Падзяліцца:
«Праца над сабой? Неабходна! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.10.2022
«Праца над сабой? Неабходна! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

Ужо не будзе так, як раней… І як бы мы не чапляліся за аскепкі звыклага існавання, нам давядзецца многае перагледзець, пераасэнсаваць, усвядоміць. Бо свет ніколі не будзе ранейшым.

Нарэшце неабходна зразумець, што на нашай планеце адбываюцца рэвалюцыйныя змяненні ў геапалітыцы, глабальнай эканоміцы, сістэме міжнародных адносін. Гэтыя змены носяць фундаментальны, няўмольны характар. І наіўна думаць, што гэты бурлівы час можна недзе перачакаць, перасядзець у надзеі, што ўсё вернецца на свае кругі. Так не будзе.

На нашых вачах завяршылася эпоха аднапалярнага свету, дзе дамінаваў так званы калектыўны Захад. Які, зразумела, здаваць свае пазіцыі не жадае і пагражае ядзернай вайной. І, па вялікім рахунку, зараз у свеце ідзе барацьба паміж мірам і вайной, святлом і цемрай.

А як інакш, як не цемрай, можна назваць тую частку свету, дзе свабодна адраджаецца фашызм, пануюць наркотыкі і распутства, узаконеныя аднаполыя шлюбы і эўтаназія, дзе нават вядзецца размова аб законным прызнанні педафіліі – самага страшнага злачынства з пункта гледжання чалавечай маралі?!

Беларусь зноў, як і ў мінулыя стагоддзі, апынулася ў эпіцэнтры сутычкі Усходняй і Заходняй цывілізацый. Такое ўжо наша геапалітычнае становішча. І незалежная знешняя палітыка, якая грунтуецца на сапраўдных чалавечых каштоўнасцях – міралюбнасці, жаданні ладзіць з суседзямі, але на сваёй зямлі жыць па сваіх законах, улічваць свае нацыянальныя інтарэсы.

Зразумела, агрэсіўнаму Захаду не даспадобы такая палітыка Беларусі. Наша тэрыторыя, як костка ў пашчы драпежніка, які гатовы скочыць у чарговым бліцкрыгу на Усход. Таму вакол краіны і вядзецца адкрытая геапалітычная барацьба. І нам усім трэба асэнсаваць: супраць Беларусі развязана сапраўдная гібрыдная вайна: санкцыйная, эканамічная, інфармацыйная. Ідзе непрыхаванае ўмяшанне ў нашы ўнутраныя справы, вядуцца кібератакі і падрыўная работа, рыхтуюцца дыверсіі. Ля нашага парога, на поўдні – гарачая вайная, а на паўночных і заходніх межах стаяць войскі НАТА.

Кіраўніцтва краіны адкрыта гаворыць: ваенна-палітычная сітуацыя напружаная, але «сілавы блок у стане гарантаваць бяспеку грамадзян». І просіць: ніякай панікі не павінна быць, кожнаму трэба займацца сваёй справай. Я б дадала: займацца з большым напружаннем і адказнасцю. Каб засекі поўніліся, эканоміка ўзнімалася, краіна прыгажэла. А кожны з нас усвядоміў: тут мае родныя і блізкія, гэта мая зямля і Радзіма, гэта мой лёс і грамадзянскі абавязак быць з ёю ў няпросты час. Ну, а калі знойдуцца тыя, хто выбірае іншы лёс, няхай не спадзяюцца на Божую ласку, як гаворыцца ў народзе.

Так, няпросты зараз час. Але ён падараваў нам магчымасць быць не толькі сведкамі вялікіх перамен, нараджэння новага светапогляду і цэнтраў сілы, але і стаць актыўным удзельнікам глабальнага працэсу. Канечне, дзеля гэтага давядзецца перагледзець свае звычкі і прыхільнасці, выйсці з так званай «зоны камфорту» і сацыяльнага ўтрыманства, навучыцца аналізаваць і фільтраваць інфармацыю, глядзець далей за «свой нос» і думаць не толькі пра асабістыя інтарэсы, але і навакольных. Бо такая пазіцыя «гэта не мае праблемы» – не наша, наноснае, якое прыйшло з таго самага Захаду, ад чужых для беларускага светапогляду каштоўнасцей. У нашай ментальнасці спагада і спачуванне, узаемадапамога і справядлівасць.

Праца над сабой – складаная, але неабходная. Жыць у пару перамен няпроста. Але не мы выбіраем месца і час свайго нараджэння. А вось дзе і як жыць – наш свядомы выбар.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: