Штогод 22 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень Маці-Зямлі — дзень нашага агульнага дома.
Цікавая гісторыя гэтага экалагічнага свята. Пачыналася ўсё не так глабальна. Заснавальнікам Дня Зямлі лічыцца Джон Стэрлінг Мортан са штата Небраска (ЗША), які на пасяджэнні ўпраўлення сельскай гаспадаркі штата прапанаваў у 1872 годзе прызначыць штогадовы дзень, прысвечаны азеляненню навакольнай тэрыторыі. Прапанова атрымала шырокую падтрымку жыхароў штата. Праз дзесяць год Дзень Дрэва быў абвешчаны ўрадам Небраска афіцыйным святам штата, дата яго прыпадала на 22 красавіка.
Праўда, ужо больш часу спатрэбілася, каб свята стала ў ЗША нацыянальным. 22 красавіка 1970 года ў Нью-Ёрку вядомы амерыканскі палітык і актывіст сенатар Гейлард Нэльсан стварыў групу са студэнтаў, якія ўпершыню арганізавалі правядзенне нацыянальнага свята – Дня Зямлі. Яго ўдзельнікі прапанавалі звычайным радавым амерыканцам звярнуць увагу на экалагічныя праблемы сучаснасці і паспрабаваць сумеснымі намаганнямі берагчы зялёную планету.
Гэта ідэя з часам настолькі стала актуальнай, што ў 2009 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла Міжнародны дзень Маці-Зямлі, пастанавіўшы адзначаць яго 22 красавіка. Адзначаецца, што «Маці-Зямля» — агульнапрынятая назва планеты, што адлюстроўвае ўзаемазалежнасць паміж чалавекам, іншымі жывымі істотамі і планетай, якую мы засяляем.
Мэта правядзення свята – ператварэнне экалагічнай праблематыкі ў неад'емную частку агульнай адукацыі і культуры. Падчас гэтай сусветнай акцыі звяртаюць увагу грамадства і кожнага чалавека на праблемы Зямлі і на тыя задачы, якія стаяць перад чалавецтвам для захавання планеты.
Дзень Маці-Зямлі дае магчымасць кожнаму жыхару ва ўсіх населеных кутках планеты выказаць падзяку нашаму вялікаму агульнаму дому. У розных краінах арганізуюцца самыя разнастайныя мерапрыемствы і акцыі, прысвечаныя пэўнай тэме. Гэта канферэнцыі, выставы, закрыццё аўтамабільнага руху на ажыўленых вуліцах буйных гарадоў, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Кожны жыхар планеты можа ўнесці свой маленькі ўклад у справу аховы навакольнага асяроддзя: ачысціць ад смецця прылеглую тэрыторыю, высадзіць хаця б адно дрэва.
І, напэўна, галоўнае, задумацца, што не толькі ў гэты дзень мы будзем клапаціцца аб навакольным асяроддзі. Час мяняць звычкі, імкнуцца, каб экалогія стала ладам жыцця. Весці экалагічна дружалюбны лад жыцця — значыць захоўваць баланс паміж сваімі патрэбнасцямі і дабрабытам навакольнага асяроддзя.
Дык як жа наладзіць свой побыт, каб не шкодзіць прыродзе. Вось некалькі нескладаных правілаў.
Экалагічна дружалюбны лад жыцця звязаны з устойлівым спажываннем. Важна, што мы купляем у краме і як гэта выкарыстоўваем. Трэба прывучаць сябе не купляць больш, чым мы з'ядаем, каб не выкідваць рэшткі ежы. Важна прадумваць загадзя, якія стравы і калі вы збіраецеся рыхтаваць, і якія прадукты вам для гэтага спатрэбяцца. Купляйце прадукты мясцовых вытворцаў. Чым меншы шлях, які зробяць прадукты да вашай кухні, тым менш іх вугляродны след. Скараціце колькасць упакоўкі. Аддавайце перавагу таварам на развес.
Весці экалагічна дружалюбны лад жыцця складана? Гэта нярэдка проста адгаворка. Ці складана купляць каву ў сваю тэрмакружку? А ў некаторых кавярнях за адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя зараз можна атрымаць яшчэ і скідку. Больш экалагічна і танна выкарыстоўваць шматразовыя бутэлькі для вады, хадзіць па пакупкі ў краму з торбай з тканіны, каб не браць паліэтыленавыя пакеты.
І, канечне, сартаваць смецце ці эканоміць ваду і энергію — не самыя складаныя, але дзейсныя меры.
Вядома, немагчыма вырашыць адначасова ўсе праблемы ўзаемадзеяння прыроды і чалавецтва. Важней іншае – сваімі рукамі прынесці пэўную карысць, якой бы малой яна не здавалася.