Гэтыя радкі прыходзілі мне ў памяць у мінулую суботу ў Вязынцы на чарговым свяце паэзіі ля сціплай хаты, дзе нарадзіўся маленькі Ясь, якому было наканавана стаць нацыянальным геніем Янкам Купалам.
Як заўсёды гучалі вершы і песні, наваколле поўнілася цудоўным водарам роднага слова, прызнаннямі ў любові да свайго краю, які нараджае паэтаў і мысляроў, хлебаробаў і рупліўцаў культуры і навукі.
Роднае слова і нацыянальныя песні разносіліся пад вечаровае неба і на свяце «Александрыя збірае сяброў».
Гэтыя летнія дні падарылі нямала цікавых сустрэч, фестываляў, вандровак па родным краі. А мне прыгадалася паездка ў невялікі гарпасёлак Шаркаўшчына на сціплае, але значнае для мясцовых жыхароў мерапрыемства – юбілей мясцовага паэта і празаіка.
Гэтыя радкі належаць майму даўняму знаёмаму Міледзію Мікалаевічу Кукуцю з Шаркаўшчыны.
Пазнаёміліся мы з інжынерам упраўлення сельскай гаспадаркі Шаркаўшчынскага райвыканкама не падчас маіх рэпартажаў на радыё, а я часта бываў у гэтых мясцінах.
Нечакана гэты высокі мажны чалавек прывёз на мой карпункт Беларускага радыё ў Наваполацку рукапіс вершаў і аповесці.
І хоць творы неслі пакуль вучнёўскі пачатак, праглядаўся талент і жыццёвы вопыт чалавека.
Пасля працы над рукапісам паявілася першая кніга, якую выдала у Наваполацку галерэя «Рыса» пад назвай «Адзін дзень і ўсё жыццё». Гэта быў 1967 год.
Цяпер Міледзій Мікалаевіч аўтар кніг «Чысціня душы» (2008), «На сёмым небе» (2013) і іншых. У 2013 годзе з аповесцю «На сёмым небе» Міледзій Кукуць заняў другое месца ў Рэспубліканскім літаратурным конкурсе на лепшы літаратурны твор года ў намінацыі «Проза».
З 2006 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Вершы Міледзія Кукуця, у тым ліку і верш-прысвячэнне «Шаркаўшчынскі край», які стаў своеасаблівым гімнам раёна, апублікаваны ў калектыўным зборніку паэзіі «Шаркаўшчынскаму краю».
У залу дзіцячай бібліятэкі сабраліся тыя, хто добра ведае юбіляра, мясцовыя творцы, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна.
Семдзесят гадоў свайго жыцця Міледзій Мікалаевіч быў адданы роднаму краю, рос, сталеў, набіраўся мудрасці, гадаваў дзяцей.
Цяжкое дзяцінства не заланіла для яго прыгажосць роднай зямлі, шчырае захапленне прыродай і людзьмі.
І землякі плацілі і плоцяць яму павагай і любоўю. Калі сабраць усе словы і прызнанні ў той дзень, то атрымалася б цэлая сага адданасці і любові.
Такія розныя падзеі, але так многа таго, што яднае іх – гэта наша цудоўная зямля, яе мудры і спеўны народ.
Ад роднай нівы… Словы класіка адгукнуліся праз многа гадоў і ў святочнай Александрыі, і ў сціплым прыдзісенскім мястэчку, і ў маім родным Полацку, і самых розных кутках нашай Беларусі.
Ад родных ніў вядуць дарогі ў зыркі прасцяг, і ў чыстыя мроі і ў светлыя надзеі і памкненні маіх землякоў. І хай так будзе і надалей!