Паводле ацэнак спецыялістаў, у Беларусі выкарыстоўваецца да 4 млрд поліэтыленавых пакетаў у год. У сусветным маштабе, дарэчы, перапрацоўваецца толькі каля 14 працэнтаў вырабленай пластыкавай упакоўкі.
Вялікія аб'ёмы пластыкавых адходаў утвараюцца перш за ўсё з-за кароткага тэрміну службы такіх вырабаў – гэта аднаразовы посуд, поліэтыленавыя пакеты, тара і ўпакоўка спажывецкіх тавараў. Каля 40 працэнтаў гэтых вырабаў маюць тэрмін службы меншы за адзін месяц, гэта значыць яны амаль адразу становяцца адходамі і трапляюць у смецце.
Таму імкліва набірае абароты сусветны трэнд, да якога далучаецца і Беларусь – выкарыстанне экалагічнай упакоўкі. У пачатку студзеня ўрад зацвердзіў план паэтапнага пераходу на такі від упакоўкі. Прынятыя меры закрануць практычна ўсе сферы эканомікі – ад прамысловасці да сектара грамадскага харчавання. Асобная ўвага рознічнаму гандлю, як адной з асноўных крыніц пластыкавых адходаў.
Што, у прыватнасці, ужо зацверджана? Адно з мерапрыемстваў плана прадугледжвае забарону выкарыстання з 1 студзеня 2021 года пэўных відаў палімерных матэрыялаў у выглядзе ўпакоўкі. І адначасова ўключае мерапрыемствы па вытворчасці экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяраскладальнай, навуковыя даследаванні па вызначэнні найбольш перспектыўных тэхналогій вытворчасці экаўпакоўкі, а таксама скарачэнне вытворчасці і імпарту палімернай упакоўкі.
Плануюць у Беларусі адмовіцца ад пластыкавай тары для напіткаў аб'ёмам больш за літр. Праўда, для ўкаранення гэтай навацыі спатрэбіцца каля 5 гадоў.
План прадугледжвае і ўвядзенне дэпазітна-закладной сістэмы для збору тары. Пасля яе ўкаранення ўзровень звароту ўпакоўкі павінен скласці не менш як 80 працэнтаў, лічаць спецыялісты. Такая сістэма дасць магчымасць павялічыць аб'ём збіраемай тары ў Беларусі як мінімум у 2 разы. Мяркуецца, што дэпазітна-закладная сістэма будзе распаўсюджвацца на ПЭТ-бутэлькі, шкляныя бутэлькі і слоікі, а таксама бляшанкі з алюмінію альбо белай бляхі – гэта значыць тое, у што пераважна разліваюцца сёння напіткі, за выключэннем упаковак ад малака.
Паводле ацэнак, аб'ём гэтага рынку ў Беларусі – 1,8 млрд адзінак упакоўкі ў год. Каб укараніць сістэму, спатрэбіцца два гады. У цэлым гэта сістэма будзе ўяўляць сабой нешта падобнае на тое, што было ў Савецкім Саюзе, калі збіралі шкляную шматабаротную тару, – чалавек, купляючы напітак, пакідае залог, вяртаючы бутэльку, ён вяртае гэты залог. Такім чынам, залог на цану тавару не ўплывае, чалавек нічога не губляе. Але гэта сістэма стымулюе не выкінуць бутэльку, а здаць у месцах продажу і тым самым павялічыць узровень выкарыстання гэтай тары.
Важным крокам для прадухілення забруджвання нашай краіны пластыкавымі адходамі будзе і забарона на выкарыстанне і продаж у аб'ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду. Яна пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2021 года. Добра знаёмыя нам вырабы – пластыкавыя трубачкі, талеркі, шклянкі – будуць вырабляць з новай, біяраскладальнай экасыравіны.
Гаворачы аб пераходзе на экалагічную ўпакоўку, трэба ўжо адзначыць пэўныя зрухі. Так, у буйных гандлёвых аб'ектах прадугледжана альтэрнатыва аднаразовым поліэтыленавым пакетам – упакоўка, якую можна выкарыстоўваць не адзін раз, можна без праблем набыць шматразовыя сумкі замест поліэтэленавых пакетаў. Асобныя групы тавараў магчыма упакоўваць у бясплатную абгортачную паперу. Набывае папулярнасць і мінімізацыя выкарыстання ўпакоўкі, бо часам купляем не тавар, а ўпакоўку, якая становіцца смеццем.
Такім чынам, на заканадаўчым узроўні зараз прапрацоўваюцца пытанні, звязаныя з вытворчасцю экалагічна бяспечнай упакоўкі, дэпазітна-закладной сістэмай і сарціроўкай рознага віду смецця. У выніку ўсё больш варыянтаў і прапаноў быць экалагічна свядомым спажыўцом. Выбар за кожным з нас – бо калі ёсць попыт, то будзе і прапанова.