Навіна, што ў недалёкім будучым мы можам застацца без кавы і шакаладу, ледзь не прымусіла мяне запісацца ў шэрагі Грэты Тумберг. Справа ў тым, што для вырошчвання кафейнага зерня неабходныя спецыфічныя ўмовы: трапічны клімат, высакагор’е, стабільная тэмпература і багатыя ападкі круглы год. А з-за глабальнага пацяплення такіх месцаў на планеце застаецца ўсё менш і менш.
Тая ж сітуацыя і з какававымі зярнятамі, якія да таго ж вельмі адчувальныя да перападаў надвор’я, што назіраюцца апошнім часам. Навукоўцы папярэджваюць: кліматычныя змяненні пагражаюць знікненнем большасці звыклых для нас прадуктаў – ад бульбы і бананаў да морапрадуктаў і аліўкавага алею.
Гэта ў перспектыве, але ўжо сёння глабальнае пацяпленне – факт, які мы назіраем на свае вочы. Упершыню ў Беларусь не прыйшла кліматычная зіма: сярэдняя тэмпература трох зімніх месяцаў склала плюс 1,5 градусы Цэльсія, што на 5,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Дый на ўсім еўрапейскім кантыненце гэта зіма стала самай цёплай за апошнія 150 гадоў.
Але кліматолагаў пужае не толькі само глабальнае пацяпленне, а яго тэмпы, якія не маюць аналагаў за апошнія 2000 гадоў. “З маштабамі цяперашніх кліматычных змяненняў нельга нават параўноўваць Малы ледніковы перыяд, які быў на Зямлі з ХІV па ХІХ стагоддзі”, – сцвярджаеца ў даследаваннях вучоных Бернскага ўніверсітэта, якія былі надрукаваны ў часопісах “Nature” і “Nature Geoscience”. Гэтую працу высока ацаніла прафесура Універсітэцкага каледжа Лондана і Брыстольскага ўніверсітэта. Хуткую дынаміку сярэдняй гадавой тэмпературы на планеце пацвярджаюць і даныя, даступныя як мінімум у трох крыніцах: на сайтах амерыканскага Нацыянальнага ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў, Універсітэта Усходняй Англіі і Інстытута касмічных даследаванняў імя Годарда, які ўваходзіць ў NASA.
Большасць навукоўцаў лічаць, што асноўная прычына хуткага змянення клімату – гэта дзейнасць чалавека, якая прыводзіць да выкіду ў атмасферу вуглякіслага газу і стварэння так званага парніковага эфекту. Вынікам многіх даследаванняў у гэтым напрамку стала, як вядома, Парыжскае пагадненне па клімаце. Яго падпісалі больш за 175 краін, якія ўзялі на сябе абавязацельствы па скарачэнні шкодных выкідаў. Такі падыход падтрымліваюць і “зялёныя актывісты”.
Але ў прыхільнікаў барацьбы з глабальным пацяпленнем ёсць і армія праціўнікаў. Нядаўна легендарны вучоны-геафізік Аляксандр Гарадніцкі выступіў з заявай: “Глабальнае пацяпленне – глабальны падман”. На яго думку, гэта проста фаза цыклічнага працэсу, які адбываецца на Зямлі і ад чалавека не залежыць. Ён вызначаецца многімі фактарамі, галоўны з якіх – сонечная актыўнасць. І зараз мы перажываем апошнюю стадыю глабальнага пацяплення, якое праз дзясяткі гадоў зменіцца глабальным пахаладаннем. Да таго ж вучоны лічыць, што парніковага эфекту не існуе, як і нагрэву планеты ад выкіду вугляроду ў атмасферу. На старонках “Комсомольской правды” ён прыводзіць такі аргумент: яшчэ 570 мільёнаў гадоў таму, згодна з геахімічнымі данымі, колькасць вугляроду ў атмасферы перавышала сучасную ў 18-20 разоў. І сёння Сусветны акіян выкідвае ў атмасферу такую колькасць CO2, якая перавышае ў сто разоў выкіды ўсёй прамысловасці на планеце.
А група ўплывовых вучоных-кліматолагаў з 8 краін, сярод якіх брытанец Нік Льюіс, наогул лічаць, што гэтыя выкіды карысныя для планеты. Менавіта дзякуючы ім ідзе бурны рост лясоў і іншай расліннасці. Падлікі, прыведзеныя ў вядучым часопісе “Nature”, уражваюць: толькі за суперіндустрыяльны перыяд з 1982 па 2015 гады плошча лясоў на Зямлі павялічылася амаль на 50 працэнтаў. І ўся гэтая “зеляніна” працуе супраць пацяплення, забіраючы з атмасферы залішкі вуглякіслага газу, які адказвае за павышэнне сярэдняй тэмпературы.
У сваю чаргу брытанскі прафесар Джэймс Лаўлок, аўтар “Гіпотэзы Геі” прадказвае, што планета Зямля, як самарэгулюемая сістэма, знойдзе адказ на цяперашні кліматычны выклік. Як рабіла гэта на працягу мільёнаў гадоў. Проста трэба даць ёй гэту магчымасць, і не траціць марна велізарныя грошы на міфічнае глабальнае пацяпленне.
Дарэчы, рэальнай пагрозай чалавецтву ўзгаданы вучоны-геафізік Аляксандр Гарадніцкі лічыць прыродныя катаклізмы – землетрасенні, цунамі, якія мы дагэтуль не навучыліся прадказваць. А таксама выкіды ў атмасферу і Сусветны акіян не вугляроду, а атрутных рэчываў, сярод якіх – сера, мыш’як, адходы хімічнай прамысловасці і радыёактыўныя. Вось на што, на яго думку, і трэба скіраваць намаганні чалавецтва.
Хутчэй за ўсё ў гэтай спрэчцы мае рацыю амерыканскі прафесар Джудзіт Кары. Яна лічыць, што зараз нельга не прыслухоўвацца да аргументаў праціўнікаў глабальнага пацяплення, бо на многія з іх у апанентаў няма адказу. “Гэтыя рознагалоссі знаходзяцца ў цэнтры грамадскіх дэбатаў аб кліматычных змяненнях, і іх неабходна абмяркоўваць”, – падкрэслівае прафесар.
Дарэчы, у сусветным павуцінні існуе спецыяльны вэб-сайт www.climatedebatedaily.com, прысвечаны менавіта такім спрэчкам. Ён запушчаны намаганнямі навукоўцаў новазеландскага Універсітэта Кентерберы. Адзін з яго стваральнікаў прафесар Дэніс Датон прызнае праблемы змянення клімату, але пры гэтым задаецца пытаннем, наколькі абгрунтавана ўся гэта істэрыя вакол яе.
Ну, а пакуль спецыялісты розных профіляў ламаюць дзіды вакол глабальнага пацяплення, што ж рабіць нам, звычайным людзям? Думаю, трэба дзейнічаць лакальна: не забруджваць наваколле і добраўпарадкаваць двары і скверы, зніжаць адходы і займацца іх раздзельным зборам, рацыянальна спажываць ваду і электраэнергію, быць, адным словам, руплівым гаспадаром на сваёй зямлі. Я так думаю. А вы?