Падзяліцца:
«Рэферэндуму – так! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.02.2022
«Рэферэндуму – так! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

У маёй сям’і так павялося: галасаваць ходзім датэрмінова. Гэта перш за ўсё вызначаюць умовы працы (журналісты – я і дачка, і звычайна ў асноўны дзень галасавання заняты сваімі прафесійнымі абавязкамі), па-другое, гэта зручна – выбраць прыдатны час, каб без мітусні разам са старэйшымі сем’янінамі завітаць на выбарчы ўчастак. Так, дарэчы, робяць многія: у лісце з прозвішчамі грамадзян, што ўключаны ў спіс для галасавання, звычайна заўважаю не адзін подпіс тых, хто ўжо аддаў свой голас датэрмінова. Як я і мая сям’я.

З заўтрашняга дня таксама можна датэрмінова прыняць удзел у рэспубліканскім рэферэндуме па змяненнях і дапаўленнях у Асноўны закон краіны.

Рэферэндум-2022 – чацвёрты па ліку ў гісторыі незалежнай Беларусі. Першы, нагадаю, адбыўся ў маі 1995 года. Тады кіраўнік дзяржавы вынес на галасаванне жыццёва важныя для краіны ініцыятывы, сярод якіх – наданне рускай мове разам з беларускай статусу дзяржаўнай, эканамічная інтэграцыя з Расіяй, пытанні па дзяржаўнай сімволіцы і змененнях у Канстытуцыю. Трэба адзначыць, беларусы дружна прагаласавалі за дзве дзяржаўныя мовы і цесныя эканамічныя стасункі з Расіяй – больш за 83%, за новую дзяржаўную сімволіку – 75% і амаль 78% – за змяненні ў Асноўны закон.

Па выніках другога рэспубліканскага рэферэндуму, які прайшоў у лістападзе 1996 года, Беларусь стала прэзідэнцкай краінай і Дзень Незалежнасці набыў свяшчэнную для беларусаў дату – 3 ліпеня, за якую прагаласавалі больш за 88% грамадзян.

Чарговыя змяненні ў Канстытуцыю былі прыняты па выніках рэферэндуму 17 кастрычніка 2004 года. Яны давалі магчымасць Прэзідэнту краіны выбірацца на гэты пост без абмежавання тэрмінаў. Гэта падтрымалі амаль 80% галасуючых, а ўдзел у плебісцыце прынялі больш за 90% грамадзян, унесеных у спіс для галасавання.

Неабходна адзначыць, што беларусы заўсёды вызначаліся высокай грамадзянскай актыўнасцю на выбарах і рэферэндумах. Гэта, мабыць, у нашай генетычнай памяці – сур’ёзныя справы рабіць гуртам, талакою, разам вырашаць жыццёва важныя праблемы і пытанні. А рэферэндум – гэта адзін са спосабаў удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў, значных для дзяржавы і для кожнага асобнага грамадзяніна. Слоўнік замежных слоў так і тлумачыць: рэферэндум – усенароднае галасаванне па якім-небудзь важным пытанні дзяржаўнага жыцця. Нездарма яго вызначаюць як найважнейшы інстытут прамой дэмакратыі.

І вось у чарговы раз мы будзем разам выбіраць далейшы шлях развіцця нашай краіны, замацаваўшы яго асноўныя палажэнні ў адноўленай Канстытуцыі.

Што асабіста мне імпануе і чаму я скажу на рэферэндуме «так»?

Па-першае, гэта – заканадаўчае афармленне самабытнай мадэлі беларускага народаўладдзя – наданне канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу. Згадзіцеся, наш Усебеларускі народны сход – гэта ўвасабленне глыбокай гістарычнай традыцыі, пачынаючы ад Полацкага веча, Усебеларускага з’езда 1917 года, Народнага сходу Заходняй Беларусі 1939 года. І ўсе шэсць Сходаў, якія адбыліся ў найноўшы час, адыгралі значную ролю ў развіцці незалежнай Беларусі, дазволілі кансалідаваць беларускае грамадства ў лёсавызначальныя перыяды, сталі пляцоўкай для шырокага агульнанацыянальнага дыялогу. І зараз становіцца вышэйшым прадстаўнічым органам, які будзе выконваць стабілізуючую і кансалідуючую функцыі ў грамадстве.

Па-другое, новы Асноўны закон замацоўвае ў прававым полі канцэпцыю зноў жа адметнай беларускай мадэлі развіцця: моцная дзяржава, сацыяльна-арыентаваная эканоміка, традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці. Вышэйшай службовай асобай працягвае быць Прэзідэнт, павышаецца роля Парламента, узмацняюцца пазіцыі Урада. Прынцып сацыяльнай дзяржавы захоўваецца ў якасці адной з цаглін у падмурку канстытуцыйнага ладу краіны: шлюб, сям’я, мацярынства, дзяцінства і надалей будуць пад аховай дзяржавы, сацыяльная падтрымка гарантавана ўсім, хто мае патрэбу, а маладзёжная палітыка дае шырокія магчымасці для рэалізацыі патэнцыялу новага пакалення.

У сваю чаргу дзяржава разлічвае на партнёрскія адносіны са сваімі грамадзянамі, каб кожны перш за ўсё сам клапаціўся аб сваім здароўі, дабрабыце сям’і, ну а ўлада падставіць плячо калі неабходна. Будзем шчырыя, утрыманская псіхалогія, на жаль, існуе ў некаторай часткі насельніцтва, і ад гэтага неабходна пазбаўляцца.

Безумоўна, новая Канстытуцыя па-сапраўднаму народная. Над ёй працавалі не толькі прафесіяналы – члены Канстытуцыйнай камісіі, юрысты, навукоўцы, вядомыя дзеячы, – але і многія-многія нераўнадушныя грамадзяне. Больш за 10 тысяч прапаноў, заўваг атрымана пры ўсенародным абмеркаванні праекта Асноўнага закона на дыялогавых пляцоўках, сустрэчах у працоўных калектывах, падчас работы грамадскіх прыёмных. Усе сабраны, прааналізаваны, найбольш канструктыўныя знайшлі месца ў тэксце Канстытуцыі, некаторыя будуць улічаны пры распрацоўцы заканадаўчай базы, адпаведнай будучаму Асноўнаму закону.

Больш за 6 мільёнаў 800 тысяч грамадзян уключаны ў спісы для галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме 2022 года. І ад голасу кажнага будзе залежаць яго вынік. Думаю, ён будзе станоўчы! Грамадская ініцыятыва «Мы разам – за Беларусь!» у падтрымку рэферэндуму атрымала шырокі размах. Працягваюць дзейнічаць дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы ў калектывах. Маніторынг грамадскай думкі сведчыць: беларусы за паступальны рух наперад разам з новай Канстытуцыяй.

І я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: