Прырода штодня адчувае на сабе вялікі негатыўны ўплыў з боку чалавека. Нярэдка вынікам становіцца поўнае знікненне відаў жывёл і раслін. У мэтах абароны флоры і фаўны ад гібелі распрацоўваюцца нарматыўныя дакументы, уводзяцца адпаведныя забароны і засноўваюцца даты. Адной з іх з'яўляецца 3 сакавіка, калі адзначаецца Сусветны дзень дзікай прыроды.
Самая галоўная праблема, з якой пастаянна сутыкаецца дзікая прырода – дзейнасць чалавека. Па даных навукоўцаў, кожную гадзіну на Зямлі знікае каля трох відаў флоры і фаўны. Як падкрэсліваюць эксперты, у першую чаргу прычынай такой сітуацыі можна назваць крытычнае экалагічнае становішча многіх рэгіёнаў планеты. Высечка лясоў, асушванне водных сістэм, выкіды прамысловых адходаў — усё гэта вельмі негатыўна ўплывае на прыроду і становіцца асноўнай прычынай парушэння экабалансу.
І размова не толькі пра забруджванне навакольнага асяроддзя, але і аб прамым знішчэнні асобных жывёл, птушак, рыб і раслін. Апошняе носіць шырокі характар і называецца браканьерства. На планеце ёсць ужо не адзін дзясятак відаў жывых істот, якіх проста вынішчылі поўнасцю. На жаль, такая негатыўная з'ява існуе і ў нашай краіне. На дзяржаўным узроўні створана сістэма барацьбы з незаконным паляваннем, рыбалоўствам. Асаблівым чынам ахоўваюць рэдкія віды жывёл і раслін.
Але вясной штогод узнікае, напрыклад, такая праблема, як збор і гандаль першацветамі. Звычайна яны квітнеюць крыху пазней, але цяперашняе надвор'е ўносіць карэктывы і ў гэтыя працэсы. А чаму звяртаю сёння на гэту праблему асобную ўвагу, бо, напэўна, далёка не ў кожнага ўзнікае думка, што палянкі, усыпаныя белымі, жоўтымі, ружовымі, блакітнымі кветкамі, могуць лёгка знікнуць. Ну што ж такое здарыцца, калі сарву некалькі букецікаў?.. Але справа ў тым, што парушыць крохкую раўнавагу першацветаў вельмі лёгка. Масавы іх збор падрывае колькасць папуляцый і здольнасць гэтых раслін да вегетацыі. Для многіх відаў першацветаў штогадовы збор з пашкоджаннем каранёвай сістэмы стаў прычынай рэзкага скарачэння арэала распаўсюджвання.
Акрамя таго, некаторыя віды занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: чарамша альбо цыбуля мядзведжая, ветраніца лясная і іншыя. І ў такім разе за зрыванне рэдкай расліны пагражае сур'ёзны штраф.
Небяспека чакае таксама аматараў прадаваць і купляць букеты ў пераходах. У апошнія гады яшчэ больш узмоцнена ахова першацветаў, а таму немалыя шанцы атрымаць штраф маюць тыя, хто пераблытае, да прыкладу, пралеску і фіялку. Пралескі, што прадаюць у пераходзе – гэта часцей за ўсё пралеска высакародная. Але ў некаторых рэгіёнах на поўдзень ад Прыпяці яе мала, бо распаўсюджана паўночней. І ў Гомелі, напрыклад, замест яе рэгулярна прадаюць фіялку балотную – ахоўны від. Акрамя таго да 40% яе папуляцыі знаходзіцца ў Беларусі і мы нясём за яе адказнасць не толькі ў сваёй краіне, але і ва ўсім свеце.
Першацветы — упрыгажэнне нашых вясенніх лясоў, але колькасць іх няўхільна скарачаецца. Бо, выязджаючы ў вясенні лес, гараджане абавязкова жадаюць прывезці дадому букецікі. Але яны хутка вянуць, а вакол вялікіх гарадоў прыгожых раслін становіцца ўсё менш.
Збіраючы і прадаючы першацветы, мы губім іх, а купляючы — заахвочваем браканьераў. Не варта зрываць рэдкія вясновыя кветкі на букеты, лепш любавацца імі ў прыродзе. Адмова кожнага з нас купляць кветкі, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, дасць ім шанц квітнець кожную вясну.