Падзяліцца:
«Погляд. Электраэнергіі зашмат не бывае!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.08.2020
«Погляд. Электраэнергіі зашмат не бывае!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)

Чарговы важны крок на шляху па ўступленні Беларусі ў клуб дзяржаў з ядзернай энергетыкай. У рэактар першага энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі пачалі загружаць ядзернае паліва. Гэта адзін з этапаў працэсу ўводу энергаблока ў эксплуатацыю. Усяго ў жніўні ў актыўную зону рэактара будзе загружана 163 цеплавыдзяляльныя зборкі з ядзерным палівам. З загрузкі ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара пачынаецца фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС. Гэта адзін з ключавых этапаў праекта па ўводзе энергаблока ў эксплуатацыю. Галоўная яго задача — пацвердзіць надзейнасць і бяспеку работы энергаблока на праектных параметрах.

Увод у эксплуатацыю Беларускай АЭС – гэта якаснае змяненне нашай энергасістэмы, з'явіцца энергакрыніца на ядзерным паліве, якая будзе забяспечваць 40% спажывання электраэнергіі ў краіне. Але здаецца, калі ўлічыць, што ўся цяперашняя патрэбнасць у электрычнай энергіі ў нашай краіне забяспечваецца за кошт яе выпрацоўкі на ўласных энергакрыніцах, то можа лагічна ўзнікнуць пытанне – што ж мы будзем рабіць з новым істотным аб'ёмам электраэнергіі, якую дасць БелАЭС. І вось тут вельмі слушны адказ спецыялістаў, што прыходзяць да нас у эфір – электраэнергіі зашмат не бывае, праблемы ўзнікаюць, калі яе не хапае. Сапраўды, нельга не пагадзіцца. Больш за тое, новая электраэнергія адкрывае новыя магчымасці.

Увогуле электраэнергію называюць самай цывілізаванай крыніцай энергіі. Яна дае магчымасць лёгка аўтыматызаваць працэсы, зменшыць страты. Само прымяненне электраэнергіі замест любога паліва прыводзіць да эканоміі энергіі. Што вельмі важна – пасля ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС, айчынная энергасістэма скароціць спажыванне прыроднага газу. Доля яго ў вытворчасці электраэнергіі каля 95%, што з'яўляецца крытычным значэннем і абавязвае прымаць меры па дыверсіфікаванні энерганосьбітаў пры вытворчасці электраэнергіі. І БелАЭС – адзін з галоўных тут напрамкаў. Але значэнне гэтага аб'екта істотна большае. Запуск БелАЭС дасць для нашай краіны істотны зрух у эканоміцы, у развіцці прарыўных тэхналогій, з'явяцца новыя матэрыялы і абсталяванне. Гэта крок наперад, які дазволіць Беларусі знізіць энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту і прыцягнуць у краіну новыя тэхналогіі. Гэта тыя напрамкі, якія дадуць новы штуршок у якасці выпускаемай прадукцыі. Гэта замена выкарыстання прыроднага газу і перавод на электрычныя тэхналогіі. Гэта ўкараненне індукцыйных печаў, інфрачырвоных сістэм абагравання, замена тэхналогій пару электрычнай энергіяй. Разглядаецца магчымасць замяшчэння неэнергаэффектыўных энергакрыніц сучаснымі электрычнымі крыніцамі.

І, безумоўна, з уводам БелАЭС значна больш актыўна будзе развівацца электратранспарт. Зараз ужо ёсць дзяржаўны аператар электразарадных станцый. У Беларусі ўжо вырабляюцца электробусы. Акадэмія навук распрацавала і паказала ўласную мадэль электрамабіля, які разганяецца да 130 кіламетраў за гадзіну. У «Вялікім камні» з 2018 года вырабляюцца суперкандэнсатары – сэрца любога электрамабіля. Зараз у краіне каля 240 зарадных станцый, а да канца гэтага года іх колькасць будзе больш за усе існуючыя зараз на тэрыторыі краіны АЗС. Рэалізацыя праграмы па стварэнні дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў на перыяд да 2030 года дазволіць аптымізаваць сутачны графік электраспажывання з улікам уводу ў эксплуатацыю атамнай электрастанцыі і знізіць негатыўны ўплыў аўтатранспарту на забруджванне атмасферы гарадоў. Такім чынам, запуск БелАЭС стане магутным драйверам развіцця «зялёнай эканомікі».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: