Падзяліцца:
«Рана вайны – незагойная! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.03.2021
«Рана вайны – незагойная! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Выйсці на ганак і даць некалькі чэргаў з аўтамата ў бок агарода – такая забаўка была ў памагатага нямецкага афіцэра, які пасяліўся ў доме маіх родных летам 1941-га. Усёй сям’і прыйшлося перабрацца ў зямлянку, якую хуценька змайстравалі ў канцы саду, у малінніку. Першай ахвярай ліхой страляніны стала Жучка, пакінуўшы 5 шчанюкоў, затым прыгажун певень, які галасіста будзіў усю вуліцу, некалькі кур, каза. Аднойчы куля трапіла ў нагу прадзеда, што, паўзучы, дабіраўся да калодзежа па ваду…

Як жылі-выжывалі пры нацысцкай акупацыі, як хаваліся ад вывазу ў Германію, як ратавалі суседку-яўрэйку ад гета, як вытрымалі допыты, дзе знаходзіцца муж маёй бабулі (нехта ж з фашысцкіх прыспешнікаў данёс у камендатуру, што той – афіцэр Чырвонай Арміі) – гісторыя асобная, страшная па сутнасці і эмацыянальным напале. У кожнай беларускай сям’і ёсць такая…

Пра сваю я даведалася ад маці, калі пацікавілася, што там за яма ў малінніку, парослая травою? У адказ пачула: «Гэта наш земляны дом падчас вайны і пасля, бо дом драўляны спалілі фашысты пры ўцёку ў чэрвені 1944-га». Ці можна такое чуць без слёз, смутку, абурэння, як можна забыць, дараваць акупантам, забойцам, іх памагатым?

На беларускай зямлі фашысцкія захопнікі пакінулі жудасны, крывавы след, беды і маштабнае разбурэнне. Спалена, энішчана і разрабавана 209 гарадоў, 9200 вёсак і паселішчаў. Гэта быў загадзя распрацаваны, абдуманы і мэтанакіраваны план знішчэння людзей, генацыд усяго беларускага народа, рабаўніцтва нацыянальнага багацця краіны, ліквідацыя дзяржаўнага строю. Злачынствы акупантаў па сваёй масавай страшнай жорсткасці не ведалі сабе роўных. Беларусь больш, чым якая іншая краіна Еўропы пацярпела ад нацызму. На алтар вайны яна паклала кожнага трэцяга свайго жыхара.

За гады акупацыі гітлераўцы разам з калабарацыяністамі правялі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх знішчылі амаль 5 з паловай тысяч вёсак. Страшным сімвалам іх злачынстваў на нашай зямлі стала вёска Хатынь, спаленая разам з 149 жыхарамі. Яе лёс падзялілі 188 такіх жа так і неадноўленых населеных пунктаў. На тэрыторыі Беларусі акупанты стварылі 260 лагераў смерці, 186 яўрэйскіх гета, дзе масава знішчалі людзей. Толькі ў лагеры вёскі Трасцянец загінулі больш за 206 тысяч чалавек. На прымусовыя работы ў Германію былі вывезены каля 400 тысяч, у тым ліку 24 тысячы дзяцей, больш за 173 тысячы там і загінулі. Страшныя лічбы на сэрцы, незагойная рана Беларусі…

Чаму ўзгадваю гэта? Днямі па ўсёй краіне прайшлі жалобныя мерапрыемствы на месцах нашай гістарычнай памяці. Хатынь, Дальва, Ала, Боркі, Азарычы… і многія іншыя, дзе вайна пакінула свой крывавы след. Прыйшлі тысячы людзей розных узростаў, веравызнанняў, каб пакланіцца подзвігу нескаронага беларуса, народа-пераможцы. Але знайшліся «Іваны Непомняшчыя», якія залямантавалі: «Навошта зноў пра вайну, колькі можна жыць мінулым, трэба думаць пра будучыню». Забыліся «неверагодныя», што без мінулага, яго ўрокаў будучыню не пабудуеш.

Сутыкаючыся з падобнымі выказваннямі ў віртуальнай прасторы, да мяне разам з абурэннем прыходзіць думка: якое ж трэба мець сэрца, каб не адчуваць боль ад незагойнай раны вайны, як можна быць такім блізарукім, каб не бачыць, што падняліся сілы рэваншу, якія жадаюць паўтарэння бліцкрыгу. Зброя ў іх сёння іншая, але мэта ранейшая, заснаваная на ідэалогіі фашызму: падзяліць людзей на «лепшых» і «дрэнных», навязаць чужыя ідэі і каштоўнасці, перапісаць гісторыю і ўладарыць на нашай зямлі па іх законах.

Зноў узгадаю і правяду паралель: на тэрыторыі Беларусі нацысты адкінулі ўсе міжнародныя прававыя нормы, учыніўшы сапраўдны генацыд народа, і вось ужо сёння ідзе непрыкрытая інфармацыйная вайна супраць нашай краіны, вайна за душы і розум, дзе вораг не грэбуе ні падманам, ні подкупам. Таму невуцтва, гістарычнае бяспамяцтва, бяздумная гераізацыя зайбойцаў і здраднікаў можа прывесці да страты не толькі суверэнітэту краіны, але і ідэнтычнасці беларускага народа, яго самабытнасці і нацыянальнай годнасці. Я так думаю А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: