалаўкі», але на прынцыпах супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння дзяцей і дарослых. І галоўнае, што яна захавала вобраз, сутнасць, дух піянерскага руху: быць наватарам і першапраходцам добрых пачынанняў, свята выконваць законы дружбы, гонару, справядлівасці, быць адданым Радзіме і высокім духоўным ідэалам.

Як раз сёння, у Дзень піянерыі, як гаварылі раней, а зараз Дзень піянерскай дружбы, спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання Усесаюзнай піянерскай арганізацыі імя Леніна. І час паказаў, што піянерыя – гэта не толькі важная спадчына эпохі, а і вялікі педагагічны вопыт, цэласная сістэма выхавання і занятасці дзяцей і падлеткаў.

Цікавы факт: зараз піянерскія арганізацыі існуюць у 8 краінах, сярод якіх Расія, Кітай, Куба. Наогул, дзіцячы, маладзёжны рух развіты па ўсім свеце. Гэта скаўтынг, харцарства, асацыяцыі дзяўчынак-гайдаў, не гаворачы ўжо аб розных аб’яднаннях па інтарэсах.

У нашай краіне, напрыклад, актыўна дзейнічаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных і іншыя. Яны садзейнічаюць развіццю юнага і маладога пакалення, іх фізічнаму, інтэлектуальнаму, духоўнаму патэнцыялу, дапамагаюць знайсці сяброў, аднадумцаў.

Але галоўнае, на мой погляд, што яны дапамагаюць юнакам і падлеткам знайсці сябе ў сучасным вірлівым свеце. На жаль, сёння актыўна ідзе разбурэнне базавых чалавечых каштоўнасцей, культывіруецца індывідуалізм, на п’едэстал ставіцца чалавечае «эга». Апалагеты такіх ідэй забываюць, што чалавек – істота сацыяльная, выжыць паасобку немагчыма. Бо кожны рэалізуе свае імкненні, здольнасці і таленты ў грамадскім асяродку, і чым раней атрымае дзіця неабходныя сацыяльныя ўменні і навыкі супольнага жыцця, тым лягчэй яму будзе крочыць па ім.

Дарэчы, у статуце беларускай піянерскай арганізацыі пазначана мэта: садзейнічанне сацыялізацыі асобы дзіцяці, дапамога кожнаму піянеру стаць грамадзянінам, сваімі справамі і ўчынкамі прыносіць карысць сабе, сям’і, Радзіме. Высакародная мэта, якая рэалізуецца праз цікавыя праекты, гульні, сустрэчы, цімураўскія справы, піянерскія маршруты – больш за 2 тысячы мерапрыемстваў штогод.

А да юбілейнай даты па ўсёй краіне ладзяцца ўнікальныя акцыі і святочныя актыўнасці. Стартам стала змена «Іскры піянерскага вогнішча» ў НДЦ «Зубронак», падчас якой побач з Экадомам цэнтра высаджаны туі, як сімвал юных піянераў. А алея «Век піянерыі» з маладых саджанцаў ясеня зявілася ля адной са сталічных школ, у акцыі прынялі удзел некалькі пакаленняў піянераў. У Магілёве актывісты правялі ганаровую лінейку піянер-фэсту «Будзь гатоў! Заўсёды гатоў!». Мінск стаў цэнтрам фестывалю «Піянерыі – 100: эстафета пакаленняў» з цырымоніяй узнагароджання ветэранаў піянерскага руху. І канечне, у юбілейныя дні ў ганаровай абстаноўцы паўсюль праходзяць цырымоніі прыняцця ў рады піянераў.

А кульмінацыяй святкавання стане маштабны дзіцячы фестываль «Тэрыторыя дзяцінства», дэвіз якога «Будучыня пачынаецца тут». Ён збірае сёння ў сталіцы пераможцаў інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Піянерскі КВІЗ», фіналістаў VII Рэспубліканскага агляду-конкурсу «Лідар года», прызёраў фестывалю «Агеньчык запрашае сяброў», прадстаўнікоў дзіцячых палат, лідараў, актывістаў руху і проста яркіх і крэатыўных школьнікаў.

Так, сёння 100-гадовы юбілей піянерскага руху. Кранальная дата для некалькіх пакаленняў дарослых з цёплымі ўспамінамі пра яркае лета з песнямі ля піянерскага вогнішча, зборам макулатуры, шэфстам над акцябратамі.

Сёння Дзень піянерскай дружбы. Добрая назва, якая аб’ядноўвае, абавязвае і дае нам, дарослым, надзею, што маладое пакаленне беларусаў будзе жыць па законах дабра і справядлівасці. І будзе вернае традыцыйнаму клічу «Заўсёды гатоў!»

Я так думаю. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: