Падзяліцца:
«Прафесія абавязвае! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.10.2020
«Прафесія абавязвае! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Аднойчы да нас на прамы эфір у якасці эксперта быў запрошаны адзін даволі вядомы журналіст. Прозвішча называць не буду, бо гэта ў нечым яго асабістая гісторыя, але, на мой погляд, вельмі павучальная для многіх. Размова ў студыі атрымалася цікавай, змястоўнай, але як толькі быў выключаны мікрафон, суразмоўца са словамі прабачэння ўзяўся за мабільны тэлефон і пачаў званіць у бальніцу. Аказался, яго сына забрала хуткая дапамога, і літаральна ў тыя хвіліны ён быў на аперацыйным стале. Аднак бацька замест таго, каб быць побач з сынам, паехаў у Дом радыё і без кроплі хвалявання вёў гутарку. Кажу яму: «Няхай бы патэлефанавалі, што ў вас такая бяда і адмянілі візіт». А ён: «Калегі, я ж не магу вас падвесці, бо разумею, як няпроста аператыўна знайсці госця для прамога эфіру. Самі ведаеце, у нас, журналістаў, прафесійныя абавязкі – на першым месцы, а асабістае – потым».

Аб гэтых прафесійных абавязках у любой прафесіі і сённяшняя наша размова. Але спярша вас заспакою: у той даўняй гісторыі ўсё абышлося, хлапчук выздаравеў. Узгадалася гэта ў кантэксце нядаўняга скандалу ў адным з абласных тэатраў. Многія пра яго ўжо чулі: акцёры кінулі іграць спектакль у сярэдзіне другога акта. Прычына – з інтэрнэту даведаліся, што іх калег затрымалі падчас несанкцыянаванага мітынгу. Маўляў, занепакоіліся іх лёсам. А на сваіх гледачоў, якія былі ў зале, выходзіць, забыліся, як і на свае прафесійныя абавязкі, служэнне Мельпамене і Таліі.

Гэтая «няпростая тэатральная гісторыя» выклікала, зразумела, шырокі рэзананс у інтэрнэт-асяроддзі. У падтрымку акцёраў можна пачуць: яны маюць права так выказваць сваю пазіцыю, і, наогул, як жа ім весяліць публіку, калі на вуліцы такія падзеі. Па адказ такім «спачуваючым» раю звярнуцца да нядаўняга інтэрв’ю народнага артыста СССР і Беларусі Генадзя Аўсяннікава. Думаю, лёгка знойдзеце яго, калі пажадаеце. І тычыцца, канечне, яшчэ адной гучнай «тэатральнай гісторыі». Сам легендарны купалавец з тэатра не сыходзіў, а ў тых, хто звольніўся, лічыць, «забушавалі эмоцыіі» і «адбылася разруха ў галавах». Ён нагадаў калегам не забываць адну з галоўных формул сцэнічнага жыцця сістэмы Станіслаўскага «Я – ў меркаваных абставінах», што азначае «стаць іншым, застаючыся самім сабой».

Ёсць меркаванне, што людзі творчыя – асаблівыя, ранімыя, у іх тонкі эмацыянальны і псіхічны стан, таму ім нібыта можна дараваць імпульсіўныя выхадкі, зрывы, неадэкватныя паводзіны. Вось і апраўдваюць некаторыя гэтым п’яныя дэбошы акцёра Аляксея Паніна, выхад на сцэну ў нецвярозым стане Міхаіла Яфрэмава, які да таго ж вінаваты ў трагічнай гібелі чалавека. І пры тым могуць «лайкаць» відэаролік, дзе сабака, які нечакана выбег на сцэну, пакусаў акцёра, але той працягваў іграць ролю. Інцыдэнт адбыўся ў кітайскім оперным тэатры. Гледачы ацанілі мужнасць акцёра апладысментамі, а карыстальнікі сетак – каментарыямі, дзе адзначылі высокі прафесіяналізм і павагу да гледача.

Апладысменты ад мастацкага савета МХАТа арымаў у свой час народны артыст Расіі Барыс Шчарбакоў. У адным з эпізодаў, дзе ён іграў паэта Ясеніна, павінен быў памыцца вадой. Але з-за памылкі маладой рэквізітаркі, замест вады вынеслі бензін. Акцёр апаліў твар, вочы, але эпізод дайграў. Дайграў свайго Фігара і ўлюбёнец публікі Андрэй Міронаў… Практычна на сцэне, як і Міронаў, пайшоў з жыцця яшчэ адзін вядомы акцёр Віталь Саломін. Яго заўзяты карцёжнік Крачынскі стаў апошняй роляй, як цар Фёдар Іаанавіч у выбітнага рускага акцёра Барыса Дабранравава. Прама на сцэне сэрца артыста не вытрымала, калі ён, сабраўшы волю ў кулак, завяршыў спектакль сваім апошнім маналогам. Вялікія акцёры, вялікія людзі! Яны не здрадзілі прафесіі, свайму гледачу і служаць яркім прыкладам для іншых.

Думаю, кожны з нас проста не можа ўявіць, каб хірург пакінуў бездапаможнага пацыента на аперацыйным стале ці ратавальнік кінуў пажарны рукаў і пайшоў ад палаючага агнём дома. А вось спыніць спектакль ці не выйсці на спартыўную гульню ў знак нейкага міфічнага пратэсту і салідарнасці некаторыя сабе дазваляюць. Скажаце, непараўнальныя рэчы? Але ж кожны робіць сваю справу. Не толькі для сябе, але і для іншых. І заставацца прафесіяналам у любых абставінах – не толькі прафесійны, але і чалавечы абавязак. Нездарма ж гавораць: прафесія абавязвае! Я так думаю. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: