Падзяліцца:
«Роздум. Адчуўшы прыгажосць роднага слова...» Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.01.2020
«Роздум. Адчуўшы прыгажосць роднага слова...» Радыёблог Навума Гальпяровіча

«Гэта быў цудоўны дзень. Наша мова жыве i будзе жыць заўжды! Наперад, Беларусь!» Так напісаў на сваёй старонцы ў інтэрнэце знакаміты наш спартсмен, неаднаразовы прызёр Алімпійскіх гульняў Вадзім Дзевятоўскі.

Вадзім не філолаг, не мовазнаўца, не пісьменнік і не артыст. Сёння ён узначальвае Федэрацыю лёгкай атлетыкі нашай краіны, член Нацыянальнага Алімпійскага камітэта. Але ўжо каторы год ён з'яўляецца ініцыятарам і арганізатарам конкурсу юных чытальнікаў твораў беларускіх пісьменнікаў на сваёй радзіме – у Полацку і Наваполацку.

Разам з калегамі з наваполацкай суполкі грамадскага аб'яднання «Белая Русь» яны арганізоўваюць штогод такія конкурсы ва ўсіх школах Полацка і Полацкага раёна, а таксама Наваполацка. Лепшых выбіраюць на заключным этапе ў Наваполацку, а затым фіналісты разам з настаўнікамі прыязджаюць у сталіцу.

Арганізатары стараюцца, каб у кожны свой прыезд дзеці не толькі выступілі перад аўтарытэтным журы, а наведалі памятныя і знакавыя мясціны Мінска. У папярэднія гады яны пабывалі ў музеях Вялікай Айчыннай вайны. Янкі Купалы, Нацыянальнай бібліятэцы.

Вось і сёлета іх гасцінна прыняў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сярод тых, хто ацэньваў творчасць юных чытальнікаў, былі вядучыя майстры купалаўскай сцэны, дэпутаты, педагогі. І кожны падкрэсліваў, што пераможцамі па вялікаму рахунку сталі ўсе ўдзельнікі, якія прадэманстравалі выдатнае валоданне мовай, любоў да айчыннай літаратуры, мастацкага слова.

Нездарма сярод твораў, якія дэкламавалі юныя артысты, гучаў славуты верш Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня» і вядомыя ўсім радкі з яго пра наш край:

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок...

Гэтыя радкі, неўзабаве, узгадваюцца, калі на п'едэстале гонару мы бачым нашых славутых спартсменаў і пад гукі гімна роднай краіны ўздымаецца сцяг Беларусі. І тут мне хацелася б сказаць, што самым высокім праяўленнем патрыятызму можа быць менавіта такая вось работа, такія канкрэтныя крокі, каб перадаць нашым юным грамадзянам шчырыя пачуцці любові да сваёй Радзімы, роднай мовы.

Разам з тым, яшчэ раз варта падкрэсліць і ролю настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, бо не толькі прывіць дзецям уменне ведаць правілы і разбіраць сказы іх галоўная задача, а даць магчымасць адчуць усю прыгажосць і сакавітасць роднага слова, заўважыць тое важнае і значнае, што нясе гэтае слова людзям.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: