Падзяліцца:
«Погляд. Якім павінен быць горад будучыні?» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.02.2020
«Погляд. Якім павінен быць горад будучыні?» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)

Устойлівае развіццё гарадоў было ў цэнтры ўвагі падчас 10-га сусветнага форуму гарадоў у Абу-Дабі. Удзельнікі Форума абмяркоўвалі, як зрабіць гарады камфортнымі для жыцця.

Свет уступіў у эпоху імклівай глабальнай урбанізацыі. Зараз у гарадах жыве 3,5 мільярда чалавек – гэта больш за палову насельніцтва планеты, а да 2030 года колькасць гараджан павялічыцца да 5 мільярдаў. Агульная плошча гарадоў свету складае ўсяго толькі 3 працэнты сушы Зямлі, аднак на іх прыпадае 60-80 працэнтаў спажывання энергіі і 75 працэнтаў выкідаў вуглякіслага газу. Беднасць, забруджванне паветра, шум – толькі некаторыя праблемы гарадоў, якія з'яўляюцца найбуйнейшай крыніцай парніковых газаў. Таму вырашэнне многіх глабальных праблем залежыць ад стану гарадоў.

Што ў наш час уяўляе сабой «паспяховы горад»? Гэта горад, дзе ствараюцца працоўныя месцы, дзе павышаецца ўзровень жыцця ўсіх яго жыхароў, і пры гэтым робяцца сур'ёзныя крокі па абароне ад кліматычных змяненняў і стрымліванні далейшага пацяплення. Сапраўды, менавіта ў гарадах ідзе галоўная бітва супраць змянення клімату. Рашэнні, якія тычацца гарадской інфраструктуры – будаўніцтва, жылля, энергаэфектыўнасці, вытворчасці энергіі і транспарту, – якія будуць прыняты ў бліжэйшыя некалькі дзесяцігоддзяў, павінны аказаць велізарны ўплыў на дынаміку эмісій парніковых газаў.

Зараз, калі працэс урбанізацыі паскараецца, ідзе інтэнсіўны пошук аптымальнага ўзаемадзеяння горада і прыроды. Адна з найважнейшых задач – павышэнне якасці жыцця гарадскога насельніцтва з улікам экалагічнага фактару. Менавіта на гэта накіравана канцэпцыя «зялёнага горадабудаўніцтва», якая становіцца ўсё больш папулярнай у свеце. Агульнасусветная тэндэнцыя ўрбанізацыі характэрная і для Беларусі. Тры чвэрці насельніцтва ў нас – гараджане.

Прыклады ўладкавання гарадской інфраструктуры з улікам экалагічнага фактару дае праект ПРААН/ГЭФ «Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі».

Праект накіраваны на распрацоўку планаў зялёнага горадабудаўніцтва, а таксама падтрымку пілотных ініцыятыў па гарадскім транспарце і энергаэфектыўнасці. Яго рэалізуюць з 2016-га і за гэты час распрацаваны новыя для Беларусі дакументы — планы зялёнага горадабудаўніцтва — для трох пілотных гарадоў: Полацк, Наваполацк, Навагрудак. Таксама створаны адзіны план устойлівай гарадской мабільнасці для Полацка і Наваполацка. Гэта – стратэгічныя дакументы, накіраваныя на паніжэнне выкідаў парніковых газаў. Пры іх распрацоўцы максімальна шырока ўлічвалася меркаванне грамадскасці: у апытанні па праблемах зялёнага развіцця прынялі ўдзел каля 7 тысяч гараджан.

Для кожнай з трох пілотных тэрыторый падрыхтавана серыя картаграфічных матэрыялаў, якая ўключае даныя аб стане жыллёвага фонду, якасці забудовы, размеркаванні шчыльнасці насельніцтва, зялёных тэрыторый, даступнасці прыпынкаў грамадскага транспарту і іншых аб'ектаў гарадской інфраструктуры — усяго 20 электронных карт, размяшчэнне якіх плануецца ў адкрытым доступе.

У Навагрудку, акрамя таго, укаранілі на некалькіх вуліцах сістэму разумнага святлодыёднага асвятлення. Работа 400 свяцілень рэгулюецца інтэлектуальнай сістэмай кіравання, што дазваляе эканоміць да 30% электраэнергіі. Вопыт Навагрудка плануецца распаўсюдзіць яшчэ на сем гарадоў.

Практыка складання планаў зялёнага горадабудаўніцтва будзе працягнута. Так, у рамках праекта эксперты дапамогуць пры распрацоўцы такіх дакументаў Зэльве, Карме, Крычаву, Гарадку. Безумоўна, такі вопыт будзе карысны і для іншых гарадоў нашай краіны.

Галоўнае, што падобныя дзеянні прадугледжваюць, найперш, азеляненне тэрыторый, павышэнне энергаэфектыўнасці жылых будынкаў, удасканаленне транспартнай сістэмы – усё гэта спрыяе паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі і развіццю гарадской інфраструктуры. Бо зялёны горад – гэта, найперш, горад, камфортны для жыцця!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: