Падзяліцца:
«Погляд. Каб стала зеляней і прыгажэй!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.05.2020
«Погляд. Каб стала зеляней і прыгажэй!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)

Вясной традыцыйна шмат магчымасцей унесці свой уклад, каб вакол стала зеляней і прыгажэй.

Абязлесенне абумоўлена мноствам прычын: ад развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі, маштабаў інфраструктуры, да звышспажывання і змянення клімату. Таму, пагадзіцеся, пасадзіць дрэва сваімі рукамі — відавочны і просты экалагічны крок, які дазволіць зрабіць больш здаровым навакольны свет. Бо дрэвы не толькі абсарбуюць вуглякіслы газ, але і выдзяляюць неабходны для жыцця кісларод. Дарэчы, вядомы выраз «лёгкія Планеты» зараз набывае ўжо новы, больш шырокі, метафарычны сэнс…

На што б хацела звярнуць увагу — такія пытанні, дарэчы, нярэдка паступаюць ад нашых слухачоў — як жа правільна, і што немалаважна, законна пасадзіць дрэва ў горадзе.

Вось невялікія прапановы і рэкамендацыі. Пры жаданні і разуменні такой неабходнасці — падыдзіце да справы адказна. Папярэдне трэба вывучыць «тэхнічныя» нюансы, як саджаць дрэва, які від дрэва абраць, якія інструменты спатрэбяцца, калі і як граматна ажыццявіць пасадку, ці трэба і як пасля даглядаць?

У інтэрнэце можна знайсці мноства інструкцый (тэкставых і відэа) на гэту тэму. У гарадскіх рэаліях карыснай крыніцай практычнай інфармацыі могуць стаць знаёмыя дачнікі. Зрэшты, не перастарайцеся з падрыхтоўкай, марнуючы на яе так шмат часу і высілкаў, што энтузіязм скончыцца да таго, як вы дойдзіце да самой місіі. Выдатна прыцягнуць дзяцей, якія ўбачаць у вашай ініцыятыве асабісты прыклад, запомняць яго і, магчыма, нават падзеляцца ім з сябрамі.

Раскажыце пра свой намер сябрам у сацыяльных сетках — для папулярызацыі карыснай ідэі. Як альтэрнатыўны варыянт — даведаўшыся (з інтэрнэту, газет, аб'яў і ад знаёмых) пра акцыі пасадкі дрэў у сваім рэгіёне, далучыцеся да іх.

Сёлета, дарэчы, да пасадкі дрэў у нашай краіне павышаны інтарэс, бо нядаўна ў нас забаранілі паветраныя шары на святочных лінейках і выпускных вечарах. Замест гэтага рэкамендуюць высаджваць кветкі і дрэвы. Але, аказваецца, проста так пасадзіць дрэва ў грамадскім месцы не атрымаецца. Для гэтага трэба атрымаць адпаведны дазвол. Калі вы хочаце пасадзіць дрэва ў двары, то варта звярнуцца з пісьмовым альбо вусным зваротам у ЖЭС і ЖРЭА. Калі жадаеце пасадзіць дрэва ўздоўж гарадскіх аўтадарог, а таксама ў парках і скверах, то неабходна звярнуцца ў прадпрыемства «Мінскзеленбуд», у іншых гарадах – у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Высаджваць дрэвы і кусты без ўзгаднення нельга, бо расліны могуць апынуцца на сетках камунікацый. Потым насаджэнні проста выдаляць без папярэджання.

Зразумела, лагічнае пытанне – а ці можна пасадзіць дрэва каля школы? Так, але зноў жа толькі з дазволу. Неабходна звяртацца ў арганізацыю, адказную за школьную тэрыторыю, у школьную дырэкцыю. У звароце пазначце, што хочаце высадзіць свой саджанец і ў якім канкрэтна месцы. Гэта неабходна, каб высветліць, ці няма тут падземных камунікацый альбо ўжо зацверджанага плана па высадцы зялёных насаджэнняў (ці размяшчэнні іншага аб'екта).

Якія ж дрэвы лепш высаджваць менавіта ў горадзе?

Спецыялісты рэкамендуюць для гэтага ясені, ліпы, клёны, каштаны, бярозы. Іглічныя расліны таксама выкарыстоўваюцца. Можна высаджваць пладовыя костачкавыя культуры: слівы, вішні. Яны, як і дзікія яблыні, ўпрыгожаць горад цвіценнем і лёгкім водарам.

Ёсць пароды дрэў, якія добра прыжываюцца, хутка растуць, але могуць дастаўляць дыскамфорт жыхарам, якія пакутуюць ад алергіі, маюць галаўныя болі ад водару квітнеючай расліны. Таму варта ўважліва ставіцца да высаджвання такіх раслін, як таполя, акацыя, язмін.

Не забывайце, што аснова поспеху ў такой справы як пасадка дрэва – напэўна, усё ж настрой! Таму атрымлівайце задавальненне ад гэтага надзвычай важнага і вельмі карыснага працэсу!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: