Падзяліцца:
«Погляд. Клімат-2020: экстрэмальнае надвор'е — новая норма?» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.05.2020
«Погляд. Клімат-2020: экстрэмальнае надвор'е — новая норма?» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)

Метэапаводзіны здзівілі чарговы раз – у панядзелак амаль +25 у сталіцы, у прыватнасці, а на наступны дзень тэмпературны слупок вышэй за +2 так і не перабраўся. Сіноптыкі гавораць, хоць такая сітуацыя і не норма, але выпадкі падобныя ўсё ж бывалі – калі за суткі тэмпература паветра істотна паніжаецца.

Дарэчы, такія перапады апошнім часам, наадварот, здараюцца ўсё часцей. І гэта, падкрэсліваюць спецыялісты, адно з наступстваў змянення клімату.

А ці ведаеце Вы, што ёсць нават спецыяльны дзень, прысвечаны абароне клімату, як важнага рэсурсу, які ўплывае на дабрабыт цяперашніх і будучых пакаленняў. 15 мая свет адзначае Міжнародны дзень клімату.

Захаванне клімату – адна з глабальных праблем, якія сёння стаяць перад чалавецтвам. Глабальнае пацяпленне, павышанае ўтрыманне азону ў атмасферы, прыродныя катаклізмы, змяненне ўмоў надвор'я на планеце – усё гэта вядзе да пагаршэння клімату Зямлі і ў выніку аказвае негатыўны ўплыў на харчовую, жыццёвую і маёмасную бяспеку людзей, адмоўна адбіваецца на стане прыродных рэсурсаў і збалансаваным развіцці дзяржаў.

Прыкметы экалагічнага калапсу бачныя паўсюль. Імкліва скарачаецца колькасць насякомых, за імі хутка выміраюць птушкі — Паўночная Амерыка, напрыклад, страціла ўжо трэць іх папуляцыі. Падае ўраджайнасць традыцыйных культур і рыбнай здабычы. Хвалі небывалай спякоты пранікаюць усё далей на поўнач Еўропы, а небывалыя пажары знішчаюць лясы ў Сібіры, Бразіліі і Аўстраліі.

Пры гэтым даследаванні кліматолагаў дэманструюць, што далей будзе толькі горш. Ужо праз 10 гадоў, да 2030-га, тэмпература можа падняцца на 1,5°C у параўнанні з даіндустрыяльнымі ўзроўнямі, што зробіць экстрэмальнае надвор'е новай нормай. Да канца стагоддзя, калі чалавецтва не скароціць выкіды парніковых газаў, тэмп глабальнага пацяплення пераадолее адзнаку ў 4 градусы ў адносінах да даіндустрыяльнай эпохі.

Мацней за ўсё пацяпленне паўплывае на палярныя рэгіёны. Ужо зараз леднікі Грэнландыі і Заходняй Антарктыды растаюць у некалькі разоў хутчэй.

Раставанне палярных льдоў азначае паскоранае павышэнне ўзроўню мора і затапленне ўзбярэжжаў і невялікіх астравоў. Эксперты ААН папярэджваюць, што да канца стагоддзя акіяны падымуцца на метр. Акрамя таго, узмацніцца частата і хуткасць штармоў і ўраганаў. У выніку некаторыя гарады і краіны спыняць сваё існаванне, а 600-700 млн чалавек давядзецца перасяляць. Не цяжка ўявіць, што гэта прывядзе да маштабнага міграцыйнага крызісу.

Надыходзячыя акіяны — далёка не адзіная праблема, звязаная з кліматычным крызісам. Засухі і хвалі спякоты могуць зрабіць традыцыйную сельскую гаспадарку немагчымай, што можа стаць прычынай масавага голаду.

Ужо зараз ураджаі асноўных культур у Еўропе, Аўстраліі і Паўднёвай Афрыцы знізіліся з-за глабальнага пацяплення.

Змяненне клімату закранае і Беларусь. І паводле аналізу айчынных кліматолагаў, прыносіць нямала негатыўных наступстваў. Вось толькі некалькі фактаў. Доўгая адсутнасць дажджоў у цёплы перыяд года прыводзіць да пажараў, а значыць, і да знішчэння лясных экасістэм, забруджвання паветра. З-за павелічэння паўтаральнасці засух паніжаецца ўраджайнасць сельгаскультур.

Навукоўцы папярэджваюць: часу прадухіліць кліматычную катастрофу амаль не застаецца. І прапаноўваюць некалькі спосабаў барацьбы з пацяпленнем. Так, скарачаць канцэнтрацыю небяспечных для клімату парніковых газаў можна праз перавод энергетыкі на аднаўляльныя крыніцы энергіі, радыкальныя пераўтварэнні ў сельскай гаспадарцы, масавае аднаўленне лясоў.

Захаванне клімату Зямлі залежыць і ад кожнага жыхара планеты. Унесці свой уклад не так ужо і складана. Для гэтага можна, напрыклад, радзей карыстацца аўтамабілем, выкарыстоўваць у сваёй кватэры энергазберагальныя крыніцы асвятлення, удзельнічаць у пасадках дрэў і абараняць зялёныя насаджэнні. Здавалася б, дробязі… Але гэтыя «дробязі», памножаныя на насельніцтва планеты, набываюць велізарнае значэнне.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: