Гэтая навіна, якая прыйшла з далёкага Марока, узрадавала ўсіх аматараў айчыннага народнага мастацтва. Беларускае саломапляценне ўнеслі ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Рашэнне аб гэтым прынята на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта ў сталіцы Марока Рабаце.
“Саломапляценне Беларусі: традыцыі, рамяство, уменне” стала пятым беларускім аб'ектам у Спісе. У ім ужо прадстаўлены калядны абрад “Калядныя цары” вёскі Семежава, урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе, вясновы абрад “Юр'еўскі карагод” у вёсцы Пагост і культура ляснога бортніцтва Беларусі.
І ў гэтай сувязі мне ўзгадаўся далёкі ўжо 1981 год і мая журналістская камандзіроўка ў якасці ўласнага карэспандэнта Беларускага радыё на Браслаўшчыну. Мне разам з іншымі справамі рупіла пабываць у вёсцы Слабодка, дзе па расповядах знаёмых мастакоў жыў народны ўмелец Пятро Карэнік, які майстраваў арыгінальныя саламяныя брылі. Менавіта да яго звярталіся нешматлікія ў той час турысты, якія наведвалі на адпачынак гэты цудоўны край. Брылі не толькі добра абаранялі галаву ад сонца, але былі сапраўды прыгожымі і арыгінальнымі.
Той першы такі выраб, які я набыў тады ў майстра, да гэтага часу захоўваецца ў мяне як унікальны твор народнага мастацтва. Тады я і зрабіў свой першы рэпартаж пра ўмельца, а калі праз год зноў прыехаў у Слабодку, дазнаўся, што колькасць заказаў на саламяныя вырабы ў яго і аднавяскоўцаў Міхаіла Чэркаса і Івана Трашчынскага павялічылася ў разы. У 70-80-я гады гэта былі адзіныя майстры, якія працавалі па заказах аднавяскоўцаў, турыстаў і беларускіх музычных калектываў. У 1991 годзе быў створаны браслаўскі Дом рамёстваў, пры якім пачала працаваць секцыя саломапляцення і з’явіліся новыя майстры, што працягваюць традыцыю пляцення саламяных капелюшоў.
Сакрэты майстэрства выплятання саламяных стужак і сшывання іх у цэльны выраб захаваліся на Браслаўшчыне і да нашых дзён. З архіўных матэрыялаў вядома, што ў 1912 годзе ў Дрысвяцкай школе народных промыслаў існавала секцыя па пляценні саламяных капелюшоў з саломкі. Лепшыя вырабы прымалі ўдзел у выставах хатніх промыслаў у Вільні, дзе атрымалі дыплом на вялікі сярэбраны медаль. З пачаткам Першай сусветнай вайны ўся праца была прыпынена, але мясцовае насельніцтва працягвала пляценне саламяных капелюшоў для сваіх патрэб. Аднак мода зменлівая: пачынаючы з 1950-х гадоў, яны пачалі страчваць сваю папулярнасць. З вынаходніцтвам новых сінтэтычных матэрыялаў і машыннай апрацоўкі ручная вытворчасць стала паступова забывацца.
І ўсё ж паступова прыйшло разуменне, што гэта сапраўднае мастацтва, што гэта адзнака самабытнасці і таленту нашага народа, хаця да міжнароднага прызнання гэтага майстэрства быў яшчэ не адзін год.
Як сведчаць навукоўцы, на Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. За плячамі гэтага рамяства не адна тысяча гадоў. Старадаўнія звычаі вырабу з саломкі рытуальных жывёл, лялек цяпер прыйшлі і ў наша жыццё, сталі тэмай для творчасці многіх сучасных майстроў і мастакоў. Саломапляценне захоўваецца і развіваецца нашымі сучаснікамі як адна з самых вялікіх культурных і духоўных спадчын нашага народа. Дзякуючы работам мастакоў, майстроў, мастацтваведаў, беларускае саломапляценне годна ўваходзіць у скарбніцу дасягненняў сусветнай мастацкай культуры, пра што сведчыць і нядаўняе рашэнне камітэта ЮНЭСКА.
І калі мы гаворым пра наш нацыянальны гонар, пра высокі патрыятызм і любоў да сваёй Радзімы, унясенне ў спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны яшчэ аднаго беларускага аб'екта мае важнае значэнне для адчування ўласнай прыналежнасці да глыбінных традыцый народа.