Зараз арыенцір на экспарт айчыннай прадукцыі. Больш прадаваць за мяжу Беларусь можа, аднак змяніліся знешнія ўмовы. Для падтрымання іміджу і ўзроўню беларускіх прадуктаў, прасоўвання іх на міжнародным рынку патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, якіх, як паказывае практыка, пакуль што не хапае. ВНУ краіны адказваюць на гэты выклік і рыхтуюць такіх спецыялістаў.
Доктар эканамічных навук, загадчык кафедры менеджменту, тэхналогій бізнесу і ўстойлівага развіцця Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ірына Новікава:
«Валавы прадукт, які ствараецца ў рэспубліцы, на 50 % экспартуецца. Прадаць таксама трэба ўмець, нават не проста прадаць, а прасунуць гэты прадукт. Гэта цэлая сістэма сучасных тэхналогій. Тым больш гэта становіцца актуальным ва ўмовах лічбавізацыі, існавання лічбавых платформ».
На многіх факультэтах БДТУ вялікая ўвага надаецца гэтаму напрамку і нават ёсць асобная спецыяльнасць – міжнародны менеджмент. Спецыялістаў па ёй рыхтуюць ўжо 15 гадоў. Выпускнікі, сцвярджае Ірына Новікава, гатовыя стварыць здаровую канкурэнцыю нават буйным кансалтынгавым кампаніям:
«Мы рыхтуем спецыялістаў, якія прасоўваюць прадукцыю, папулярызуюць, рэкламуюць яе. Яны на чацвёртым курсе рыхтуюць тыя праекты, якія звычайна робяць кансалтынгавыя фірмы. Нашы буйныя прадпрыемствы вельмі часта запрашаюць маскоўскія фірмы каб яны дапамаглі ў прасоўванні. І калі я паслухала што яны прадстаўляюць і як яны гэта ўсё паказваюць, я сказала, што студэнты ў мяне робяць лепшыя праекты».
Звярнуў увагу на праекты і вядомы спецыялізаваны часопіс «Маркетинг», у якім некалькі гадоў публікавалі працы студэнтаў. Ірына Новікава расказала, што ў даследаваннях яны прапануюць не толькі дзейсныя спосабы прасоўвання тавару, але і новыя шляхі дастаўкі на замежныя рынкі. Калі казаць пра канкрэтныя дысцыпліны, якія вывучаюць студэнты, то гэта:
«Менеджмент кіравання персаналам, псіхалогія кіравання: вы ж не проста прасоўваеце сам прадукт, вы працуеце з людзьмі, трэба ведаць, як з імі працаваць. Прадмет, які я вяду – “міжнародны бізнес” – паказвае, якія напрамкі існуюць, каб прасунуць прадукт. Лагістыка, маркетынг. Неабходна добра валодаць навыкамі макраэканамічнага аналізу. А дысцыпліна “кроскультурны менеджмент” вельмі звязана з міжнародным менеджментам».
Дарэчы, калі казаць пра «міжнародны бізнес», то гэта маладая дысцыпліна, асабліва калі параўнаць, напрыклад, з матэматыкай або фізікай: выкладаць яе пачалі толькі з 1990 года. А прадмет «кроскультурны менеджмент» у БДТУ вядзе выкладчык з Ірака, а гэта, адзначае Ірына Новікава, несумненна карысна для навучання:
«Так як ён з Ірака, ён ведае арабскія звычкі, культуру. Гэты вопыт ён перадае нашым студэнтам. Ён вучыць таму, як правільна весці перамовы. Гэта важна, бо мы ведаем, што калі Заходняя Еўропа ад нас закрываецца, то для нас адкрываюцца рынкі Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу».
Для замежных студэнтаў выкладчыкі выкарыстоўваюць адаптаваную праграму, каб дапамагчы юнакам і дзяўчатам з Кітая ўбачыць рынак сваёй краіны і беларускую прадукцыю, якая можа быць запатрабавана там:
«Перад кітайскімі студэнтамі я заўсёды стаўлю задачу выбраць што яны будуць купляць у нас. Пра драўніну мы ведаем, што гэта вельмі важна для нас, але ніхто са студэнтаў пра драўніну не кажа. Яны ж маладыя, таму вельмі многія збіраюцца экспартаваць марожанае ў Кітай. Адзін студэнт проста палюбіў наш кефір, ён сказаў, што калі будзе займацца экспартам, то абавязкова будзе вывозіць менавіта кефір. Прысмакі нашы таксама карыстаюцца папулярнасцю, асабліва сярод дзяўчынак».
Якасць адукацыі пацвярджае і тое, што студэнты, якія яшчэ нават не скончылі навучанне, ужо знаходзяць лайфхакі, каб дапамагчы прадпрыемствам больш зарабіць на экспарце. Напрыклад, яны высветлілі, што падатак на мэблю будзе менш за ўсё, калі адпраўляць яе ў Кітай у разабраным выглядзе. Там мясцовыя спецыялісты збяруць яе і потым ўжо можна будзе адпраўляць нашу мэблю ў іншыя краіны.
Студэнтка інжынерна-эканамічнага факультэта Вераніка Адамсон дзеліцца ўражаннямі ад вучобы:
«Каласальны вопыт мы атрымалі, калі вывучалі дысцыпліны спецыяльнасці. Ужо на практыцы на прадпрыемствах мы выкарыстоўвалі атрыманыя веды. Мы спакойна можам весці перамовы з іншымі краінамі, бо ў нас ёсць кірунак «бізнес-гульня». Гэта ўваходзіць у гульню паміж групамі, паміж курсамі, і мы ўжо вучымся прадаваць, купляць. Таксама практыкуем замежную мову, таму што гэта неад’емная частка для ўдалых перамоў, а значыць, можам супрацоўнічаць не толькі з Расіяй, але і з іншымі краінамі».
Мацвей Прывалаў, студэнт факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў расказвае, якая яшчэ беларуская прадукцыя, акрамя дрэва і калійных соляў, карыстаецца попытам на міжнародным рынку:
«Я ўбачыў відэа, дзе ў ЗША з’явіўся наш квас, што ён вельмі спадабаўся амерыканцам. Яшчэ з’явіліся нашы чыпсы, амерыканская блогерка іх вельмі хваліла, казала, што прыедзе ў Беларусь закупляцца чыпсамі. Касметыка, парфумерыя развітыя, вельмі добра экспартуюцца. Да нас ідзе вялікі імпарт нафты, мы з яе робім гуму, лакі, фарбы – усё гэта паспяхова прадаецца».
Папулярнасць нашай касметыкі і парфумерыі за мяжой можа злёгку збянтэжыць, бо многім падаецца, што імпартная касметыка больш эфектыўная. Але Ірына Новікава тлумачыць такі феномен:
«Гэта вялікі кірунак. У мяне студэнты рыхтавалі праект і сказалі, што трэба пастаўляць у Ісландыю. Мяне збянтэжыла яе суседства з Францыяй, а студэнты кажуць, што ісландцы любяць натуральную касметыку, без усялякіх гармонаў. Нічога не хачу сказаць пра французскую касметыку, яна добрая, але там утрымліваюцца такія гармоны і дабаўкі, якія дазваляюць слоічку крэму захоўвацца два-тры гады. Нашы так не робяць, у нас іншыя тэхналогіі. Адзінае, чаго не хапае нашай касметыцы – рэкламы».
Не варта думаць, што над пытаннем экспарту працуюць толькі на спецыялізаваных факультэтах. Так, студэнтка лесагаспадарчага факультэта Алеся Дудкіна адзначае важнасць сваёй будучай прафесіі для павелічэння экспарту айчыннай прадукцыі:
Галоўнае ў адукацыі – практыкаарыентаванасць. Важна, каб маладыя спецыялісты не толькі прыходзілі на першае працоўнае месца падрыхтаванымі, а і каб іх веды, атрыманыя ў ВНУ, цалкам адпавядалі патрабаванням часу.