Падзяліцца:
«Погляд. За электрамабілямі будучыня!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.08.2020
«Погляд. За электрамабілямі будучыня!» Радыёблог Алены Вахрамеевай (аўдыё)

Апошнім часам вялікая ўвага ў нашай краіне да развіцця электратранспарту. Колькасць электрамабіляў расце ва ўсім свеце. Многія аналітыкі лічаць, што пачынаецца новая эра, у якой электракары адзначаць канец эпохі нафты. Разам у тым, нягледзячы на рост папулярнасці гэтага альтэрнатыўнага віду транспарту, час «чорнага золата» падоўжыцца яшчэ доўга, упэўнены іншы бок. Тэхналогіі здабычы нафты становяцца ўсё больш перадавымі, тады як недахопы электракараў не дазваляюць рынку ў поўнай меры прыняць іх.

Па даных Міжнароднага энергетычнага агенцтва, больш за 90% сусветнага аўтапарка па-ранейшаму працуе на нафтапрадуктах. Пры гэтым агенцтва не выключае і сцэнарый, пры якім бум на электрамабілі працягнецца. У такім сцэнарыі адзначаецца, што да 2040 года на дарогах будзе 930 мільёнаў электрамабіляў альбо каля паловы сусветнага аўтапарку ў параўнанні з 5 мільёнамі ў 2018 годзе.

Эксперты вераць у вялікі рост колькасці электрамабіляў, тым не менш, калі паглядзець на працэнт прададзеных машын і на пройдзеныя мілі, гэта зусім іншая гісторыя — прабег такіх аўтамабіляў пакуль значна меншы. Электрамабілі пакуль не могуць канкураваць на камерцыйным узроўні са звыклым транспартам. Рухавік унутранага згарання пакуль яшчэ не сыйшоў са сцэны. Тым не менш, сусветны рынак электрамабіляў хутка пашыраецца і, па ўсіх прагнозах, будзе расці. Першым чынам попыт на электрамабілі па ўсім свеце падштурхнула заклапочанасць наконт выкідаў парніковых газаў і змянення клімату. На рост попыту ўплывае і зніжэнне цэн на электракары. Цэны знізіліся больш чым на 65% з 2010 года.

Чакаецца, што вялікі зрух у асваенні электрамабіляў пачнецца зусім хутка, калі вытворцы аўтамабіляў пачнуць выпускаць новыя мадэлі, асартымент акумулятараў палепшыцца, час зарадкі скароціцца, а кошт электрамабіля будзе адпавядаць кошту аўтамабіля з рухавіком унутранага згарання.

Дыскусіі на тэму што лепш, электрамабілі альбо аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання, не сціхаюць вось ужо некалькі гадоў, і з выхадам кожнай новай мадэлі ад вядомых брэндаў разгараюцца зноў. Мабыць, для кожнага, хто плануе набыццё новага аўтамабіля ўстае пытанне, не ці час сур'ёзна разгледзець электрамабіль у якасці альтэрнатывы. Тым больш, калі ўлічыць, магчымы дэфіцыт нафты ў будучыні. Бо пакуль попыт на нафту будзе заставацца на ранейшым узроўні, за выключэннем магчымых ваганняў на рынку. Пра дэфіцыт нафты зараз гаварыць складана, але карысныя выкапні не вечныя і значны дэфіцыт магчымы бліжэй да 2040 года. А з развіццём тэхналагічнага прагрэсу і такія недахопы электрамабіляў, як недастатковая колькасць станцый падзарадкі, абмежаваны дыяпазон адлегласці і ўсё яшчэ высокі кошт будуць нівеліравацца.

Экалагічны электрычны транспарт – тэхналогія будучыні, якая дазваляе не толькі зэканоміць грашовыя сродкі насельніцтва на ўтрыманне аўтамабіля, але і дазваляе скараціць выкіды ўгарных газаў у атмасферу. Таму выцясненне аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання з рынку хоць і не так хутка, але адбудзецца.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: