Зноў паразважаць аб правах чалавека вымушае навіна апошніх дзён. Расія не змагла забяспечыць сабе вяртанне ў Савет ААН па правах чалавека, не хапіла 14 галасоў да неабходнага мінімуму.
Тут важная гісторыя пытання. Расія была выбрана ў гэты орган у кастрычніку 2020 года, але ў красавіку 2022-га Генасамблея ААН прыпыніла яе ўдзел у Савеце на фоне ваенных падзей ва Украіне. У адказ Масква зрабіла заяву аб спыненні сваіх паўнамоцтваў. У гэтым годзе краіна выказала намер вярнуцца ў склад Савета, вылучыла сваю кандыдатуру на новы трохгадовы тэрмін работы. І адразу сутыкнулася з адкрытым процідзеяннем з боку краін Захаду і некаторых так званых праваабарончых арганізацый. Напярэдадні пасяджэння ў Генасамблеі былі арганізаваны пісьмовыя звароты да пастаянных прадстаўнікоў краін-членаў ААН з заклікам галасаваць супраць, а міністр замежных спраў Вялікабрытаніі назваў заяўку Масквы «фарсам».
Тым не менш 83 краіны падтрымалі Расію, і эксперты на старонках агенцтва Reuters са спасылкай на дыпламатаў Афрыкі і Азіі, сцвярджаюць, што «свет стаміўся ад дамінавання ў органах ААН голасу Захаду». Трэба зазначыць, што ў 2022 годзе Беларусь, зразумела, галасавала супраць выключэння Расіі з Савета, а сёлета, канечне, падтрымала яе заяўку на вяртанне. У Беларусі добра знаёмы з ілжывымі і крывадушнымі падыходамі ў адносінах да правоў чалавека, якія калектыўны Захад выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах, свядома забыўшыся на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, прынятую ААН яшчэ ў 1948 годзе.
Узгадаем некалькі вельмі красамоўных прыкладаў грубага парушэння заходнімі краінамі правоў грамадзян не толькі Беларусі, але і іншых дзяржаў. Возьмем забарону ўрада Літвы на транзіт беларускіх угнаенняў праз іх тэрыторыю да марскіх партоў. У выніку гэтага сотні мільёнаў простых людзей у найменш развітых краінах пазбаўлены права на жыццё без голаду і галечы. Гэта прызнаны факт, што недахоп калійных угнаенняў істотна зніжае ўраджайнасць і ўжо выклікаў на сусветных рынках рэзкі рост цэн на прадукты харчавання. Пра гэта сведчаць даклады і даследаванні такіх аўтарытэтных міжнародных арганізацый і агенцтваў, як ААН, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН, Сусветная гандлёвая арганізацыя, Сусветны банк, Міжнародная асацыяцыя вытворцаў угнаенняў. Дарэчы, кожная 5 тона калійнай солі у свеце – беларуская, і яе блакада (а гэта парушэнне Статута ААН) можа выклікаць голад не толькі ў асобных краіных, але і цэлых рэгіёнах.
Далей. Абмежаванні Польшчы на перасячэнне граніцы з Беларуссю з’яўляюцца парушэннем права на працу для дзясяткаў тысяч перавозчыкаў – грамадзян Казахстана, Турцыі, Беларусі, той жа Польшчы, іншых краін. Артыкул 23 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека так і канстатуе: «Кожны чалавек мае права на працу, на свабодны выбар работы, на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, на абарону ад беспрацоўя».
Увядзенне ЗША і краінамі ЕС забароны на авіязносіны з Баларуссю парушаюць правы на свабоду перамяшчэння наогул мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Гэта падцвярджае першы пункт артыкула 13, дзе падкрэслена права кожнага чалавека свабодна перамяшчацца і выбіраць сабе месцапражыванне ў межах кожнай дзяржавы.
Забарона на ўдзел беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах парушаюць іх правы на абарону ад дыскрымінацыі на падставе грамадзянства або свабоды меркаванняў. Забарона на прагляд тэлеканалаў з пэўных краін (напрыклад, Расіі і Беларусі) з’яўляецца парушэннем правоў еўрапейцаў і амерыканцаў на доступ да інфармацыі, на свабоду меркаванняў і перакананняў.
Такіх прыкладаў только ў стаўленні да нашай краіны можна прывесці нямала. Да таго, у тых жа краінах Захаду, якія так любяць нас павучаць дэмакратыі, груба парушаюць правы сваіх грамадзян. Напрыклад, у Латвіі за карыстанне забароненымі СМІ можна атрымаць штраф у памеры 700 еўра. А ўлады Польшчы наогул правялі татальную зачыстку інфаполя і зрабілі перад выбарамі ў Сейм жорсткую цэнзуру. Дастаткова ўзгадаць ЗША, дзе можна атрымаць 18 гадоў турэмнага зняволення нібыта за штурм Капітолія, калі там і блізка не знаходзіўся. Нават кангрэсмены заяўлялі аб абуральным парушэнні канстытуцыйных правоў шматлікіх удзельнікаў таго штурму, якіх да суда і следства ўтрымліваюць пад вартай у жудасных умовах.
Вольная трактоўка міжнароднага публічнага права, палітыка двайных стандартаў, розныя інструменты ціску на непажаданыя краіны – сталі нормай для калектыўнага Захаду. Тое ж і з рэалізацыяй асноўных палажэнняў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Наогул, бязгрэшнасць калектыўнага Захаду ў пытаннях захавання правоў чалавека – адзін з самых устойлівых стэрэатыпаў, які дзесяцігоддзямі навязваецца іншым дзяржавам. Надыйшоў час пазбаўляцца ад гэтых шаблонаў і стэрэатыпаў.
Я так думаю, а вы?