Напэўна, мала хто не задаваўся пытаннем – што гэта адбываецца з надвор'ем апошнім часам? Ужо на календары другая палова студзеня, а кліматычная зіма дагэтуль не надышла. Іншая справа, якая каму зіма падабаецца... Але ж тым, хто чакае маразоў ды гурбаў снегу, пакуль яўна задавальнення атрымаць не ўдаецца. Метэастатыстыка тым не менш сведчыць: такая зіма, хутчэй, лагічны працяг – 2019 у Беларусі стаў самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў (з 1881-га).
Сярэдняя за год тэмпература паветра перавысіла норму на 2 градусы. І гэта пры такім прахалодным ліпені – могуць ўзгадаць некаторыя. Сапраўды, самы цёплы па норме месяц года летась выдаўся ніжэйшым за кліматычную норму. І ў 21-м стагоддзі такім халодным ліпень выдаўся ўпершыню. У кампаніі з ім яшчэ і студзень, праўда, не з такім анамальным адхіленнем. А вось затое астатнія спаборнічалі – хто і на колькі гэтую самую норму перавысіць. У тройцы лідараў – снежань, люты і чэрвень, безумоўна – такім гарачым ён быў упершыню ў пасляваенным перыядзе.
Увогуле, ўсе цёплыя анамаліі – прэрагатыва ў асноўным апошніх дзесяцігоддзяў. Кліматолагі адзначаюць, што на тэрыторыі Беларусі сучаснае змяненне клімату пачалося з анамальна цёплай зімы 1989 года. Сярод яўных праяў кліматычных змяненняў – цёплыя зімы (што ўжо бачым), ранняе наступленне вясны, засухі, якія пачасціліся, вышэйшыя сярэднія тэмпературы паветра. З 1989 года сярэднегадавая тэмпература перавысіла на 1,3 градуса кліматычную норму. Так было да 2015 года, у якім было зафіксавана новае перавышэнне – на 2,7 градуса.
Эксперты прагназуюць два сцэнарыі змянення клімату, якія могуць развівацца па-свойму, у залежнасці ад уздзеяння чалавека на прыроду, а таксама ад колькасці выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу. Калі будзе развівацца «сярэдні» сцэнарый, то ўжо ў перыяд з 2041-га па 2060 год стане цяплей на 1,6 градуса летам і на 2,4 градуса зімой. Пры гэтым колькасць ападкаў зменшыцца. Стане больш дзён, калі тэмпература паветра будзе вышэйшай за нуль. У Брэсце не будзе зімы наогул, як і на паўднёвым захадзе краіны – усе 365 дзён у годзе там будуць ў сярэднім вышэй за нуль.
Пры развіцці «жорсткага» сцэнарыя, лета стане цяплей на 2,3 градуса, зіма – на 3 градусы. Ападкаў таксама стане менш у летні час, але іх колькасць павялічыцца ў астатні. Ужо ў 2030 годзе ў Беларусі можна будзе вырошчваць кукурузу на збожжа, сланечнік. У перыяд з 2041-га па 2060 год на большай частцы Брэсцкай і Гомельскай абласцей можна будзе атрымліваць добры ўраджай вінаграда, кавуноў, дыні.
Як бачым, змяненне клімату аказвае прыкметны ўплыў на сельскую гаспадарку краіны. Раней у Беларусі вылучалі тры кліматычныя зоны, але пасля 1989 года з'явілася чацвёртая (цёплая) на поўдні краіны, пры гэтым знікла самая халодная зона. Тым не менш, ёсць эфект як станоўчы, так і адмоўны. З плюсаў – павялічваецца вегетацыйны перыяд раслін, сельгаскультуры атрымліваюць больш цеплыні. Сярод мінусаў – павышаецца верагоднасць экстрэмальных гідраметэаралагічных умоў, засуха вельмі негатыўна уплывае на ўраджайнасць, з'яўляюцца новыя шкодныя расліны і хваробы карысных раслін.
Сапраўды, мы жывём у часы кліматычных змен. І як будзе развівацца далей узаемадзеянне чалавека з прыроднымі працэсамі і экасістэмамі, пакуль дакладна не ведае ніхто. Таму чалавецтва вымушана ўважліва сачыць за кліматычнымі феноменамі, каб мець магчымасць загадзя падрыхтавацца да іх.
Ну, а гэтай зімой (каляндарнай) – да канца студзеня дык дакладна, па прагнозах сіноптыкаў, беларусам не варта чакаць вялікіх снежных гурбаў. Нельга сказаць, што снегу наогул не будзе. Але ў тым разуменні, як належыць, – паўмятровыя гурбы, іх пакуль чакаць не даводзіцца, таму што тэмпературы ў нас даволі высокія.
Пры больш актыўных атмасферных франтах, канечне, можа выпадаць мокры снег альбо нават снег сухі. Але, зноў жа, час утрымання снежнага покрыва будзе залежаць ад тэмпературы паветра. А зараз на тэрыторыі нашай краіны склалася не зусім тыповая сінаптычная сітуацыя для сярэдзіны зімы. Тэмпературны фон устойліва перавышае кліматычную норму. Гэта не дазваляе сфарміравацца ўстойліваму снежнаму покрыву.
Што тычыцца прагнозаў на астатнюю зіму, то ў цэлым у 2010-я гады ў краіне часцей адзначаліся больш няўстойлівыя зімовыя сезоны, чым марозныя альбо снежныя. Таму больш верагодная такая зіма, якую мы зараз назіраем. Канечне, традыцыйна самым халодным у нас лічыцца студзень. Але абсалютныя мінімумы тэмператур часта назіраюцца ў лютым. Так што пакуль расслабляцца не варта.