Падзяліцца:
«Погляд. Карыснае і смачнае багацце нашых лясоў». Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.07.2020
«Погляд. Карыснае і смачнае багацце нашых лясоў». Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)

Сезон масавых паходаў у лес па ягады зараз у разгары. Гэты занятак любяць, мабыць, не толькі вяскоўцы, але і гараджане. Такія паходы — і адпачынак, і магчымасць назапасіцца на зіму смачнымі вітамінамі. Свежыя ягады — доўгачаканы падарунак лета. Прырода ўзнагародзіла іх яркімі фарбамі, сакавітым смакам, вялікай канцэнтрацыяй вітамінаў і іншых карысных рэчываў. Ягады — важны кампанент здаровай ежы. Іх можна ўжываць як у свежым выглядзе, так і рабіць дэсерты.

Расказы, колькі і якіх ягад назбіралі, можна пачуць зараз ад многіх знаёмых. А мне вось падумалася, усё ж наколькі мы ведаем гэтае багацце нашых лясоў, ці разбіраемся ў відах ягад і карысных уласцівасцях, ці ведаем, як вызначаць прыдатныя для іх месцы вырастання і што вельмі важна – як гэтыя дарункі лесу нарыхтаваць і не нанесці ўрон прыродзе?

Такім чынам, зараз папаўняем запасы чарніц — канец чэрвеня-ліпень як раз яе час. Гэту ягаду ў нашых лясах можна сустрэць найбольш часта. Што адметна, шырока выкарыстоўваюць як ягады, так і лісце. Ягады ўтрымліваюць мноства вітамінаў і мікраэлементаў, гаючых пры захворваннях вачэй, сардэчна-сасудзістых захворваннях. І, урэшце рэшт, гэта вельмі смачная ягада.

Дзе звычайна адшукаем чарніцы? У сухіх хвойных лясах. А яны, дарэчы, багатыя яшчэ і на брусніцы, суніцы, маліну, ажыну, буякі. І менавіта буякі становіцца апошнім часам усё больш папулярнымі ягадамі. Гэта і зразумела – яны гаючыя пры хваробах сэрца, пры дыябеце, пры прастудных захворваннях і пры праблемах з суставамі. Акрамя таго, буякі лічаць неацэннымі для захавання і паляпшэння памяці.

І канечне, каралева карысных рэчываў – журавіны. Шукаем іх, праўда, не раней за канец лета на багністых глебах. Кіслая на смак, гэта ягада — унікальная крыніца фітанцыдаў, вітамінаў, мікраэлементаў. І дзякуючы такому набору, журавіны дапамогуць найперш пры вірусных захворваннях, паколькі спрыяюць павышэнню ўзроўню натуральнага імунітэту. Нават парушэнні абмену рэчываў народная медыцына рэкамендуе лячыць менавіта журавінамі.

Вядома, можна было б узгадаць і такую любімую дзецьмі і дарослымі (і без сумнення гаючую) маліну, і найсмачнейшую ажыну, і іргу, і касцяніцу, і іншыя лясныя ягады. Аднак маліна даўно і трывала абгрунтавалася на прысядзібных участках, і зараз за ёй увогуле няма неабходнасці адпраўляцца ў лес.

Праўда, па словах спецыялістаў, лясныя ягады адрозніваюцца ад садовых тым, што ўтрымліваюць больш біялагічна значных элементаў і карысных рэчываў. Як правіла, яны растуць у чыстым асяроддзі, удалечыні ад прадпрыемстваў і дарог.

Так што, калі ёсць час, зараз самая пара запасацца вітамінамі. Праўда, ёсць людзі, якія лес ператварылі ў месца працы — збіраюць там ягады, а потым прадаюць ля дарогі. І не страшна, калі пры гэтым лясная плантацыя не пашкоджана — не вытаптаная, не выдраныя карані, не зламаныя кусты…

Адсачыць шкоднікаў цяжка, але супрацоўнікі Мінлясгаса спрабуюць. Дзейнічае такая Пастанова «Аб зборы дзікарослых ягад», якой зацверджана Інструкцыя аб спосабах і прыладах для іх збору і нарыхтоўкі. Паводле дакумента, зрываць «лясныя вітаміны» дазваляецца ўручную альбо пры дапамозе спецыяльных прылад і на не забароненых тэрыторыях.

Прапісаны і патрабаванні да такіх дапаможных прыстасаванняў. У прыватнасці, адлегласць паміж зубцамі павінна быць не менш за палову сантыметра; корпус і зубцы вырабляюцца з пластмасы, металу, драўніны, гумы альбо іх камбінацыі; не павінна быць рэжучых бакоў у зоне зрывання ягад. Гэтыя патрабаванні распрацаваныя, каб не дапусціць пашкоджання частак парасткаў дзікарослых раслін. А патрабаванні да матэрыялаў ручных камбайнаў устаноўлены зыходзячы з вопыту іншых краін, а таксама магчымасцей вытворцаў такіх «памочнікаў».

У Інструкцыі таксама прапісана, што пры зборы чарніц і буякоў ягадны камбайн варта накіроўваць пад вуглом да верхняй часткі куста, прытрымліваць парасткі вольнай рукой, пазбягаць траплення ў грабянец тоўстай ніжняй часткі парасткаў. Пры зборы журавін яго неабходна накіроўваць па паверхні моху і парасткаў ягад.

Акрамя таго, рэкамендуецца весці збор толькі спелых лясных дарункаў у перыяд іх масавага паспявання ў сухое надвор'е, пасля сходу расы, бо гэта зніжае верагоднасць абрыву лісця.

Прытрымлівацца гэтых правіл важна ўсім, тады і дарункамі прыроды нашыя лясы будуць радаваць нас кожны год.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: