Падзяліцца:
«Погляд. Адключы святло – дапамажы планеце!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёфакт
  • Дата: 18.03.2020
«Погляд. Адключы святло – дапамажы планеце!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)

Многія з вас, напэўна, ведаюць, што раз на год у адзіным парыве мноства людзей на планеце выключаюць святло – не надоўга, усяго на гадзіну. Але сутнасць такога глабальнага руху – вельмі значная!

Звычайна ў апошнюю суботу сакавіка праходзіць акцыя «Гадзіна Зямлі». Сёлета міжнародная акцыя адбудзецца14-ы раз і ўжо 2 мільярды чалавек у 188 краінах з 20.30 да 21.30 па мясцовым часе выключаць святло і электрапрыборы ў знак неабыякавасці да будучыні планеты. Гэта, сапраўды, самая масавая экалагічная акцыя на планеце. Мяркуйце самі – у першай «Гадзіне Зямлі» у 2007-м годзе прынялі ўдзел два мільёны чалавек. А зараз арганізатары чакаюць не менш за два мільярды!

Мэта акцыі, якую ініцыіруе Сусветны фонд дзікай прыроды, – прыцягнуць увагу ўсёй планеты да пытанняў энергазберажэння і экалогіі. Гэта добрая магчымасць выказаць сваю занепакоенасць небяспечнымі наступствамі змянення клімату і паказаць неабходнасць аб'яднаных дзеянняў для вырашэння гэтай праблемы.

Традыцыйна падчас акцыі ў многіх гарадах згасае не толькі святло, але і падсветка найбольш значных культурных і адміністрацыйных будынкаў. Самыя знакамітыя будынкі і канструкцыі прымаюць удзел у акцыі. Гэта мост Залатыя Вароты (Сан-Францыска), рымскі Калізей, Эйфелева Вежа (Парыж), Сіднэйская Опера і многія іншыя знакамітыя будынкі па ўсім свеце. Цэлую гадзіну ўсе яны стаяць без падсветкі, сімвалізуючы тым самым надзею на вырашэнне праблем, якія становяцца усё больш актуальнымі. З 2009-га года «Гадзіна Зямлі» па ацэнках Сусветнага фонду дзікай прыроды афіцыйна прызнана самай масавай глабальнай акцыяй у гісторыі чалавецтва. Дарэчы, менавіта ў 2009-м годзе да акцыі далучылася і Беларусь.

Формы ўдзелу ў акцыі самыя рознастайныя – тэматычныя лекцыі, размяшчэнне інфармацыйных плакатаў у транспарце, гандлёвых аб'ектах і адміністрацыйных будынках...

Безумоўна, адключаюць падсветку многіх значных аб'ектаў. Традыцыйна ў Мінску, напрыклад, гасне падсветка такіх будынкаў, як Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Беларуская дзяржаўная філармонія, Нацыянальны мастацкі музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ЦУМ, гасцініца «Беларусь» і іншыя.

Спецыялісты падлічылі, што падчас акцыі можна зэканоміць да 10% электраэнергіі. Праўда, адключэнне святла – не самамэта. Сэнс у тым, каб людзі зразумелі значнасць энергазберажэння для спынення глабальнага змянення клімату. Энергазберажэнне дазваляе атрымаць неабходныя нам энергетычныя паслугі і пры гэтым захоўвае прыродныя рэсурсы, якія беззваротна спальваюцца для атрымання цеплыні і электрычнасці, забруджваюць пры гэтым навакольнае асяроддзе.

Часовае выключэнне святла і электрапрыбораў, магчыма, стане падставай перагледзець бытавыя звычкі і падкажа, як эканомна расходваць электраэнергію і цеплыню, беражліва ставіцца да вады. Удзел у акцыі дапамагае зрабіць выбар на карысць другаснай перапрацоўкі паперы і іншых матэрыялаў, каб скараціць выкіды парніковых газаў — галоўную прычыну змянення клімату.

«Гадзіна Зямлі» дэманструе, што дзеянні супраць глабальнага пацяплення не толькі абсалютна неабходныя, але і магчымыя. Удзельнічаць у акцыі можа кожны. Для гэтага, нагадаю, 28 сакавіка з 20.30 да 21.30 неабходна проста выключыць святло і непатрэбныя электрапрыборы дома альбо ў офісе.

Дарэчы, ёсць яшчэ час, каб прыдумаць свае цікавыя рашэнні, як паўдзельнічаць у акцыі.

«Гадзіна Зямлі» заклікае нас дзейнічаць кожны дзень, робячы невялікія крокі, якія разам змогуць вырашыць праблемы нашага агульнага дома!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: