Падзяліцца:
"Погляд. Адпачываем экалагічна!" Радыёблог Алены Вахрамеевай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.06.2020
"Погляд. Адпачываем экалагічна!" Радыёблог Алены Вахрамеевай Лета цудоўная пара! Многія аддаюць перавагу адпачынку менавіта ў гэты час. Да таго ж проста ў выхадныя таксама больш камфортна пабыць на свежым паветры. У цёплую пару года так прыемна завітаць на вадаём, прагуляцца па лесе, зладзіць пікнік, схадзіць у паход. Але ж варта памятаць, што наша яднанне з прыродай не павінна наносіць ёй шкоду.

Прырода прадстаўляе для чалавека значна меншую небяспеку, чым чалавек для прыроды. Неахайныя паводзіны турыстаў прыводзяць да таго, што парушаецца прыгажосць маляўнічых месцаў, пагаршаецца экалогія, наносіцца шкода жывёлам і раслінам. Але калі прытрымлівацца правілаў, якія ўжо не такія і складаныя, то і атрымаць асалоду ад адпачынку на прыродзе нескладана, і спакой яе не парушыць.

Першае і галоўнае правіла – прыбіраць за сабой усё, што было прывезена. Харчовыя адходы можна закапаць у зямлю, прыкрыўшы сухой травой альбо лісцем – за год яны згніюць. Поліэтылен, гуму, пластыкавыя бутэлькі, жалезныя банкі і шкло трэба забраць з сабой і здаць у перапрацоўку ў горадзе. Пагадзіцеся, калі ў вас хапіла сіл данесці ежу, не складана будзе занесці ўпакоўку з сабой. Калі заўважылі смецце, пакінутае іншымі, захапіце і яго.

Будзьце асцярожныя з агнём на прыродзе. Ні ў якім разе не кідайце на зямлю запаленыя запалкі альбо падпаленыя недакуркі. У цёплы час забаронена разводзіць вогнішча ў іглічных маладняках, на пашкоджаных участках лесу, на тарфянішчах і ў месцах высечак, не вычышчаных ад астаткаў драўніны. У астатніх выпадках месца для вогнішча варта выбіраць далей ад дрэў і сухой травы. Пажадана карыстацца гарэлкай, бо яна не пакідае слядоў, але калі ў вас яе няма, знайдзіце, па магчымасці, старое вогнішча. У крайнім выпадку здыміце верхні пласт зямлі з травой, абкапайце гэтае месца канаўкай, прыбярыце далей галінкі і лісце і толькі тады развадзіце вогнішча. У якасці дроў – толькі сухія дрэвы. Не пакідайце вогнішча без нагляду. Пасля верхні пласт зямлі вярніце на месца, каб след ад вогнішча хутчэй зарос травой. Перад зыходам заліце вогнішча вадой, перакапайце зямлю з попелам і пераканайцеся, што агонь не разгарыцца зноў.

У лесе трэба паводзіць сябе вельмі асцярожна, каб не нашкодзіць раслінам і жывёлам. Старайцеся хадзіць толькі па сцяжынках, каб не згубіць усходы дрэў, гнёзды птушак альбо насякомых. Ніколі не зрывайце расліны, не ламайце галінкі, не абдзірайце кару. Не высякайце кусты і дрэвы, каб расчысціць месца для прывалу альбо стаянкі. Не лавіце матылёў, стракоз, яшчарак, жаб. Абыходзіце бокам мурашнікі.

Чалавек у лесе — у гасцях, а госці не дыктуюць гаспадарам свае парадкі. Тут няма шкодных жывёл — ёсць няёмкія для чалавека. Будзьце гатовыя да сустрэчы з насякомымі: камарамі і мошкамі. А яшчэ — з кляшчамі. Калі няма сіл трываць іх гасціннасць, станьце для іх «нясмачнымі» з дапамогай рэпелентаў. Жывёл, якія могуць уяўляцца небяспечнымі альбо бескарыснымі, чапаць не варта. Яны — частка ляснога асяроддзя. Калі кагосьці з іх не стане, гэта можа нанесці шкоду ўсёй сістэме. Тут дзейнічае закон: вы не чапаеце — вас не чапаюць.

Не варта ставіць палатку на мурашынай сцежцы. Дробныя драпежнікі, хутчэй усяго, абыдуць вас бокам, калі пачуюць голас чалавека. Але залазіць з начлегам углыб дзікага лесу ўсё ж таксама не варта. І не забывайце такое важнае правіла бяспекі — не прываблівайце драпежнікаў рэшткамі ежы.

А яшчэ трэба памятаць, умеранасць яшчэ нікому не шкодзіла. Нават самая прыгожая сарваная расліна звяне праз некалькі дзён. У лесе ёй значна лепш. І несці яе з сабой з лесу няёмка, прасцей сфатаграфаваць на памяць. А знікаючыя расліны тым больш нельга зрываць, гэта супрацьзаконна.

Так што добрага вам адпачынку без шкоды прыродзе!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: